Галоўны ўрок бізнэсу: “Кожны бізнэсмэн разьлічвае толькі на сябе”

Прадпрымальнік cпадар Уладзімер з Горадні займаецца турыстычным бізнэсам. У гэтай сфэры дзейнасьці ён ужо каля 10 гадоў.
“Чаму вы займаецеся бізнэсам?”

“Гэта, напэўна, найболей адпавядае майму тэмпэрамэнту, дакладней, гэта тое, што ў мяне найлепей у жыцьці атрымліваецца. Я не малюю абразоў, не пішу вершаў, але займаюся бізнэсам, бо гэта маё”.

“Які галоўны ўрок для вас ад заняткаў бізнэсам?”

“Напэўна, на кожным этапе былі свае галоўныя ўрокі, але агульнае тое, што кожны бізнэсмэн разьлічвае толькі на сябе. Думаю, што гэта галоўная выснова з маіх 10 гадоў у бізнэсе”.

“Што было самым цяжкім і якую параду вы можаце даць чалавеку, які хоча пачаць бізнэс у вашай галіне?”

“Самым цяжкім быў для мяне працэс станаўленьня. І галоўнае было ставіць рэальныя задачы, каб іх выкананьне не расьцягвалася на гады, а прыносіла вынікі своечасова. Інакш чалавек можа перагарэць і нічога не атрымаецца. Трэба быць рашучым і не баяцца ў сваіх дзеяньнях”.

“Якой спакусы ці памылкі трэба пазьбягаць любым коштам?”

“Спакусы грошай, каб іх зарабляньне ня стала галоўнай мэтай твайго бізнэсу. Грошы павінны быць другасным, ад працы найперш чалавек павінен атрымліваць задавальненьне. Трэба памятаць, калі ад найманага работніка пераходзіш у гаспадары, што гэта розныя іпастасі, іншая адказнасьць”.

“Як ставяцца да вашай бізнэс-кар’еры родныя?


“Я думаю, што яны задаволеныя, што ў мяне нешта атрымалася”.

“Ці варта браць сваякоў у бізнэс?”

“Складанае пытаньне, але ўсё ж думаю, што лепей — не, чым — так. Гэта папросту накладае на цябе дадатковыя абавязкі, а лепей іх ня мець”.