Ці будуць парлямэнцкія выбары свабоднымі і дэмакратычнымі? На гэтае пытаньне адказвалі сёньня гарадзенцы.
Малады спадар: “Пэўна, выбары ня будуць свабоднымі і дэмакратычнымі, бо я ў такое ня веру. Дый увогуле не ўяўляю, каб тут нешта было свабодным”.
Спадар: “А я ведаю, у сваім разуменьні, канечне, што выбары, як мне здаецца, пройдуць адназначна дэмакратычна, таму што іншых папросту ня можа быць. Бо настолькі ўсё адкрыта і празрыста, што ня ведаю нават: ня першы раз гэтыя выбары праходзяць адкрыта і дэмакратычна”.
Іншы спадар: “Як вам сказаць... (Задумваецца.) Ну, я думаю — так”.
Дзяўчына: “Так, я думаю, яны будуць свабоднымі і дэмакратычнымі”.
Карэспандэнт: “А чаму вы так думаеце?”
Дзяўчына: “Таму што прэзыдэнт, думаю, наш так сказаў. Таму будуць” (з усьмешкай).
Карэспандэнт: “Добра, прэзыдэнт так сказаў, а самі вы асабіста што думаеце?”
Дзяўчына: “Я думаю, што ў нас вельмі жорсткі кантроль у Беларусі, і ўсё гэта ад прэзыдэнта залежыць”.
Малады спадар: “Час пакажа, цяпер пакуль што нічога сказаць на гэты конт не магу”.
Ягоная сяброўка: “Я думаю, што ня будуць яны свабоднымі і дэмакратычнымі. Хіба ў нас штосьці свабоднае існуе? Па-мойму, не існуе”.
Дзяўчына: “Ну, абяцалі, што быццам бы мы ўсім пакажам, як у нас усё супэр-пупэр дэмакратычна, як нідзе больш няма. Але калі шчыра, мне ня вельмі верыцца. Хацелася б, канечне, але — не...”
Спадарыня: “Хочацца верыць, што будуць свабоднымі, але думаем...”
Карэспандэнт: “Але думаеце, што — не?”
Спадарыня: “Ну, мы так мяркуем, што наўрад ці”.
Яе сяброўка: “Наўрад ці будуць, па-беларуску кажучы”.
Спадар: “Я ўпэўнены, што выбары будуць недэмакратычнымі і несвабоднымі”.
Карэспандэнт: “Чаму вы так думаеце, што вас пераконвае ў гэтым?”
Спадар: “Адсутнасьць альтэрнатыўных сродкаў масавай інфармацыі. Фактычна яны — адна з умоваў, я лічу, празрыстых і дэмакратычных выбараў. Людзі проста пазбаўленыя альтэрнатыўнай інфармацыі”.
Іншы спадар: “Адназначна не магу сказаць: у нечым будуць, у нечым — не, у нас усё так прыкладна…”
Маладзён: “Я ня ведаю — будуць выбары дэмакратычнымі ці не, але ёсьць мінулы вопыт: на нашым выбарчым участку на мясцовых выбарах заўсёды балятуецца кандыдат ад БНФ і заўсёды набірае паўтара-два працэнты, хоць галасуюць за яго ўсе. Ну пра што тут казаць? Не, бадай, ня будуць яны дэмакратычнымі”.