Сёньня першы віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка заявіў, што ў сувязі са зьменай абставінаў Беларусь і Расея павінны або разарваць ранейшую дамову аб пастаўках расейскага газу, або дапоўніць яе, каб прыйсьці да цывілізаванага рашэньня.
Уладзімер Сямашка нагадаў, што 31 сьнежня 2006 году пад бой курантаў было падпісана пагадненьне з “Газпромам”, якое вызначае формулу цаны расейскага газу для Беларусі. Згодна зь ёй, у першым квартале гэтага году цана на газ склала 119 даляраў, а да канца году мае дарасьці да 127,9 даляра за тысячу кубамэтраў:
“Калі трымацца той формулы, якая прывязана да нафтавага эквіваленту, нас можа чакаць вельмі рэзкі рост цэнаў. Бо вы ведаеце, куды скочыла цана нафты. Хто мог меркаваць?”
Паводле Ўладзімера Сямашкі, расейскі ўрад мяркуе, што калі трымацца ранейшай стратэгіі, то на пачатку 2011 году Расеі давядзецца падвоіць цэны на энэрганосьбіты. А гэта для яе будзе катастрофай. Таму Расея запаволіць пераход да роўнапрыбытковасьці цэнаў на газ на ўсіх рынках.
Чаму мы павінны яшчэ раз падняць цэны?..
“Таму ў нас сёньня ёсьць вельмі сур’ёзны аргумэнт: калі ўжо багатая Расея разумее, што гэта можа быць катастрафічная зьява для эканомікі, то чаму мы павінны яшчэ раз, скажам, у паўтара ці ў два разы падняць цэны? – сказаў Сямашка. – Мы спасылаемся на грамадзянскія кодэксы Беларусі і Расеі, дзе гаворыцца пра зьмену, разрыў дамовы ў сувязі з істотнай зьменай абставінаў. Гэта ня форс-мажорныя абставіны. Гэта істотныя зьмены абставінаў, бо мы абапіраліся на расейскі прагноз аб зьніжэньні цаны нафты да 61 даляра за барэль. А мы маем 120 даляраў. Таму мы павінны сесьці за стол перамоваў: або разарваць ранейшую дамову — гэта недапушчальна, зразумела — або зрабіць нейкія дапаўненьні да дамовы, каб прыйсьці да цывілізаванага рашэньня”.
Уладзімер Сямашка не сказаў, колькі можа каштаваць расейскі газ для Беларусі ў наступным годзе. Маўляў, калі скончацца перамовы, тады і адкажа на гэтае пытаньне.
Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка мяркуе, што гэтая цана можа скласьці 160—180 даляраў. Аднак “Газпром” будзе вызначаць свой графік руху кожнай краіны, у тым ліку і Беларусі, да цаны 500 даляраў за тысячу кубамэтраў газу.
Палітыка нізкіх цэнаў – палітыка наркатычнай залежнасьці...
“Калі мы будзем і надалей на каленях ці подскакам даводзіць, што нам патрэбны нізкія цэны, мы будзем краінай, залежнай ад Расеі, – лічыць Заіка. – І тут ня трэба рабіць драму: беларускае кіраўніцтва павінна памяняць сваю ўнутраную палітыку. Гэта павінна быць рынкавая, эфэктыўная палітыка. Палітыка нізкіх цэнаў — гэта палітыка наркатычнай залежнасьці Беларусі”.
Вядома, у якіх складаных умовах заключалі дзейную газавую дамову, тыя перамовы 2006 году нават называлі “газавай вайною”. А цяпер афіцыйны Менск хоча яе памяняць. Ці прывядзе гэта зноў да абвастрэньня адносін з Расеяй? Меркаваньне Леаніда Заікі:
“Рэч у тым, што Расея адмежавалася. Стратэгічная лінія Расеі — стварэньне новых трубаправодаў. Празь Беларусь перапампоўваецца ўсяго толькі 15%. Але папужаць, патузаць за вусы — гэта цікавая палітычная гульня. І расейскае кіраўніцтва можа гэта ўжываць”.