“Літва падае цудоўны прыклад”

Даля Грыбаўскайце

Упершыню ў гісторыі Літвы яе прэзыдэнтам стала жанчына. Даля Грыбаўскайце атрымала 69% галасоў выбарцаў.
Ад 2004 году яна займала пасаду эўракамісара па бюджэце і фінансавым плянаваньні. У 2001-2004 гадах была міністрам фінансаў Літвы, а яшчэ раней займала пасаду намесьніка кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства. Спадарыня Грыбаўскайце крытыкавала палітыку кіроўнага сацыял-дэмакратычнага ўраду. Як у Беларусі ставяцца да зьмены кіраўніцтва суседняй Літвы?

СЛУХАЦЬ:


З абраньнем новага прэзыдэнта старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі ня зьвязвае чаканьня нейкіх істотных зьменаў у палітыцы Літвы адносна Беларусі.

Лявон Баршчэўскі
“Прыход Далі Грыбаўскайце на пасаду — гэта знакавая падзея. Бо гэта ўжо знак таго, што постсавецкая палітычная эліта сфармавалася ў суседняй краіне, чаго няма ў нас. І гэта добры знак. А што да палітычных крокаў, у прынцыпе, у Літве палітыку фармуе не прэзыдэнт, а ўрад і Міністэрства замежных спраў. Так што, хутчэй, зьмена палітыкі залежыць ад вынікаў парлямэнцкіх выбараў”.

Палітоляг Алесь Лагвінец лічыць, што абраньне новага прэзыдэнта ў Літве — гэта “добры сыгнал для беларускага грамадзтва”.

Алесь Лагвінец
“Літва падае цудоўны прыклад, што цягам пэўнага пэрыяду памяняліся прэзыдэнты. Упершыню стала прэзыдэнтам жанчына. І таксама людзі пасьля двухтэрміновай кадэнцыі не чапляюцца за сваю пасаду, а з годнасьцю адыходзяць ад палітычнай дзейнасьці. Таму для Беларусі гэта цудоўны прыклад”.

А як гэта будзе ўплываць на беларуска-літоўскія дачыненьні?

“З абраньнем новага прэзыдэнта, які добра разьбіраецца ў эўрапейскай палітыцы і прызнаны ў Брусэлі як адмыслоўца, магчымасьці для дзеяньня Літвы ў нашым рэгіёне павялічваюцца. Можна чакаць, што таксама Літва зможа больш уплываць на палітыку эўрапейскіх інстытуцыяў у дачыненьні да Беларусі”.

Паводле старшыні камісіі міжнародных спраў у Палаце прадстаўнікоў Сяргея Маскевіча, вялікае значэньне мае тое, што Літва — частка Эўразьвязу.

Сяргей Маскевіч
“Разам з тым Літва ў бальшыні пытаньняў хацела як мага лепш для Беларусі. Я думаю, што магчыма актывізацыя супрацоўніцтва. У нас былі вельмі добрыя стасункі зь Літвой. Яны былі па ўсіх кірунках добрасуседзкія, гатовыя да ўзаемаразуменьня і дапамогі. Разам з тым, калі новы кіраўнік суседняй дзяржавы прыходзіць да ўлады, ёсьць спадзяваньні, што згодна з патрабаваньнямі часу падымемся на больш высокі ўзровень. Таму мы спадзяемся, што будзе яшчэ лепш”.

Палітоляг Дзяніс Мельянцоў мяркуе, што новы прэзыдэнт Літвы “добра абазнаны ў эўрапейскай кухні”.

Дзяніс Мельянцоў
“Тая палітыка Літвы, якая праводзілася дагэтуль, як, у прыватнасьці, лабіста беларускіх інтарэсаў, адваката беларускіх інтарэсаў у эўрапейскіх структурах, будзе працягвацца яшчэ з большай эфэктыўнасьцю. У яе вельмі добрая каманда, якая займаецца зьнешняй палітыкай. Калі будзе сфармавана новая прззыдэнтура, можна чакаць нейкай актывізацыі зьнешняй палітыкі. Тым больш, што адной з дарадцаў кандыдата на прэзыдэнта была колішняя дыпляматка Літвы ў Беларусі, якая вельмі добра ведае сытуацыю і, магчыма, будзе дарадцай прэзыдэнта што да беларускіх пытаньняў”.