Грамадзянін ЗША Эмануіл Зэльцэр, арыштаваны ў сакавіку КДБ Беларусі, можа не дажыць да суду. Гэтак мяркуе ўрач з ЗША Альбэрт Бэнчаббата, які аглядаў Эмануіла Зэльцэра 26-га чэрвеня ў ізалятары КДБ
У канчатковай справаздачы, тэкст якой стаў вядомы, Альбэрт Бэнчаббата адзначыў, што Эмануілу Зэльцэру не аказваюць дастатковай мэдычнай дапамогі. Паводле амэрыканскага адмыслоўцы, у мэдычнай картцы арыштанта ня цалкам адлюстраваны стан ягонага здароўя, у прыватнасьці, болі, якія адчувае Эмануіл Зэльцэр, а таксама зьвесткі пра ягоную вагу і аналізы крыві .
“Улічваючы цяперашні мэдычны нагляд, які ёсьць мінімальным і недастатковым пры наяўнасьці цяперашніх захворваньняў, Эмануіл Зэльцэр можа не перажыць зьняволеньне, калі лячэньне не адновяць і ўсе булесуцяшальныя лекі, якія ён прымаў паводле ўказаньняў доктара, які яго лекаваў, не пачнуць яму даваць зноў”, -- запісаў у сваёй справаздачы А.Бэнчаббата. Амэрыканскі адмыслоўца знайшоў у арыштанта шэраг цяжкіх захворваньняў і адзначыў, што Э.Зэльцэр “ня ў стане самастойна рухацца і пакутуе ад трывалых боляў у суставах”.
Раней КДБ Беларусі паведамляў, што паводле стану здароўя Э.Зэльцэр здольны адбываць зьняволеньне.
Калі справа Э.Зэльцэра будзе перададзеная ў суд, пакуль невядома. Зараз зь ёй знаёмяцца Э.Зэльцэр і ягоны адвакат З. Гарачка.