Беларуская інтэлігенцыя шукае шляхоў паляпшэньня ўзаемапаразуменьня з царквой і ўладай.
Днямі аргкамітэт па стварэньні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі атрымаў ліст ад Міністэрства юстыцыі з адмовай у рэгістрацыі. 17 чэрвеня праваслаўны сьвятар Леанід Акаловіч быў аштрафаваны судом на 1 мільён 50 тысяч рублёў за асьвячэньне крыжа на месцы масавага забойства мірных жыхароў вёскі Дражна падчас вайны. Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі накіравалі ліст мітрапаліту Менскаму і Слуцкаму Філярэту, патрыяршаму экзарху усёй Беларусі з прапановай абмеркаваць стасункі ўладаў і вернікаў.
“Не зразумелі...”
Беларускія хрысьціянскія дэмакраты спрабавалі зарэгістравацца ў Міністэрстве юстыцыі ўжо другі раз. Першы раз ім адмовілі ў рэгістрацыі ў сьнежні. У лісьце Мінюст тлумачыць сваю адмову тым, што яму застаюцца незразумелымі “мэты, задачы, прадмет і мэтады дзейнасьці арганізацыі”. На думку Аляксея Шэіна, сябры аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, прычыны адмовы надуманыя:
“Пытаньні наагул узьнікаюць наконт адэкватнасьці тых, хто прымае гэткія рашэньні. Мэты і задачы нашай дзейнасьці былі прапісаны настолька ясна, падрабязна і лягічна, што напісаць больш зразумела папросту немагчыма”.
У Міністэрстве юстыцыі сваё неразуменьне мэтаў і задач Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі патлумачыць не змаглі:
“Камэнтароў мы ніякіх не даем. Толькі з дазволу міністра”.
Хрысьціянскія дэмакраты маюць абскардзіць рашэньне Міністэрства юстыцыі ў Вярхоўным судзе, кажа Аляксей Шэін:
“Будзем дабівацца не мыцьцём дык катаньнем... Дабівацца выкананьня дзяржавай нашых законных правоў...”
"Крыж на месцы забойства павінен стаяць!"
Тым часам беларуская інтэлігенцыя шукае шляхоў паляпшэньня ўзаемапаразуменьня з царквой і ўладай. Яны прапануюць мітрапаліту Менскаму і Слуцкаму Філярэту, патрыяршаму экзарху ўсёй Беларусі абмеркаваць сытуацыю вакол мэмарыяльнага крыжа, усталяванага грамадзкасьцю ў вёсцы Дражна Старадароскага раёну Менскай вобласьці і дэмантаванага затым паводле рашэньня мясцовых уладаў. Зварот да экзарха падпісалі сустаршыні аргкамітэту па стварэньні Інстытута нацыянальнай памяці: доктар гістарычных навук прафэсар Анатоль Грыцкевіч, публіцысты, эколяг Васіль Якавенка і намесьнік старшыні сэкцыі “Мэмарыял” Беларускага дабрачыннага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Ўладзімер Раманоўскі. Пра акалічнасьці распавядае Васіль Якавенка:
“Мы мінулы год неяк плённа супрацоўнічалі з мітрапалітам Філярэтам, нашай эпархіяй... у пляне ушанаваньня памяці сталінскіх рэпрэсій. Прынамсі, яны нас падтрымлівалі, дапамаглі падрыхтаваць і выдаць кнігі Маракова пра сьвятароў рэпрэсаваных, інтэлігенцыі рэпрэсіі і гэтак далей”.
Сп.Якавенка падкрэсьлівае, мэта – вырашэньне сытуацыі: крыж на месцы забойства 25 мірных жыхароў павінен стаяць. І ў лісьце, накіраваным да мітрапаліта Філярэта, інтэлігенцыя прапануе сустрэцца дзеля абмеркаваньня сытуацыі:
“Мы канкрэтных пытаньняў там ня ставілі. Мы просім, каб ён прыняў нас і пагадзіўся на сустрэчу з намі. І тады б, можа, мы знайшлі разам нейкае рашэньне”.