Пяць менскіх кандыдатаў ад АГП здымаюцца з выбараў. Іншыя кандыдаты ад партыі застаюцца ў выбарчай кампаніі. Пытаньне аб удзеле ў выбарах маюць вырашыць і кандыдаты ад Партыі БНФ. ТЭМА ДНЯ.
ПАРАЙЦЕ АПАЗЫЦЫІ. ДЫСКУСІЯ НА СВАБОДЗЕ
ВЫБАРЧЫ ДЗЁНЬНІК
Э.Брокараў: “Легчы на канапу і казаць пра байкот -- гэта самае простае”
“Гэта самая зручная рэч — прыгожа выйсьці з працэсу. Людзі, у якіх ёсьць каманды і якія імкнуцца працаваць, будуць працаваць да канца. У гэтым сэнсе мяне ўразіў Анатоль Лябедзька, што ўсё-ткі ён вырашыў ісьці да канца. Лічу, што гэта вельмі правільнае рашэньне.
Юры Істомін: “Гэта рашэньне індывідуальнае”
Кіраўнік Гарадзенскай арганізацыі АГП Юры Істомін падтрымлівае рашэньне калегаў па партыі зь Менску — Ганны Ягоравай, Валянціны Палевіковай, Аляксандара Дабравольскага, Станіслава Багданкевіча і Кацярыны Маласаевай — адмовіцца ад далейшага ўдзелу ў выбарах.
В.Гарбачоў: “На гэтым этапе кандыдаты ад АГП паступілі правільна”
“Я лічу, што на гэта яны маюць канстытуцыйнае і асабістае права. Забарона на наглядную агітацыю — гэта ўдар ніжэй поясу. Няма сэнсу агітаваць ад кватэры да кватэры, якой бы моцнай ды актыўнай ні была каманда падтрымкі. Гэта несправядлівая сытуацыя ў падрыхтоўцы да выбараў. Таму на дадзеным этапе яны паступілі правільна”.
ЦВК не гарантуе назіральнікам доступу да бюлэтэняў
Місія назіральнікаў БДІПЧ (Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека) АБСЭ, якая працуе ў Беларусі, дагэтуль не атрымала запэўніваньняў ад Цэнтарвыбаркаму пра тое, што назіральнікі атрымаюць паўнавартасны доступ да падліку галасоў.
Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў офісе Аб’яднанай Грамадзянскай партыі лідэры АГП заявілі пра зьняцьцё з выбараў кандыдатаў у дэпутаты ад АГП, якія балятуюцца ў Менску.
Здымаюцца 5 кандыдатаў, акрамя Анатоля Лябедзькі, для якога як сустаршыні Аб’яднаных Дэмакратычных сілаў зроблена выключэньне. Гэта Ганна Ягорава, Валянціна Палявікова, Аляксандар Дабравольскі, Станіслаў Багданкевіч і Кацярына Маласаева.
Усе сілы гэтых кандыдатаў, якія зьняліся, цяпер будуць накіраваная на Старавіленскую акругу, дзе балятуецца Анатоль Лябедзька.
Прычынай для такога кроку стала адмова беларускіх друкарняў надрукаваць перадвыбарчыя матэрыялы кандыдатаў. “Гэта не байкот, гэта пратэст супраць дзеяньняў уладаў”, -- заявіў Анатоль Лябедзька на пачатку прэсавай канфэрэнцыі.
Іншыя кандыдаты ад АГП застаюцца ў выбарчай кампаніі.
****
Учора Цэнтральная выбарчая камісія адмовілася разглядаць скаргі, якія прапанавалі сябры ЦВК з правам дарадчага голасу. Кандыдаты прасілі разабрацца, чаму Барысаўская друкарня не друкуе перадвыбарчыя матэрыялы кандыдатаў ад АДС, сярод якіх, у прыватнасьці, Анатоль Лябедзька і Станіслаў Багданкевіч.
“Гэта быў бы надта вялікі гонар для адной з шматлікіх друкарняў. Наагул, паводле рэглямэнту, гэтае пытаньне намі можа не разглядацца”, — заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.
“Мы ня ў стане абмяркоўваць цэлы дзень плёткі і чуткі”, — дадала яна.
Менскія кандыдаты ад БНФ здымуцца з выбараў 23 верасьня
Падчас сходу Менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ пад кіраўніцтвам Віктара Івашкевіча з 42 удзельнікаў 40 чалавек прагаласавала за тое, каб пакінуць у сіле рашэньне апошняга Сойму Партыі БНФ, гэта значыць зьняцца з выбарчай кампаніі да пачатку галасаваньня 23 верасьня, паведамляе прэс-служба БНФ.
На сходзе была асобна была абмеркаваная сытуацыя Аляксандра Меха: удзельнікі сходу палічылі, што яму здымацца ня варта, а Партыя БНФ мусіць прыкласьці ўсе намаганьні, каб зрабіць назіраньне па Кобрынскай выбарчай акрузе № 12 максымальна актыўным.