25 сакавіка а 6-й вечара каля Акадэміі навук зьбяруцца ўдзельнікі сьвяткаваньня Дня Волі. Гарадзкія ўлады далі дазвол на месца збору. Заяўнікі акцыі прасілі санкцыю на шэсьце па праспэкце Незалежнасьці да Кастрычніцкай плошчы.
Чыноўнікі прапанавалі традыцыйны маршрут — вуліцай Сурганава да плошчы Бангалор. Арганізатары сьвяткаваньня заявілі, што на месцы збору вырашаць, у якім фармаце будзе адбывацца акцыя.
Намесьнік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч паведаміў, што цягам тыдня арганізатары акцыі будуць сустракацца з прадстаўнікамі ўсіх моладзевых арганізацый і рухаў, каб выпрацаваць адзіную тактыку правядзеньня дэманстрацыі. Ён падкрэсьліў, што сёлетняя акцыя ня мае бюджэту і таму арганізатары спадзяюцца, што людзі прыйдуць 25 сакавіка да Акадэміі Навук са сваімі сьцягамі і нацыянальнай сымболікай.
“Унікальнасьць гэтай акцыі ў тым, што яна рыхтуецца толькі пры дапамозе незалежных СМІ. Няма такіх магчымасьцяў засыпаць Беларусь улёткамі. Не сядзіце на кухні і не выступайце ацэншчыкамі дзеяньняў іншых. Вы можаце легальна прыйсьці да Акадэміі навук са сьцягам.
Ува ўсіх ёсьць сьцяг, але яны чамусьці іх хаваюць да будучай перамогі, каб потым у вокнах выстаўляць, маўляў, мы былі з вамі. А цяпер надышоў час гэтыя сьцягі даставаць і не спадзявацца, што нехта прынясе, а я ціхенька пастаю”.
Падчас прэсавай канфэрэнцыі старшыня аргкамітэту дзеля стварэньня сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Мікола Статкевіч заявіў:
“Гэта вельмі важнае сьвята. Яно павінна адбывацца ў цэнтры гораду, у рэшце рэшт — на праспэкце, які сам Лукашэнка пераназваў у праспэкт Незалежнасьці. У мінулым годзе мы ведаем, што адбывалася. Але ж частка дэманстрантаў здолела прабіцца з плошчы Якуба Коласа і адбылося годнае шэсьце і мітынг на праспэкце Незалежнасьці. Бангалор для нас не падыходзіць”.
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька паведаміў:
“Для Эўропы не існуе палітычных вязьняў у Беларусі. Вось гэта страшна. Калі насамрэч людзі ў Беларусі ня выйдуць самі і ня скажуць, што ў нас ёсьць палітычныя вязьні, ніякія эўрапейскія палітыкі, ніякія міжнародныя арганізацыі ня будуць мець прызнаны сьпіс палітвязьняў у Беларусі.
Мы сёньня заяўляем, што ў нас ёсьць антыкрызісны плян, а ва ўлады няма, то гэта закранае ня толькі палітычна актыўную частку грамадзтва, але й простых людзей. Кожны павінен зрабіць свой асабісты выбар”.
Гаворыць намесьнік старшыні партыі БНФ Вінцук Вячорка:
“Дыпляматы і дэпутаты нацыянальных парлямэнтаў заявілі, што будуць сачыць за сытуацыяй 25 сакавіка і паводзінамі ўладаў. Шэраг палітыкаў прыяжджаюць пад гэтыя даты па сваіх праграмах. Так, скажам, прыедуць дэпутаты нямецкага бундэстагу. Яны акурат будуць 24 і 25 сакавіка ў Менску.
А дэпутаты парлямэнтаў паўночнаэўрапейскіх краін, аб’яднаныя ў Паўночную Раду, у гэты час у суседняй Вільні будуць праводзіць сустрэчы ў якасьці сэмінару з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў і так званай Палаты прадстаўнікоў”.
Арганізатары сьвяткаваньня Дня Волі нагадалі, што мерапрыемства дазволенае, і заклікалі ўлады ўстрымацца ад правакацыяў, бо акцыя будзе мець мірны характар.