У Менскім архікатэдральным касьцёле Панны Марыі адбылася міжнародная навуковая канфэрэнцыя "Нашы сьвятыні".
Яна была прысьвечана 500-годзьдзю заснаваньня менскага фарнага касьцёла, 225-годзьдзю стварэньня Магілёўскай архідыяцэзыі і 210-годзьдзю Менскай дыяцэзіі. Форум быў арганізаваны каталіцкім касьцёлам у Беларусі пры ўдзеле Нацыянальнага гістарычнага архіву і Інстытуту польскай культуры ў Менску.
Віншавальную тэлеграму удзельнікам канфэрэнцыі даслаў кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Генадзь Нявыглас, Мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філярэт, а таксама дзяржаўны сакратар Папы рымскага Бэнэдыкта XVI, кардынал Тарчызіё Бэртонэ.
Адкрываючы форум, мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч зазначыў, што пра пры тры юбілейныя даты ў гісторыі каталіцкага касьцёлу ў Беларусі, добра ведаюць у Ватыкане:
“Калі я быў у Ватыкане, то сказаў там, што ў нас 500-годзьдзе Фарнага касьцёла, а таксама, што катэдры 210 год. А мне за некалькі хвілін сказалі: а ці памятаеце вы, што сёлета 225 год Магілёўскай дыяцэзыі?”
Упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка прывітальнае слова ўдзельнікам канфэрэнцыі зачытаў на расейскай мове, але завяршыў свой выступ без паперкі і па-беларуску:
“Дазвольце пажадаць удзельнікам канфэрэнцыі посьпехаў, дабрабыту, мудрасьці і ўсяго таго, што робіць нашу Беларусь квітнеючай дзяржавай у Эўропе”.
Гістарычныя крыніцы сьведчаць, што Фарны касцёл Найсьвяцейшай Троіцы фундаваў сам Ягайла. Гэтай сьвятыні зараз няма, але засталася парафія-пераемніца і касьцёл, якія знаходзяцца на вуліцы Залатая Горка. А Магілёўская архідыяцэзія была самая вялікая ў сьвеце і шырылася ад берагоў Балтыкі да далёкага Ўсходу. У навуковых дакладах пра гэта гаварылі культуролягі, мастацтвазнаўцы і гісторыкі Беларусі, Польшчы і Расеі. Вядомы беларускі навуковец Анатоль Грыцкевіч у прыватнасьці адзначыў:
“Пасьля выгнаньня расейскіх войскаў у 18 стагодзьдзі галоўным было адраджэньне касьцёла, і гэта было зроблена. Аднавіліся таксама духоўныыя навучальныя ўстановы, дзе юнакі вывучалі мовы, у тым ліку беларускую. Гэта далучала беларускую моладзь да эўрапейскіх каштоўнасьцяў, да эўрапейскай культуры. Сувязь з Рымам – гэта быў такі факт прыналежнасьці Беларусі да Эўропы. І я нават аднойчы зрабіў такую выснову, што да канца 18-га стагодзьдзя Беларусь была каталіцкай краінай. Большасьць былі грэка-каталікі, менш рыма-католікаў, а праваслаўных толькі 6,5%. Сёньняшнія праваслаўныя – гэта нашчадкі ўніятаў”.
Навуковая канфэрэнцыя “Нашы сьвятыні” – важная падзея перадусім для беларускіх каталікоў і людзей, неабыякавых да гістарычнай спадчыны краіны. Аднак адзначэньне юбіленых дат у жыцьці каталіцкага касьцёлу ў Беларусі – таксама важная міжнародная зьява, падкрэсьліў адказны за СМІ ў сакратарыяце Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, ксёндз Аляксандар Амяльчэня:
“Гэта падзея сапраўды міжнародная і ўнівэрсальная. І гэта падкрэсьліў Папа Рымскі падчас уручэньня яму даверчых граматаў новым амбасадарам Беларусі ў Ватыкане. Жадаючы, пэўна, падкрэсьліць, што каталіцкі касьцёл у Беларусі мае сваю гісторыю і свае карані. Я думаю, што гэта падзея таксама вельмі знакавая напярэдадні візыту ў Беларусь кардынала Тарчызіё Бэртонэ”.
З 18 да 22 чэрвеня Беларусь з афіцыйным візытам наведае дзяржаўны сакратар Папы рымскага Бэнэдыкта XVI, кардынал Тарчызіё Бэртонэ. Ён наведае Горадню і Пінск, сустрэнецца з афіцыйнымі асобамі краіны, прыме дзел у шэрагу рэлігійных імпрэзаў. Тарчызіё Бэртонэ прыязджае ў Менск на запрашэньне ўраду Беларусі.