Як “Некалькі сказаў” закончылі эру камунізму ў ЧССР

В.Гавэл і П.Пэхачэк

Роўна 20 гадоў таму, 29 чэрвеня 1989 году, у эфіры чэхаславацкай рэдакцыі “Радыё Свабодная Эўропа” прагучала пэтыцыя “Некалькі сказаў”. Тэкст, ня большы за 500 слоў, аб’яднаў грамадзянаў, якія паставілі ўмовы камуністычнаму рэжыму. Пэтыцыя была рэалізавана настолькі прадумана і своечасова, што, паводле гісторыкаў, паскорыла сыход камуністаў і ўласна пераломную “аксамітную рэвалюцыю”.
Пэтыцыю прыдумаў, напісаў і па-рэжысэрску рэалізаваў Вацлаў Гавэл. Яшчэ вясной 1989 году ён быў у турме, і адразу па сваім вызваленьні ў траўні ён паабяцаў напісаць “тэксьцік”, які мог бы акумуляваць тагачасныя пажаданьні ня толькі дысыдэнтаў, але і найшырэйшых пластоў грамадзтва. Такім чынам нарадзіўся тэкст на адну старонку, які заклікаў уладу да сапраўдных і пасьлядоўных сыстэмных зьмен. Канкрэтных патрабаваньняў да ўлады было ўсяго сем:

- каб былі вызваленыя палітвязьні,
- каб перасталі абмяжоўваць свабоду сходаў
- каб перасталі крыміналізаваць розныя незалежныя ініцыятывы
- каб сродкі масавай інфармацыі перасталі быць палітычна маніпуляваныя і цэнзураваныя
- каб паважаліся правы вернікаў
- каб спэцыялісты і грамадзкасьць маглі ўдзельнічаць у абмеркаваньні праектаў, які маюць уплыў на зьмену жыцьцёвага асяродзьдзя
- каб была распачата свабодная дыскусія пра падзеі 50-х гадоў і 1968 году.

Падтрымка пэтыцыі аказалася нават больш масавай, чым чакалася. Успамінае вэтэран чэхаславацкай рэдакцыі “Голасу Амэрыкі” і “Радыё Свабодная Эўропа” Павэл Пэхачэк:

“Гавал сам наўпрост дырыжыраваў – якія дзесяць імёнаў павінны прагучаць ў эфіры “Радыё Свабодная Эўропа” і “Голасу Амэрыкі”, гэтая група павінна была быць добра падабраная – рабочыя побач зь дзеячамі культуры, дысыдэнты, палітыкі, каб кожны раз выглядала, што пэтыцыю падпісваюць людзі самага шырокага спэктру грамадзтва. Мы, як у “Голасе Амэрыкі”, так і на “Свабоднай Эўропе” чыталі тыя імёны кожны дзень, і часта людзі злаваліся на Гаўла: як гэта так, чаму маё імя яшчэ не прагучала? Тую пэтыцыю падпісалі 40 тысяч чалавек” .

Ці не пярэчыла амэрыканскае кіраўніцтва радыё таму, што яно становіцца нейкім рупарам апазыцыі адной з краінаў і уласна яе інструмэнтам? Калега Пэхачэк згадаў рэакцыю Вашынгтону. Адтуль, кажа, нам напаўжартам заўважылі, што ніколі не спадзяваліся, каб чытаньне тэлефоннай кнігі стала самай папулярнай перадачай...

На самой справе папаўненьне сьпісу падпісантаў азначала шмат асобных крокаў і няпростых рашэньняў. З аднаго боку, людзі пераставалі баяцца камуністаў, але баяцца яшчэ было чаго. Так, сьпявачка Гана Загорава адразу пасьля зьяўленьня яе імя пад пэтыцыяй была выкінутая з праграм і сцэнароў тэлебачаньня. Паводле зборшчыка подпісаў Яна Рэйжка, спаслаўшыся на гэты прыклад, пэтыцыю не падпісаў Карэл Гот, баючыся і таго, што сапсуе свой тагачасны паўвекавы юбілей.

Кампартыя пачала сэрыю контрзахадаў, уключна з публікацыяй артыкулаў з папераджальным загалоўкам “Хто сее вецер”. На ўвазе меўся працяг выслоўя – пажне буру. Прагноз быў цалкам праўдзівы, але ня тым бокам павернуты. Тое, што пэтыцыю пачалі падпісваць і камуністы, паказала, што патрэба сыстэмных зьменаў сапраўды насьпела. Першапачаткова Гавэл плянаваў , што ў сьнежні 1989-га, на дзень правоў чалавека, падпісанты пэтыцыі выйдуць на плошчу Палацкага. Але ўсё здарылася яшчэ раней – у лістападзе паліцыя разагнала мірную акцыю студэнтаў, бараніць іх выйшлі бацькі – аксамітная рэвалюцыя здарылася на месяц раней...

Пытаюся калегу Паўла Пэхачка, ці можна лічыць гэткі сцэнар выключна чэскім аўтарскім вынаходзтвам, ці магчымы яго перанос на іншую глебу ў іншым часе?

“Я мяркую, нешта з гэтага можна было недзе ўжыць. Але, паводле мяне, галоўнае тое, што для гэта мусіць насьпець час і людзі пры такім умовах не павінны баяцца”, – адказаў Павэл Пэхачэк.