Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 26 верасьня
З усіх рэгіёнаў Беларусі прыходзіць інфармацыя, што людзей прымушаюць галасаваць датэрмінова. Чаму ўлады не баяцца, што людзі пачнуць абурацца? Чаму ўся машына па забесьпячэньні патрэбнага ўладам выніку дзейнічае бяз збояў? Як замежныя назіральнікі паставяцца да масавага датэрміновага галасаваньня?
Удзельнікі: кандыдат у дэпутаты па Ясенінскай выбарчай акрузе Валянціна Сьвяцкая зь Менску і былы старшыня Жлобінскага гарсавету, дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Марат Афанасьеў са Жлобіну.
ЯК РЭАГУЕ ГРАМАДЗТВА НА ДАТЭРМІНОВАЕ ГАЛАСАВАНЬНЕ?
Валер Карбалевіч: “Гледзячы па ўсім, у краіне ў цэлым датэрмінова прагаласуе ня менш за 20% выбаршчыкаў. Паводле ўсіх міжнародных стандартаў гэта скандальна вялікая лічба. Яна сама па сабе выклікае падазрэньне. Яшчэ большае падазрэньне выклікае мэханізм ажыцьцяўленьня датэрміновага галасаваньня. Улады заганяюць выбаршчыкаў на гэтае мерапрыемства з дапамогаю адміністрацыйнага рэсурсу. То бок улады ня толькі не хаваюць гэтую падазроную апэрацыю, а ўсяляк дэманструюць яе, ператвараюць яе ў палітычную кампанію.
Як рэагуе на гэта грамадзтва? Чаму ўлады не баяцца, што людзі пачнуць абурацца? Ці яны ўпэўненыя, што грамадзяне нічога не западозраць? Ці настроем шараговых выбарцаў улады ўвогуле не цікавяцца, а выбары праводзяцца з разьлікам толькі на вонкавую аўдыторыю?”
Валянціна Сьвяцкая падчас правядзеньня агітацыйнай кампаніі ў сваёй акрузе
Я ўчора агітавала ў сваёй акрузе, і мне казалі людзі сталага веку, што яны ўжо прагаласавалі за мяне, бо ў нядзелю зьбіраюцца зьехаць на лецішча. Вось учора сама сп-ня Ярмошына далучылася да кампаніі датэрміновага галасаваньня. Яна сама прагаласавала ў чацьвер, і пра гэта паведамілі ўсе беларускія тэлеканалы. Я ж лічу, што на датэрміновае галасаваньне ісьці нельга”.
Карбалевіч: “Сп. Сьвяцкая, вы сказалі, што бабулькі вам з радасьцю паведамілі, што яны ўжо за вас прагаласавалі. І яны ня бачаць нічога падазронага ў тым, што ўлады так настойліва запрашаюць людзей на датэрміновае галасаваньне?”
Свяцкая: “Гэтыя людзі сталага веку ня вераць, што іх галасы будуць скрадзеныя. А менавіта так і было ў папярэдняй выбарчай кампаніі, у якой я ўдзельнічала”.
ЛЮДЗЕЙ ГОНЯЦЬ НА ДАТЭРМІНОВАЕ ГАЛАСАВАНЬНЕ
Досьвед папярэдніх выбараў паказвае, што ў скрынях папярэдняга галасаваньня за кандыдата ад улады заўсёды апынаецца больш за 95% бюлетэняў. А вось калі адчыняюць скрыню зь бюлетэнямі, апушчанымі ў дзень галасаваньня, то там іншыя суадносіны галасаваньня: альбо 50:50, альбо іншы расклад.
Вось я ўжо сустракаўся на ўчастках са знаёмымі супрацоўнікамі мэталюргічнага заводу. Яны кажуць, што іх гоняць на датэрміновае галасаваньне начальнікі. Хоць ім і зразумела, дзеля чаго гэта робіцца, але нічога ня могуць зрабіць.
Назіраў такі цікавы выпадак на ўчастку, які знаходзіцца ў школе № 13 г. Жлобіну. Стаіць малады чалавек і дае тэлефон сябру выбарчай камісіі, каб той пацьвердзіў майстру зь яго вытворчасьці, што ён прагаласаваў. Яшчэ адзін прыклад. Сустрэў свайго суседа, якога адпусьцілі на дзьве гадзіны раней з працы, каб той датэрмінова прагаласаваў”.
ЧАМУ ЛЮДЗІ ІДУЦЬ НА ПАРУШЭНЬНЕ ЗАКОНУ?
Карбалевіч: “У гэтай сумнеўнай кампаніі задзейнічана шмат людзей. Гэта сябры выбарчых камісій, міліцыянты, якія дзяжураць на ўчастках, кіраўнікі прадпрыемстваў, установаў, якія гоняць людзей на датэрміновае галасаваньне. Чаму ўся гэтая машына дзейнічае бяз збояў? Чаму гэтыя людзі так лёгка ідуць, па сутнасьці, на крымінальнае злачынства?”
Свяцкая: “Усе гэтыя людзі — на кручку ў выканаўчай вэртыкалі. Калі гэтыя паднявольныя людзі ня выканаюць загаду, то пацярпяць самі. Але рана ці позна давядзецца адказваць”.
Афанасьеў: “Сапраўды, гэтыя людзі моцна залежаць ад вэртыкалі. Мне стала вядома, што на адным са сходаў, які праводзіў прадстаўнік раённага савету з кіраўнікамі выбарчых камісій, было сказана: калі вы не забясьпечыце перамогу праўладнага кандыдата Батана над апазыцыйным кандыдатам Рыбчанкам, то вам давядзецца шукаць новую працу.
Хачу адзначыць, што гэтую падмену бюлетэняў робяць кіраўнікі камісій, а большасьць сябраў камісій пра яе ня ведае. І гэтая невялікая колькасьць людзей павязаныя, яны залежаць адзін ад другога.
Я бачыў сваімі вачыма на мінулых выбарах, калі старшыні камісій спачатку заходзілі ў кабінэт старшыні райвыканкаму, запаўнялі “шахматку” з патрэбнымі лічбамі і толькі потым несьлі зьвесткі ў акруговую выбарчую камісію.
Вось выпадак, які адбыўся днямі. На адным з выбарчых участкаў я як назіральнік зьвярнуў увагу, што скрыня для галасаваньня заклеена зьверху дзьвюма паперкамі і пастаўлена плястылінавая пячатка. А дно ўвогуле адвалілася. Аказваецца, ёсьць тлумачэньне ЦВК, што пячатка можа быць не з сургуча, а з плястыліну.
ШТО ЎБАЧАЦЬ НАЗІРАЛЬНІКІ?
Карбалевіч: “А як замежныя назіральнікі паставяцца да такога масавага датэрміновага галасаваньня пад прымусам? Ці ўбачаць яны ўвогуле нейкія парушэньні?”
Сьвяцкая: “Хоць выбарчае заканадаўства Беларусі недэмакратычнае, але калі б хоць яно выконвалася, то выбары можна было б выйграць незалежнаму ад улады кандыдату. Але ўлада парушае і той Выбарчы кодэкс, які яна пад сябе стварыла. Ужо ня кажучы пра тыя тэхнічныя моманты, пра якія распавядаў сп. Афанасьеў.
Стаўленьне да замежных назіральнікаў у мяне скептычнае. Мы ім тлумачым, якія могуць быць парушэньні. А яны гэта цяжка ўспрымаюць. На жаль, плёну з гэтага замежнага назіраньня не адчуваю ні я, ні нашае грамадзтва”.
Карбалевіч: “Але гэта, мусіць, пытаньне не да назіральнікаў, а хутчэй да замежных палітычных структураў. Але праблема тут іншая. Эўрапейскія назіральнікі, кіруючыся прынцыпамі права, зьвяртаюць увагу толькі на факты. А падазрэньні не зьяўляюцца фактам.
Вось тое ж датэрміновае галасаваньне. З усіх рэгіёнаў паступае інфармацыя пра прымушэньне, але ананімная. А каб даказаць прымушэньне, трэба альбо пісьмовы загад, альбо сьведчаньні канкрэтных людзей, якія называюць сваё прозьвішча, прадпрыемства ці ўстанову. Але людзі баяцца”.
Афанасьеў: “Замежныя назіральнікі не заўважаць нічога. Бо ім паказваюць толькі вонкавы малюнак. І ў датэрміновым галасаваньні яны ня бачаць нічога страшнага. Асабліва гэта характэрна для назіральнікаў ад СНД”.
Свяцкая: “Датэрміновае галасаваньне настолькі дэвальвавала самую ідэю выбараў, што выбарцы ня вераць у іх. Шмат хто не зьбіраецца ісьці на галасаваньне”.