У інтэрнэце зьявіўся дзёньнік 26-гадовага гамельчука Сяргея Гаўрыліна, які быў блізкі да мясцовых дэмакратычных колаў. Ён прызнаецца, што быў завербаваны супрацоўнікамі УКДБ і апошнія чатыры гады пісаў даносы на гомельскіх лідэраў апазыцыі.
Працаваў пад псэўданімамі спачатку “Эколяг”, а пазьней — “Мэркурый”. У дзёньніку названыя канкрэтныя прозьвішчы гамельчукоў, апісаны некаторыя рэальныя падзеі.
Як паставіліся гомельскія дэмакратычныя актывісты да “адкрыцьцяў Гаўрыліна” і яго стукацтва?
Сяргея Гаўрыліна добра ведае Тацьцяна Бублікава. Яны ў свой час вучыліся ў Гомельскім дзяржунівэрсытэце. Сяргей — на факультэце замежных моваў, Тацьцяна — на філялягічным:
“Сяргей па натуры быў рамантыкам, летуценьнікам. Верыў у ідэалы, яны для яго былі, а, можа, і застаюцца сьвятымі — правы чалавека, дэмакратыя, каханьне зь вялікай літары. І калі нешта не атрымліваецца, калі ён бачыць нейкую чарвяточынку, бачыць тое, што не адпавядае ягоным ідэалам, ён адразу расчароўваецца.
Ня ведаю, якая такая грунтоўная матывацыя павінна быць, каб здаваць людзей, зь якімі ты нейкія справы рабіў. Можа, нават самасьцьвярджэньне. Цікавая акалічнасьць, што ён пастараўся схавацца з інтэрнэтных сацыяльных сетак. То бок я бачу, што ў яго зараз такі нестабільны псыхічны стан”.
У дзеньніку Гаўрыліна згадваецца маладафронтавец Андрусь Цянюта, якога КДБ ня так даўно прызнаваў падазроным у крымінальнай справе за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі:
“Думаю, цалкам верагодна, што ён супрацоўнічаў са спэцслужбамі. Ён прывёў часткова ў дзёньніку рэальныя факты. Напрыклад, што друкаваў для мяне ўлёткі. Распытваў пра сьледчага, які вёў супраць мяне крымінальную справу. Лічу, што Сяргей замучаны двайной гульнёй — і хацеў сысьці прыгожа. Гэта ў ягоным стылі. Прыгожа ў ягоным разуменьні. Сёлета быў прыклад, калі спрабавалі завербаваць Дзяніса Фяськова, сябра “Маладога фронту”. Ён адмовіўся супрацоўнічаць і выклаў інфармацыю ў інтэрнэце. Гэта абавязкова трэба рабіць, каб адсталі. Яны вярбуюць маральна слабых людзей, да якіх можна лёгка падкапацца”.
Гаўрыліна ведаў і Зьміцер Жалезьнічэнка, якога ў свой час двойчы выключалі з унівэрсытэту. Ён нядаўна вярнуўся з войска й зараз спрабуе працягнуць вучобу.
Спадар Жалезьнічэнка кажа, што з Гаўрыліным яны блізка не сябравалі, але разам працавалі над рознымі праектамі. Зьміцер — з адной мэтаю, Сяргей, як высьветлілася, зь іншаю. Але нічога кепскага пра Зьмітра асабіста Гаўрылін ня піша. Ён знаходзіцца зараз за мяжой у больш спакойным і вольным месцы. Таму й вырашыў распавесьці і пра апазыцыю, і пра мэтады працы КДБ:
“Дзёньнік у яго заканчваецца ліпенем гэтага году — меней за месяц таму. Ён кажа, што вырашыў з гэтым скончыць. Ён гэты дзёньнік дапісаў, літаратурна крыху ўпрыгожыў. Там і какецтва шмат, і пэўныя недагаворкі ёсьць. Але ён зь ім папрацаваў, потым знайшоў месца, куды зьехаць. Зьехаў і ў адносна спакойным месцы проста націснуў на гузік “даслаць” — і гэты дзёньнік зьявіўся. Ён падбіраў гэты час пад сябе, а не пад палітычную сытуацыю ў краіне. З гэтай інфармацыяй можна й трэба працаваць. Паказваць тыя ж мэтады вярбоўкі, мэтады працы. Урэшце, трэба паказваць, што са сваімі інфарматарамі “кантора” паступае ня самым лепшым чынам”.
Адзін зь лідэраў гомельскіх дэмакратаў Уладзімер Кацора мяркуе, што “дзёньнік Гаўрыліна” – справа рук спэцслужбаў:
“Я думаю, што ён сам сабе даў характарыстыку ў сваім дзёньніку: “Я всегда был мечтателем, и притом наивным”. Я б дадаў, што ён крайне эгаістычны чалавек. І не бескарысьлівы. Працаваў за грошы ў КДБ і ў апазыцыі, піша, браў грошы. Думаю, што гэта заказны матэрыял, які цалкам рыхтаваўся ў КДБ. Мастацкае аздабленьне ўнёс і Гаўрылін. Па вялікім рахунку, апазыцыя працуе цяпер у такіх умовах, што ёй няма чаго хаваць. Гаўрылін, па ўсім відаць, адпрацаваны матэрыял, і пайшоў, як кажуць, у адвал. Але напрыканцы зрабіў чорную справу — кампрамэтаваць лідэраў гомельскай апазыцыі і ўнесьці ў яе шэрагі раскол”.