“Казюкі” — гарадзенскае сьвята

У горадзе над Нёманам 4 сакавіка адбыўся фальклёрны кірмаш. Некаторыя беларусы, у прыватнасьці, зь Менску штогод любяць езьдзіць у Вільню на веснавое сьвята “Казюкас”, лічачы яго пры гэтым чыста літоўскім. Аднак гарадзенцы чарговы раз адзначылі ў сябе ў горадзе “Казюкі” традыцыйным кірмашом народных майстроў.

Карэспандэнт: “Вечаровая Горадня. Сёньня ў горадзе адзначылі «Казюкі». Звонку, па форме — гэта традыцыйны кірмаш народных рамёстваў. Але сутнасьць яго, карані — глыбока ў гісторыі”.

Дзяўчына: “Сёньня ўдзень пыталіся: што такое «Казюкі»? Было шмат народу, які ня ведае, што гэта за сьвята. Тут разгарнуліся сёньня многія майстры і саломкі, і гліны, і мэталу, розныя рэчы робяць. Атрымаўся кірмаш, канечне”.

Карэспандэнт: “А назва «Казюкі» сапраўды адпавядае яму, ёсьць нейкая асаблівасьць, ці проста транспарант вісіць на беларускай і польскай мовах?”

Дзяўчына: “Асаблівасьць ёсьць, яна ў тым, што калі зьвяртаюцца з пытаньнем, то знаўцы адказваюць, што «Казюкі» — значыцца сьвята сьвятога Казіміра, і мы ганарымся, што ў нас такое ёсьць”.



Карэспандэнт: “Пытаньне да аднаго з удзельнікаў: ці спадабаліся Вам «Казюкі», адкуль Вы і ці ўпершыню ўдзельнічаеце?”

Майстар: “Я з Бабруйска, сюды прыяжджаю кожны год з 2005-га”.

Карэспандэнт: “Адучаваецца, што гэта своеасаблівы фальклёрны кірмаш, ці ён не адрозьніваецца ад іншых, ці нічога «казюкоўскага» тут не заўважна?”

Майстар: “Рэч у тым, што Дзень сьвятога Казіміра — гэта дзень рамесьнікаў, таму што ён быў заступнікам рамесьнікаў менавіта. Ведаеце, тут не было гандляроў з кітайскім таварам, тут былі толькі самі майстры”.

Дзяўчына: “Беларускія майстры”.

Карэспандэнт: “Трэба сказаць, што сьвяты Казімір пастаянна жыў менавіта ў Горадні і тут памёр, яму было каля 26 гадоў. Гэта адбылося 4 сакавіка 1484 году. Аднак пахавалі яго ў Вільні. А ў 1521 годзе Папа Рымскі Леон Х кананізаваў яго.

А цяпер я ў Катэдральным касьцёле. Захавалася легенда, што будучы сьвяты мог на прыступках Фарнага касьцёлу правесьці ноч у малітвах. Касьцёл гэты быў разбураны ў 1961 годзе. А ў цяперашнім каталіцкім саборы ёсьць выява — як ён моліцца, а таксама існуе алтар сьвятога Казіміра.