У Менску прэзэнтавалі фільм “Дзень волі” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />

Сёньня ў сядзібе партыі БНФ адбылася прэзэнтацыя дакумэнтальнага фільма Юрыя Хашчавацкага і Уладзімера Арлова “Дзень Волі”. Кінастужка прысьвечаная 90-гадавіне Беларускай Народнай Рэспублікі, а яе прэм’ерны паказ у прымеркаваны да 17 ўгодкаў наданьня канстутыцыйнага статусу Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. Арганізатарамі імпрэзы выступіў незалежны тэлеканал “Белсат” і культурніцкая камісія партыі БНФ.

Фільм распачынаецца маналёгам Уладзімера Арлова, на тле відэасюжэту гістарычнай хронікі пачатку мінулага стагодзьдзя. Далей гісторыя Беларускай Народнай Рэспублікі паўстае вачыма старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы, іншых вядомых асобаў. “Дзень Волі” адметны ў многіх адносінах, кажа спадар Арлоў:

“Гэты фільм адрозьніваецца ад іншых тым, што мы паспрабавалі паразважаць: а што б было, каб Эўропа прызнала незалежную Беларусь напачатку 20 стагодзьдзя. І гэты фільм цікава падсьвечваецца апошнімі падзеямі на Каўказе”.

Гэта першы прэм’ерны паказ ў Беларусі. Арганізатары спрабавалі наладзіць яго ў кінатэатры “Перамога”, у Доме вэтэранаў, але ім адмовілі. Тым часам беларускі “Дзень Волі” дэманстраваўся ў многіх кранах Эўропы яшчэ напярэдадні 25 сакавіка, паведаміў адзін з аўтараў, рэжысэр Юры Хашчавацкі:

“Была прэзэнтацыя ў Страсбуры, у Нью-Ёрку, у Таліне і вось, нарэшце, і ў Менску”.

Карэспандэнтка: “Ці было гэта для эўрапейскіх колаў адкрыцьцём Беларусі?

Хашчавацкі: “Такая задача і была: паказаць у Страсбуры, што такое Беларусь, якія карані яе незалежнасьці. Таму, я думаю, што і для беларускіх людзей гэта вельмі патрэбна. Каб ведаць сваю гісторыю, каб ведаць што было да нас і да Лукашэнкі”.

Сядзіба партыі БНФ падчас прэм’еры “Дня волі” была перапоўненая моладзьдзю. Вось што казалі гледачы:

“Я Аляксей Янушэўскі, шмат чуў пра гэты, фактычна, першы фільм, прысьвечаны БНР. Вось прыйшоў паглядзець”.

“Я Стасюк Дземідовіч. БНР -- гэта нашая гісторыя. Мы павінны яе ведаць, памятаць і ўзбагачацца ёй. Інакш, нам цяжка будзе атаясамліваць сябе ў будучыні”.

Прэзэнтацыя фільма "Дзень Волі" адбудзецца ў Гомелі 31 жніўня, а таксама ў Магілёве 2 верасьня.

На фота: уваход у сядзібу БНФ. Перад пачаткам імпрэзы

На фота: гледачы падчас прэзэнтацыі




На фота: выступае Уладзімер Арлоў