Амэрыканскі грамадзянін Эмунуіл Зэльцэр другі дзень трымае галадоўку, пратэстуючы супроць дзеяньняў Менскага гарадзкога суду, які болей за два тыдні не дасылае даведку, безь якой амністыя вязьня немагчымая.
СЛУХАЦЬ:
Пра рашэньне пачаць галадоўку Эмануіл Зэльцэр паведаміў адвакату Зьмітру Гарачку падчас іх сустрэчы ў магілёўскай калёніі 8-га чэрвеня. Вось як амэрыканскі грамадзянін, са слоў адваката, патлумачыў гэты крок:
“На ўчорашні дзень ніякіх дакумэнтаў не было ў калёніі, і яго гэтая сытуацыя давяла да такога рашэньня. Ён успрымае ўсё гэтак, што нехта не жадае, каб адносна яго быў ужыты закон аб амністыі. Бо бяз гэтай даведкі ў калёніі нават фармальна ня могуць пачаць разгляд ягоных дакумэнтаў на амністыю”.
Нагадаю, гаворка ідзе пра даведку, паводле якой за Эмануілам Зэльцэрам ня лічыцца некампэнсаваных стратаў. Адвакат спадар Гарачка патлумачыў, што ў жніўні 2008 году, калі асудзілі Зэльцэра, Менскі гарадзкі суд не прыгаворваў яго да выплаты якіх-колечы грошай. “І ўсё ж паводле закону суд мусіць даць даведку, ці ня вінен вязень, які разьлічвае на амністыю, нейкія грошы”, — кажа адвакат Зьміцер Гарачка:
“Разумееце, у законе пра амністыю сказана, што даведка такога кшталту выдаецца тэрмінова. Відаць, гэта можна тлумачыць як заўгодна, хаця для мяне тэрмінова азначае — адразу, у той жа дзень”.
Чаму больш як за 2 тыдні зь Менскага гарадзкога суду ў Магілёўскую калёнію № 15 так і не перадалі даведку адносна Эмануіла Зэльцэра?
У прыёмнай Менгарсуду адмовіліся злучыць мяне са старшынём суду Уладзімерам Пуцылам, якому я плянаваў задаць гэтае пытаньне. Слухаўку перадалі памочніку старшыні суду Кацярыне Нарэйцы, якая сказала “Свабодзе”:
“Чаму не даецца адказ? Проста адказ яшчэ рыхтуецца, а больш ніякіх камэнтароў даць не магу”.
Карэспандэнт: “Але ўжо мінула болей за два тыдні, а закон патрабуе даць даведку тэрмінова?”
Кацярына Нарэйка: “Ведаеце, я проста ня маю права нічога камэнтаваць”.
Адвакат Зьміцер Гарачка назваў “незаконнымі” дзеяньні Менгарсуду і нагадаў, што гэтаксама раней той жа Менскі суд “незаконна адмовіўся выдаць копію прысуду Зэльцэру”.
Як галадоўка можа адбіцца на здароўі Эмануіла Зэльцэра? “Галадоўка заўсёды небясьпечная, а калі чалавеку 55 гадоў і ў яго хранічныя захворваньні, тым больш. Але ён прыняў гэтае рашэньне сьвядома і пакуль не зьбіраецца ад яго адмаўляцца”, — кажа Зьміцер Гарачка.
Дзяжурны Магілёўскай калёніі № 15 нічога не паведаміў пра стан здароўя Эмануіла Зэльцэра і пра тое, ці працягвае ён трымаць галадоўку.
Нагадаем, Эмануіл Зэльцэр быў арыштаваны ў сакавіку 2008 году і праз 5 месяцаў асуджаны на 3 гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў камэрцыйным шпіянажы і падробцы дакумэнтаў. Асуджаная разам з Зэльцэрам ягоная сакратарка Ўладлена Функ (Брускова), якая атрымала год турмы, у сакавіку выйшла на волю.