“Засмучае, што ЗША паслухмяна падпарадкаваліся ўльтыматуму Менску...”

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111” Эфір 7 траўня 2008 году

У сваіх лістах у гэтыя першыя дні траўня слухачы Свабоды вяртаюцца да найбольш адметных падзеяў апошняга часу — новага абвастрэньня беларуска-амэрыканскага дыпляматычнага канфлікту, а таксама палітычных заяваў прэзыдэнта Лукашэнкі ў нядаўнім пасланьні, агучаным у Палаце прадстаўнікоў.

Нагадаю: 3 траўня пад ціскам беларускіх уладаў Менск вымушаныя былі пакінуць яшчэ 11 амэрыканскіх дыпляматаў. Такім чынам, у амбасадзе ЗША ў Беларусі замест ранейшых 35 дыпляматаў засталіся толькі чацьвёра. Пра магчымую пэрспэктыву поўнага закрыцьця амэрыканскай амбасады — ліст нашага слухача Алеся Кальчыцкага зь Менску. Ён піша:

“Гэта было б зусім лагічнае і зразумелае рашэньне амэрыканцаў. На ціск і прыніжэньні трэба адказваць адэкватна. Тым больш калі гэта датычыць такой супэрдзяржавы, як Злучаныя Штаты.

Беларускі ўладар прызнае і паважае толькі сілу. Ён сам наносіць моцныя і балючыя ўдары — і чакае, якімі будуць дзеяньні ў адказ. Калі адказу няма, дык ён працягне рабіць тое, што захоча.

Тое, што ЗША паслухмяна падпарадкаваліся гэтаму ўльтыматуму Менску, вельмі засмучае.Гэта значыць, што зь імі і надалей будуць абыходзіцца, як захочуць.

Амэрыка — вялікая і багатая краіна. Значэньне Беларусі для яе — мізэрнае. А вось ці абыдзецца Беларусь бяз Злучаных Штатаў? Дакладней, якія наступствы будуць для яе ў выпадку, калі ЗША згорнуць зь ёй любое супрацоўніцтва і папросяць зрабіць гэта ўсіх сваіх эўрапейскіх саюзьнікаў ды партнэраў?”


— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Алесь Кальчыцкі зь Менску.

Як вядома, Злучаныя Штаты адмовіліся ад першапачатковага патрабаваньня зачыніць беларускую амбасаду ў Вашынгтоне і консульства ў Нью-Ёрку, а таксама ад намеру зачыніць сваю амбасаду ў Менску. Але магчымасьць такога разьвіцьця падзеяў застаецца. Як і верагоднасьць новых санкцыяў адносна беларускіх уладаў. Пакуль што амэрыканскія ўлады спрабуюць разьвязаць праблемы, не даводзячы канфлікт да скрайнасьцяў. А весьці дыялёг усё ж зручней, маючы сваіх прадстаўнікоў у краіне, а не адклікаўшы іх.

Да таго ж натуральна, што закрыцьцё амбасадаў у Менску і Вашынгтоне самым нэгатыўным чынам адбілася б на кантактах тысяч і тысяч беларускіх эмігрантаў, якія перабраліся ў ЗША, са сваімі роднымі і блізкімі ў Беларусі.

Наш слухач Васіль Валошка з пасёлку Радашкавічы Маладэчанскага раёну зьвярнуў увагу на тое, што прэзыдэнт Лукашэнка ў сваім нядаўнім пасланьні назваў беларускі народ “гордым”. Гэткае ж азначэньне ён ня раз выкарыстоўваў і ў ранейшых выступах. Слухач з такой ацэнкай не пагаджаецца. У сваім лісьце на “Свабоду” ён піша:

“Пераважнай большасьці нашых людзей уласьціва ня гордасьць, а — страх. Апанаваныя гэтым страхам, мы ідзем на датэрміновае галасаваньне, на суботнікі, уступаем у арганізацыю “Белая Русь”. Усё гэта нам нават не прапануюць, а загадваюць рабіць — пад пагрозай звальненьня з працы альбо адлічэньня з ВНУ. І мы паслухмяна выконваем гэтыя загады. Дзе ж тут наша гордасьць?

А дзе гордасьць, калі нашых суайчыньнікаў ці нас саміх абзываюць “вашывымі блохамі”, “адмарозкамі”, “прадажнымі элемэнтамі”, калі на ўсю краіну з усіх тэлевізараў і радыёпрыймачоў льецца бруд на кандыдата ў прэзыдэнты? І ўсё гэта адбываецца пры нашым маўчаньні. Абурылася адна толькі дачка — за зьняважанага бацьку. А дзе хаця б тая частка насельніцтва, якая галасавала за Казуліна? Думаю, дарэмна ён станавіўся на калені перад людзьмі.

Усім нам калі-небудзь давядзецца трымаць за гэта адказ — і перад Богам, і перад сваімі дзецьмі і ўнукамі. У тым ліку і тым, хто судзіць бязьвінных дзяцей і скрозь пальцы глядзіць на ўчынкі тых, хто павінен паўстаць перад судом за свае дзеяньні. Хто зьбівае дубінкамі ўдзельнікаў мірных шэсьцяў, хто дае хлусьлівыя сьведчаньні ў судзе супраць актывістаў апазыцыі.

Многія скажуць, што страх гэты прышчапіла ўлада — з дапамогай той жа кантрактнай сыстэмы. Хоць гэта і так, але поўным апраўданьнем служыць ня можа.

Так што ня маем мы пакуль што права “людзьмі звацца”, як заклікаў калісьці наш клясык. Тым больш ня можам лічыць сябе гордымі”,


— гэтак лічыць Васіль Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну.

Пытаньне, напэўна, у тым, як людзі ўспрымаюць гэтае сваё існаваньне ва ўмовах пэрманэнтнага страху. Ці выклікае ён у іх абурэньне, нязгоду, пратэст? Альбо, можа, за гады і дзесяцігодзьдзі людзі звыкліся і перасталі ўспрымаць гэты страх як нешта анамальнае і абуральнае? І наадварот, сталі лічыць такое існаваньне па-свойму прывабным, камфортным і стабільным?

Размова, вядома, не пра ўсіх, але ўсё ж пра значную частку беларускага насельніцтва. Колькасьць людзей, якія выходзяць апошнім часам на апазыцыйныя акцыі пратэсту, выразна пра гэта сьведчыць.

У аглядзе пошты 26 красавіка прагучаў ліст Вячаслава Сухарэбскага зь вёскі Русіны Баранавіцкага раёну — супраць будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі, за шырокае выкарыстаньне ўзнаўляльных крыніц энэргіі — ветру, сонца, вады, расьліннага сьвету. Слухач лічыць, што ў сельскай гаспадарцы прыкладам экалягічна чыстага гаспадараньня мог бы стаць пераход да дробных фэрмэрскіх гаспадарак. Маім камэнтаром Вячаслаў Сухарэбскі застаўся незадаволены. У сваім новым лісьце на “Свабоду” ён піша:

“Спадар Жданко, Вы фактычна выступілі з крытыкай фэрмэрскіх гаспадарак Заходняй Эўропы, сказаўшы, быццам я прапаную весьці гаспадарку на ўзроўні пачатку XX стагодзьдзя — хадзіць за плугам, малаціць цэпам. Практычна Вы ўхвалілі згубную, прыгонную калгасную сыстэму, у якой на сем прыганятых адзін араты. У калгасах угнаеньні з фэрмаў возяць на адлегласьць пяць кілямэтраў і далей, а зерне з поля — за 10—15 кілямэтраў. Трактары і аўтамабілі зь “Сельгастэхнікі” на працу ганяюць за 30 кілямэтраў. Усім вядома, што ў калгасах пануе беспрабуднае п’янства (асабліва пасьля зарплаты), а крадуць пры любым зручным выпадку.

Прыедзьце ў Русіны (ці ў любую іншую вёску), і вы ў гэтым пераканаецеся. Вы зрабілі вялікую памылку, калі кінулі камень у бок фэрмэрства. Гэта — будучыня Беларусі. Калгасная сыстэма нежыцьцяздольная, і вы будзеце сьведкам яе распаду і ліквідацыі. А фэрмэрскія гаспадаркі — гэта навечна.

Пабудуйце фэрмэрскія гаспадаркі па 3—4 сумесна, дайце ім зямлю побач з домам і малую мэханізацыю паводле заходнеэўрапейскага стандарту — і ў крамах будуць прадукты нашмат больш якасныя і танныя”,


— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Вячаслаў Сухарэбскі зь вёскі Русіны Баранавіцкага раёну.

Мяркую, спадар Сухарэбскі, што распад і ліквідацыя калгаснай сыстэмы адбываюцца ўжо сёньня, у нас на вачах. І калі ўлада ажыцьцёвіць свае шматкроць паўтораныя пагрозы і перастане фінансаваць стратныя гаспадаркі — гэты працэс стане імклівым і масавым.

Альтэрнатывы фэрмэрству няма. Іншая рэч — ці стануць узорам эфэктыўнасьці і экалягічнай чысьціні менавіта дробныя фэрмэрскія гаспадаркі, як мяркуеце вы? Менавіта гэта я меў на ўвазе, калі казаў, што сучасныя сяляне наўрад ці пагодзяцца адмовіцца ад трактараў, камбайнаў і мэханізацыі на фэрмах. А таксама ад мінэральных угнаеньняў, ад хімічных сродкаў аховы расьлін, ад зернесушыльных комплексаў і ад многіх іншых атрыбутаў сучаснай сельскай гаспадаркі, якія патрабуюць немалых затратаў і паліва, і электраэнэргіі.

Пра моўную сытуацыю ў Беларусі і стаўленьне да беларускай мовы з боку дзяржавы разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” Алесь Харытончык зь вёскі Лозкі Лагойскага раёну. Слухач піша:

“Даўно было, а дагэтуль памятаецца эпізод цырымоніі закрыцьця кінафэсту “Лістапад” у Менску, калі падчас узнагароджаньня ляўрэатаў на сцэну са словамі падзякі выйшаў швэдзкі амбасадар і загаварыў па-беларуску. Ды з такім выдатным веданьнем мовы! Бачылі б вы рэакцыю расейскай кінаэліты ў гэты час. Магчыма, яны ўпершыню пачулі беларускую мову. Прынамсі, вельмі многія былі моцна ўражаны і зьдзіўлены. Магчыма, камусьці было і сорамна, што нічога з той прамовы не зразумеў. Здаецца, блізкія народы, а па-беларуску гаворыць нейкі далёкі швэд. А мне ў тыя хвіліны было сорамна, што ніхто, апроч швэдзкага амбасадара, па-беларуску на тым “Лістападзе” больш не размаўляў”,

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Алесь Харытончык зь вёскі Лозкі Лагойскага раёну.

Кіраўнік аддзяленьня амбасады Швэцыі ў Менску Стэфан Эрыксан, сапраўды, адметная асоба ў дыпляматычным корпусе. Ён працуе ў Беларусі два з паловай гады і за гэты час выдатна вывучыў беларускую мову, якой актыўна карыстаецца.

Увогуле, беларуская мова на розных дыпляматычных імпрэзах нярэдка гучыць у прамовах амбасадараў Злучаных Штатаў Амэрыкі, Літвы, Польшчы, іншых заходніх дзяржаў. У беларускіх чыноўнікаў, якім на такіх імпрэзах належыць выступаць са словамі ў адказ, гаварыць альбо чытаць тэкст па-беларуску атрымліваецца не заўсёды.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by