Сёньня Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў касацыйную скаргу амэрыканскага грамадзяніна Эмануіла Зэльцэра, асуджанага на 3 гады зьняволеньня за камэрцыйны шпіянаж.
Разгляд справы пачаўся ў 9.30, і працягваўся каля гадзіны. Як паведаміў журналістам беларускі адвакат Зэльцэра Зьміцер Гарачка, Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд ягонаму падабароннаму. Цяпер асуджаны мае права зьвярнуцца да Старшыні Вярхоўнага Суду, але Гарачка лічыць гэты крок беспэрспэктыўным. Што да прашэньня аб памілаваньні, то, паводле адваката, Зэльцэр ня прызнае сабе вінаватым, таму прашэньне аб памілаваньні падаваць не зьбіраецца.
Нагадаем, адвакат з ЗША Эмануіл Зэльцэр разам з сакратаркай Уладленай Функ быў затрыманы 2-га сакавіка ў менскім аэрапорце. Паводле зьвестак, яны прыляцелі ў Менск ў справе спадчыны заўчасна памерлага ў Лёндане грузынскага алігарха Бадры Патаркацышвілі. Вядома, што на частку гэтай спадчыны прэтэндуе расейскі ўцякач, міліярдэр Барыс Беразоўскі. Сваякі Э. Зэльцэра заяўляюць, што гэта ён спрычыніўся да арышту і суду над адвакатам і яго сакратаркай. Барыс Беразоўскі называе Эмануіла Зэльцэра “махляром” і не камэнтуе зьвесткі пра тое, што ён нібыта тройчы за апошні час прылятаў у Менск.