У абласьцях Беларусі да канца году будуць зачыненыя яшчэ 65 сельскіх бібліятэк. Гэтая навіна ад Міністэрства культуры прыпала якраз на Дзень бібліятэк, які адзначаецца сёньня ў Беларусі.
Меншчына
Бібліятэка ў Будславе атрымала падарунак ад Нацыянальнага санктуарыюУ Будслаўскай сельскай бібліятэцы на Меншчыне — сьвята. Сьвятар Нацыянальнага санктуарыю Маці Божай Будслаўскай айцец Віктар папоўніў кніжны фонд духоўнай літаратуры.
“Ксёндз адмыслова запрасіў мяне на імшу, — расказвае загадчыца бібліятэкі Галіна Аксючыц. — У касьцёле было шмат народу. Мяне выклікалі ажно да алтара. І ўрачыста падарылі кнігі, у тым ліку “Біблію”, “Катэхізіс каталіцкага касьцёлу”. Адбылася нават кароткая прэзэнтацыя твораў. Было патлумачана пра кожнае выданьне. І таксама ксёндз паабяцаў, што будзем дапамагаць і надалей”.
Галіна Аксючыц — вэтэран бібліятэчнай справы. Яна кажа, што бібліятэка ў вёсцы вядзе летапіс жыцьця, захоўвае для нашчадкаў культуру рэгіёну:
“Бібліятэкай зроблена папка “Жыві, мая вёска Будслаў”. Яшчэ адна — “Сьцежкамі жыцьця Паўліны Мядзёлкі — гераіні купалаўскай “Паўлінкі”. Таксама захоўваецца вельмі даўняя кніга, у якой партрэт нашай зямлячкі. І шмат яшчэ цікавага матэрыялу”.
Берасьцейшчына
Улада змушае бібліятэкара да агітацыі і прапаганды, але плаціць па мінімумеБез выходных і сьвятаў працуюць цяпер бібліятэкары Кобрынскага раёну. Райцэнтар у наступныя выходныя будзе прымаць агульнанацыянальны фэст-кірмаш “Дажынкі-2009”.
“Кожны зь бібліятэкараў замацаваны за пэўным калектывам — танцавальным, музычным і г.д. Будзем іх даглядаць, карміць і нават спаць укладваць…” – расказвае бібліятэкарка спадарыня Алена.
Cуразмоўніца скардзіцца, што цяперашнія ўлады ўцягваюць бібліятэкараў у палітычную агітацыю і выбарчыя кампаніі. Заробак жа застаецца мінімальны:
“Шараговы бібліятэкар атрымлівае ўсяго 300 тысяч рублёў. Я ня ведаю, чаму наша праца не ацэньваецца. Але… Пра гэта ўлады не гавораць у час крызісу”.
У Кобрынскім раёне засталося 45 сельскіх бібліятэк. Раней было — 72.
Гомельшчына
“Ня кожны чалавек пагодзіцца працаваць у сельскай бібліятэцы”Гутарку пра цяперашні стан сельскіх бібліятэк працягвае Вераніка Сьцяпулькіна — вядучы бібліятэкар Гомельскай абласной унівэрсальнай бібліятэкі імя Леніна:
“Ня кожны чалавек пажадае працаваць у сельскай бібліятэцы, будынак якой не ацеплены і няма тэлефона. Як у такіх умовах увогуле даносіць нейкую інфармацыю пра грамадзтва, якое нібыта разьвіваецца, і гэты бібліятэкар — таксама?”
На Гомельшчыне сёньня каля 500 сельскіх бібліятэк. Яшчэ больш як 700 зачыненыя пры цяперашняй уладзе.
Гарадзеншчына
У Лідзе бібліятэцы вярнулі стары будынакНя лепшая сытуацыя бібліятэк у раённых гарадох і вёсках на Гарадзеншчыне.
Спачатку мы патэлефанавалі Станіславу Судніку, рэдактару газэты “Наша слова” і часопісу “Лідзкі летапісец”. Ён якраз быў у новай лідзкай бібліятэцы. Сёньня, у Дзень бібліятэк, адбылося яе ўрачыстае адкрыцьцё.
А што будзе зь вясковымі бібліятэкамі на Лідчыне?
“Баяцца таго, што ў нейкай вёсцы зачынілася бібліятэка, дзе вымерлі ўсе людзі, ня варта, – лічыць Суднік. – Але там, дзе малыя вёскі былі некалі зьведзеныя ў вялікія, там не зачыняюцца бібліятэкі, там працуюць сельгаспрадпрыемствы і там нічога не пагражае бібліятэкам. Калі дробная вёска ня мае пэрспэктывы, дык і бібліятэка там пэрспэктывы ня мае. Але бібліятэка як зьява на вёсцы павінна існаваць, і яна будзе існаваць”.
“Хаця б мець 5—6% вяскоўцаў, якія цягнуцца да бібліятэк, а астатнія імі будуць кіраваныя. Але пакуль што не дацягваем і да гэтага адсотка”
Паэт Алесь Жамойцін даўно жыве ў Кушлянах Смаргонскага раёну, загадвае Літаратурна-мэмарыяльным музэем-сядзібай Францішка Багушэвіча. Яго меркаваньне пра вясковыя бібліятэкі:
“Яны працуюць, але цікавасьць людзей да бібліятэкі ўжо ня тая. Працягвае чытаць кніжкі на вёсцы той, хто ў патэнцыяле не сап’ецца і ў наркату ня кінецца, той, у кім дзядоўская лінія сядзіць моцна. Да іх можна аднесьці людзей, якія не настолькі востра нацыянальна выражаныя, але тым ня менш стараюцца сябе праявіць, перш у тых галінах, якія патрабуюць творчасьці. Вось гэтыя людзі цягнуцца да бібліятэк, але іх невялікі працэнт. Нам хаця б пяць-шэсьць адсоткаў гэтых людзей мець, і ўся астатняя маса будзе імі кіраваная. Але пакуль што мы не дацягваем да гэтых пяці адсоткаў...”