Сёньня Магілёўская рэгіянальная кааліцыя дэмсілаў яшчэ раз пацьвердзіла, што кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад АДС працягваюць удзельнічаць у выбарах.
Гэты своеасаблівы адказ на рашэньне менскіх кандыдатаў АГП зьняцца з выбараў. Вось што заявіў “Свабодзе” журналіст і грамадзкі актывіст Эдуард Брокараў:
“Гэта самая зручная рэч — прыгожа выйсьці з працэсу. Людзі, у якіх ёсьць каманды і якія імкнуцца працаваць, будуць працаваць да канца. У гэтым сэнсе мяне ўразіў Анатоль Лябедзька, што ўсё-ткі ён вырашыў ісьці да канца. Лічу, што гэта вельмі правільнае рашэньне.
На жаль, у нашых партыяў няма гэтулькі структураў і людзей, каб яны маглі эфэктыўна арганізаваць байкот. Бо байкот — гэта вялікі кавалак працы. А легчы на канапу і пляваць у столь ды казаць, што “я байкатую”, — ну, гэта самае простае, аднак не эфэктыўнае”.