Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы могуць зьняць з выбараў сваіх кандыдатаў у тых акругах, дзе іх прадстаўнікоў не ўключылі ў склад выбарчых камісіяў. Пра такую магчымасьць “Свабодзе” сёньня паведаміў каардынатар кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктар Карняенка:
“Мы вылучылі ўсяго па аднаму кандыдату ў кожную акруговую камісію. І нашы мінімальныя патрабаваньні былі, каб іх усіх туды уключылі. У кожнай камісіі 13 чалавек, і таму нашы пажаданьні выглядалі як цалкам верагодныя. Але пакуль мы маем толькі дзесьці 30 са 110 акругаў, дзе прадстаўнікоў АДС залічылі ў камісіі. Гэта вельмі і вельмі мала”.
Спадар Карняенка сказаў, што сытуацыю з фармаваньнем акруговых выбарчых камісіяў заўтра разгледзіць прэзыдыюм Палітрады АДС. Магчыма, што прэзыдыюм і прапануе зьняць кандыдатаў ад АДС у бальшыні акругаў. “Але гэта сёньня трэба разглядаць як адзін з варыянтаў дзеяньняў. Магчыма, мы знойдзем і нейкі іншы”,-- сказаў Віктар Карняенка.