Вызваленьне палітвязьняў ёсьць вынікам комплекснага ўзьдзеяньня нацыянальнай і міжнароднай кампаніі, заявіў першы намесьнік Партыі БНФ Вінцук Вячорка.
“Дэмакратычныя сілы, БНФ заўсёды выстаўлялі патрабаваньне вызваліць палітвязьняў як найпершую ўмову любога руху наперад у аднаўленьні кантактаў афіцыйнага Менску і дэмакратычнага сьвету.
Па-другое, гэта сьведчаньне рэальнай пэрспэктывы крызісу, у першую чаргу эканамічнага, якая замаячыла пасьля рашэньня Расеі яшчэ болей падвысіць цэны на газ.
Вызваленьне вязьняў, - а ўсе ведаюць, што яно было заўсёды вельмі жорсткім патрабаваньнем ЗША і Эўразьвязу, - гэта ёсьць і своеасаблівы сыгнал Маскве напярэдадні чарговых драпежных патрабаваньняў Масквы. Кшталту перайсьці на расейскі рубель ці аддаць асноўную масу беларускай высокаліквіднай прамысловай інфраструктуры.
Я хачу зазначыць, што колькасьць вязьняў, якія знаходзяцца ў турмах з палітычнай матывацыяй, не абмяжоўваецца гэтымі трыма імёнамі. І ў першую чаргу я б назваў Антона Кішкурну. Імя яго было незаслужана забыта ў гэтым пераліку, а чалавек ужо тры гады знаходзіцца ў вязьніцы”.
Сябра Партыі БНФ 25-гадовы Антон Кішкурна адбывае пакараньне ў 10-й калёніі ў Наваполацку. У 2005 годзе яго асудзілі да 8-мі гадоў зьняволеньня нібыта за распаўсюд наркатычных сродкаў. У той час яго бацька Ўладзімер быў кіраўніком менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ.
Сябры па партыі лічаць, што Антон асуджаны за палітычную актыўнасьць свайго бацькі Ўладзімера. У яго доме разьмяшчалася падпольная друкарня.