У цэнтральным офісе расейскай кампаніі "Газпром" 16 ліпеня адбылася працоўная сустрэча намесьніка старшыні праўленьня "Газпрому" Аляксандра Ананенкава і генэральнага дырэктара кампаніі "Белтрансгаз" Уладзімера Маёрава.
На сустрэчы абмяркоўвалі выкананьне кантракту на пастаўку і транзыт газу ў 2007-2011 годах. Як адзначаецца на афіцыйным сайце "Газпрому", асаблівую ўвагу расейскі бок надаў неабходнасьці поўнай аплаты бягучых паставак расейскага газу ў Беларусь у адпаведнасьці з умовамі кантракту.
Падчас сустрэчы Аляксандар Ананенкаў заявіў, што калі беларускі бок надалей ня будзе выконваць свае абавязаньні, "Газпром" пакідае за сабой права зьвярнуцца ў суд. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што формула цаны газу для Беларусі найбольш камфортная сярод краінаў СНД і Эўропы.
Першы намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Эдуард Таўпянец назваў заяву "Гапрому" пра магчымы зварот у суд "часткай перамоўнага працэсу". Спадар Таўпянец сказаў агенцтву "Интерфакс-Запад":
"Нашая мэта – дабіцца максымальна нізкага кошту газу для сваёй краіны. Пакуль мы будзем мець хоць нейкія аргумэнты, мы будзем іх выкарыстоўваць".
Спадар Таўпянец патлумачыў, што дагэтуль застаецца непадпісаным пагадненьне аб кошце транзыту расейскага газу праз тэрыторыю Беларусі.
31 сьнежня 2006 году "Газпром" і "Белтрансгаз" падпісалі кантракт на пастаўкі і транзыт газу ў 2007-2011 гадох. Паводле дакумэнту, цана газу ў 2007 годзе была 100 даляраў за 1 тысячу кубічных мэтраў. Далейшая цана вылічваецца па адмысловай формуле ў залежнасьці ад цаны паставак расейскага газу ў Эўропу. Пры гэтым для Беларусі ўжываюцца паніжальныя каэфіцыенты цаны --0,67 у 2008 годзе, 0,8 у 2009 годзе і 0,9 у 2010 годзе. Ад 2011 году цэны для Беларусі маюць зраўняцца з цэнамі на пастаўкі газу ў іншыя краіны Эўропы.