Ці патрэбная Беларусі атамная электрастанцыя? Па гэтым пытаньні выказваліся сёньня гарадзенцы.
Спадар: “Я ведаю, што энэргія дзяржаве патрэбна і людзям таксама. А дзе і як яе выгадней здабываць, трэба быць эканамістам, каб пралічыць усе варыянты”.
Маладая спадарыня: “Я супраць будаўніцтва. Вы ведаеце, пасьля Чарнобылю горшая экалёгія, шмат людзей хварэюць, хваробы пайшлі праз гэта, я так лічу”.
Дзяўчына: “Для Беларусі, я лічу, гэта выгадна, але што датычыць нас, грамадзянаў, то, канечне, крышачку страшнавата: ці мала што можа здарыцца? Таму я і “за”, і не.
Малады спадар: “Калі АЭС і патрэбна, то не цяпер, зараз трэба ўкладаць грошы ў іншыя галіны”.
Спадар: “Цяжка нам меркаваць: патрэбна нам АЭС ці не патрэбна? Напэўна, раз трэба, то трэба”.
Спадарыня: “Я супраць, мяне палохае другі Чарнобыль”.
Спадарыня: “З пункту гледжаньня здароўя і магчымасьці здарэньня, як у Чарнобылі было, то, канечне, АЭС ня трэба. Але ўлічваючы, што ў мяне бацькі энэргетыкі, і што краіна спажывае энэргію з-за мяжы, плоцячы вялізныя грошы, напэўна, усё ж я трошку “за” станцыю”.
Сталы спадар: “Станцыя трэба”.
Спадар: “Я за будоўлю электрастанцыі атамнай. Адзінае, што ў нас у Беларусі павінны працаваць не расейцы, мажліва гэта будуць французы, японцы ці амэрыканцы. Але калі будаваць, то не з расейцамі”.
Спадар: “Я супраць, я думаю, Чарнобыля дастаткова. І не такая мы дзяржава, каб абавязкова выкарыстоўваць атамную энэргію. Я думаю, іншых відаў электрычнай энэргіі ў нас можа быць дастаткова пры граматным падыходзе”.
Іншы спадар: “Напэўна, яна патрэбна, таму што купляць цяпер энэргію дорага. І таму трэба, напэўна, будаваць. Але ўсё трэба прадумаць вельмі добра”.