Сёлета ў Беларусі перапрацоўчыя заводы істотна зьнізілі кошты закупу на садавіну й гародніну. Спадзяваньні многіх людзей на дадатковы прыбытак ад вырашчанага на гародзе ці лецішчы не апраўдваюцца.
Сёньня рэгіянальныя карэспандэнты “Свабоды” даведваліся, як адбіўся крызіс на на тых, хто мае ўласныя сады і гароды.
Віцебшчына
“З бульбай сёлета аўрал. Морквы, бурачкоў, яблыкаў — усяго менш, чым летась”
Былая аршанская настаўніца Марыя Сасноўская сёлета стала пэнсіянэркай. Дасюль праца на лецішчы была для яе толькі заняткам на выходныя, але ўвесну гэтага году давялося задумацца пра тое, што менавіта ўласныя грады забясьпечаць сям’ю гароднінай ды садавіной. Але надзеі на вялікі ўраджай ня спраўдзіліся, кажа спадарыня Марыя:
“Хатка ў мяне ў вёсцы Андрэеўшчына, што на пад’езьдзе да Воршы. Там у мяне градкі. Дык з бульбай сёлета — аўрал! Яна ў мяне была сартавая, пад Менскам адмыслова купляла. Але колькі пасадзіла, столькі й выкапала. Літаральна на вёдры! У мяне так, дык спытала ў іншых — і ў іх тое самае. Моркаўкі, бурачкоў, яблыкаў — усяго менш, як летась. Невялікі ўраджай”.
“Крызіс беларус не адчувае, бо крызіс у нас даўно”
Марыя Сасноўская кажа, што гародніну на зіму давядзецца купляць — вырашчанага ня хопіць нават для яе ўдваіх з мужам, таксама
Крызісу беларус не адчувае, бо крызіс у нас ужо даўно.
“Скажу так: крызісу беларус не адчувае, бо крызіс у нас ужо даўно. Але як наша дзяржаўная прапаганда гаворыць, што ў нас усё добра, дык і ў галовах у людзей усё добра: яны што ўзялі зь зямлі, тое зьелі ці ў слоік закаталі, і ўсё!”
На думку Марыі Сасноўскай, каб прыватная гаспадарка сталася сапраўдным антыкрызісным паратункам, да яе павінен быць зусім іншы падыход:
“Каб узяць што-небудзь зь зямлі, дык у яе спачатку трэба ўкласьці. Угнаеньні набыць. І маленькіх трактараў для апрацоўкі ў нас дагэтуль няма. І коні зьвяліся — ужо амаль няма на вёсцы тых коней. І трэба ж яшчэ самому папрацаваць, горб сагнуўшы…”
Гарадзеншчына
Рэнклёды і вэнгеркі не патрэбныя ў Беларусі
На Гарадзеншчыне сёлета добры ўраджай так званых цёмных сьліваў — рэнклёдаў і вэнгерак, але на нарыхтоўчых пунктах вобласьці іх не прымаюць. Праблему дасьледуе Міхал Карневіч.
У мястэчку Алекшыцы Бераставіцкага раёну ёсьць свой нарыхтоўчы пункт, дзе прымаюць садавіну і гародніну.
Спадар Яўген ужо каторы раз прыходзіць сюды з надзеяй здаць сьлівы — рэнклёды і вэнгеркі, якія ў яго сёлета ўрадзілі.
Спадар: “У мяне былі сьлівы, цяпер ужо можна так сказаць. А ў нарыхтоўчай канторы сьліў не прымалі, а было напісана, што прымаюць алычу і яблыкі”.
Карэспандэнт: “Скажыце калі ласка, а куды вы падзелі свае сьлівы?”
Спадар: “Нікуды, яны ў мяне тут усе падаюць на зямлю. У гэтым годзе шмат сьліваў ва ўсіх, а збыту няма”.
У Бераставіцкай нарыхтоўчай канторы загадчыца, спадарыня Надзея пералічвае тое, што яны прымаюць.
Спадарыня: “Прымаем бульбу, капусту, алычу, яблыкі... а вось сьліву не бярэм, паколькі ў нас заводы не прымаюць. Была дамоўленасьць з Мар’інай Горкай, але пасьля і яны адмовіліся”.
Няма збыту, няма рэалізацыі, і ўсё гэта прападае.
Яблыкі прымаюць у людзей па 210 рублёў за кіляграм. Спадарыня Надзея кажа: гэтак танна таму, што заводы бяруць у іх па 280 рублёў. Яблыкі на Гарадзеншчыне накіроўваюць пераважна на вінаробчыя заводы ў Слонім і Дзятлава.
Пытаюся ў спадара Яўгена — ці задавальняюць яго такія кошты?
Спадар: “Досыць нізкія кошты — 210 рублёў за кіляграм яблыкаў — досыць нізкія. Што ж гэта за грошы, калі яблыкі ж трэба выгадаваць, зьняць, пагрузіць і завезьці...”
Магілёўшчына
Прынялі б, ды клопату багата
На Магілёўшчыне праблемы ў эканоміцы змушаюць людзей шукаць дадатковыя крыніцы папаўненьня сямейных бюджэтаў. Адзін зь іх — продаж садавіны. Аднак з гэтым і тут цяпер вялікія праблемы. Удакладняе журналіст Андрэй Белагубаў.
Самы хадавы тавар у нарыхтоўшчыкаў садавіны — яблыкі. Перапрацоўчыя прадпрыемствы рэгіёну закупляюць іх у вялікай колькасьці, праўда, па нізкім кошце. Што да сьліў, алычы і іншых культур, то клопату зь імі багата. Гаворыць бабруйскі фэрмэр Уладзімер:
“Няма збыту, няма рэалізацыі, і ўсё гэта прападае. У нашай вобласьці адзінае прадпрыемства — гэта Быхаўскі кансэрвавы завод, які за бесцань можа прыняць дадзеную прадукцыю. Гэтая вытворчасьць тут толькі сэзонная. Завод ня можа сьлівы замарозіць, а пасьля перапрацоўваць. Перапрацоўваюць толькі ў сьвежым выглядзе, а гэта — месяц, паўтара”.
Віно на зношаным абсталяваньні
Бліжэйшае да фэрмэра прадпрыемства перапрацоўкі — Бабруйскі завод напояў. Ён наагул не прымае сьлівавыя культуры:
“Мы ня можам перапрацоўваць. У нас няма такога абсталяваньня. У нас абсталяваньне старое, зношанае”, — тлумачыць супрацоўніца нарыхтоўчага аддзелу заводу.
З афіцыйных крыніцаў вядома, што ў Быхаве гатовыя закупіць у насельніцтва толькі пяць тон сьліў. Супрацоўніца кансэрвавага заводу тлумачыць, чаму:
“Сьліва мясцовая нам ня дужа пасуе. Яна драбнаватая. Яе можна толькі на пюрэ запускаць. Аднак пюрэ ня дужа карыстаецца попытам. Калі ж рабіць джэмы, то гэта патрэбна добрая, вялікая сьліва, каб лёгка аддзялялася костка. Такіх гатункаў не хапае ў Беларусі”.
Праблемы абцяжарваюцца забаронамі чыноўнікаў
“Мы хацелі б выпускаць імпартазамяшчальную прадукцыю. Аднак у сувязі з сытуацыяй, што імпарт трэба скарачаць, ня можам закупіць некаторыя віды патрэбнай нам сыравіны. Мы ня можам у Малдове закупіць пэрсікаў, груш, абрыкосаў, каб вырабіць у нас тут джэмы”.
Меншчына
Сёлета ўрад прыпыніў фінансаваньне дзяржаўнай праграмы разьвіцьця пладаводзтва, разьлічанай да 2010 году.
Сад – пад высечку
У фінансавы крызіс трапіла цяпер і фэрмэрская гаспадарка “Расток плюс”, што на Меншчыне. Гэта вынікае са скаргі эканаміста Тамары:
“У нас два гектары саду, вырошчваем гібрыдную алычу. Цяпер вось думаем, што рабіць з гэтым садам. Можа, давядзецца нават высякаць. Вельмі дорага каштуе яго ўтрымліваць. А ўраджай цяпер асыпаецца і гніе на зямлі, бо заводы не бяруць садавіну”.
“У Беларусі ў садаводзтве паўтараецца сытуацыя так званых хрушчоўскіх 1960-х гадоў”
Каб дапамагаць садаводам, у Беларусі створана асацыяцыя “Белсадгадавальнік”. У яе складзе — 119 суб’ектаў гаспадараньня, тры інстытуты, дзьве досьледныя станцыі. Але і тут крызіс. Сёлета ўрад прыпыніў фінансаваньне дзяржаўнай праграмы разьвіцьця пладаводзтва, разьлічанай да 2010 году.
“Мы толькі выйшлі на плянавыя пасадкі. І раптам усё гэта абсекчы?! Вось прыклад: у Чавускім раёне стварылі ААТ “Дусен” — там цяпер 600 тысяч саджанцаў стаіць — у даўжыню кілямэтар і ў шырыню паўкілямэтра, як дубкі моцныя дрэўцы”, — кажа сябра асацыяцыі “Белсадгадавальнік”.
Другі спэцыяліст дадае:
“Што цяпер рабіць з гатовымі саджанцамі? Спаліць? У Беларусі, на жаль, паўтараецца сытуацыя 1960-х гадоў”.
Варта нагадаць, што цягам году Беларусь імпартуе каля 50 тысяч тон яблыкаў на 11—12 мільёнаў даляраў.