Літва блякуе пагадненьне паміж Эўразьвязам і Расеяй

Літоўскі нафтаперапрацоўчы завод у Мажэйкяі

Падчас пасяджэньня міністраў замежных справаў Рады Эўразьвязу ў Люксэмбургу Літва наклала вэта на пачатак новых перамоваў з Расеяй. Вільня заявіла, што здыме вэта толькі пасьля аднаўленьня паставак нафты па нафтаправодзе «Дружба».
У дэклярацыі ў пытаньні энэргетыкі Эўразьвязу Літва прапануе замацаваць абавязаньне Расеі трымацца ўсіх патрабаваньняў дамовы Хартыі энэргетыкі. Яна заклікае расейскі бок больш актыўна супрацоўнічаць у вырашэньні пытаньня аднаўленьня забесьпячэньня энэргетычных рэсурсаў па нафтаправодзе «Дружба».

Літва вылучыла чатыры дэклярацыі з патрабаваньнямі, якія павінны стаць складовай часткай мандату на перамовы з Расеяй. Літоўскія дыпляматы патрабуюць гарантыяў энэргетычнай бясьпекі, аднаўленьня працы нафтаправоду «Дружба» і вырашэньня замарожаных канфліктаў у Грузіі і Малдове.

Таксама Літва патрабуе юрыдычнай дапамогі Расеі ў расьсьледаваньні зьнікненьня літоўскага прадпрымальніка Станіслaваса Юцюса ў Калінінградзкай вобласці.

Апроч гэтага, Літва хоча заручыцца гарантыямі супрацоўніцтва Расеі ў расьсьледаваньні крымінальных спраў пра дзеяньні савецкіх узброеных сілаў 13 студзеня 1991 г. у Вільні і пра расстрэл рыскім АМАПам літоўскіх мытнікаў 31 ліпеня таго самага году ў Медніках.
Літва таксама імкнецца да таго, каб да мандату на перамовы дадавалася дэклярацыя пра кампэнсацыю шкоды асобам, што былі дэпартаваныя з краінаў Балтыі падчас савецкай акупацыі.

Заіка: "Расея кіруе нафтай як геаэканамічнай зброяй"

Эканаміст Леанід Заіка лічыць, што спыненьне паставак нафты на Літву па “Дружбе” - гэта прыклад імпэрскіх паводзінаў Расеі. А як гэтая сытуацыя адаб’ецца на Беларусі?

“Гэта сытуацыя спрыяе Беларусі. Тое, што Літва можа дзейнічаць такім чынам, паказвае новыя геаэканамічныя рэаліі ў Эўропе і сьвеце. Хто мог бы падумаць гадоў дзесяць таму, што маленькая краіна можа накласьці вета і зрабіць так балюча расейскім палітыкам.

Адносна нафты сытуацыя таксама спрацоўвае на карысьць Беларусі, бо мы апынуліся год таму ў яшчэ больш цяжкай сытуацыі. Расея кіруе нафтай як геаэканамічнай зброяй. Яна на пэўны тэрмін пазбавіла сыравіны нашых двух нафтаперапрацоўчых заводаў. За гэта прэзыдэнт пасадзіў кіраўніка “Белнафтахіма” беспадстаўна. І толькі напрыканцы года сытуацыя выправілася.

Пакуль Літва знаходзіцца на галодным пайку, Расея можа наогул пайсьці на прынцып і заблякаваць пастаўкі нафты ў Мажэйкяй. Што балюча ўдарыць па Літве. Але, думаю, што Расея можа хутка ўсё перайграць і нафта пойдзе ў Літву.
Пакуль літоўскі нафтаперапрацоўчы завод будзе знаходзіцца ў такой сытуацыі, бэнзын ня будзе даражэць, у пэўнай ступені ўзмоцняцца пазыцыі такіх дылераў як “Лукойл”.Беларускі “Лукойл” таксама атрымае магчымасьць больш пастаўляць нафтапрадуктаў у Літву. Ёсьць пэўныя плюсы для Беларусі”

Ландсбэргіс: "Калі гэта дазволны адносна Літвы, гэта дазволена адносна Эўразьвязу"


Якая шкода нанесена Літве ў зьвязку са спыненьнем паставак нафты па “Дружбе”? На гэтае пытаньне эўрапарлямэнтар Вітаўтас Ландсбэргіс сказаў:

“Шкода ня толькі для Літвы. Літва сутыкаецца з такімі падыходамі і такімі дзеяньнямі Расеі ўжо ня толькі як Літва, а і як частка Эўразьвязу.Так што калі гэта дазволена адносна Літвы, то дазволена адносна ЭЗ. Літва хоча, каб з ЭЗ Расея лічылася. Расея, відаць, думае, што можна не лічыцца. Альбо выступаючы супраць адной краіны, альбо прапануючы нешта карыснае адной краіне -- Расея можа расхістваць зьвяз. І каб тая, супраць якой прыняты нейкія дзеяньні, была пакінута ў адзіноце. Так як было з Эстоніяй і яшчэ раней з Латвіяй. Ці паважае ЭЗ сам сябе?

Калі ўжо Літва рашылася, то гэтыя пытаньні будуць заставацца на парадку дня, пакуль Расея не адчуе сябе больш схільнай да размовы, больш гатовай да таго, каб рухацца да дамовы з Эўропай”.

“Дружба” нясе страты


Камэнтуючы карэспандэнту “Свабоды” сытуацыю зь літоўскім вэта, прадстаўнік Наваполацкай «Дружбы», які пажадаў застацца неназваны, сказаў, што ад спыненьня паставак нафты ў Літву прадпрыемства нясе страты. У якіх аб'ёмах? Ён назваў гэтую інфармацыю канфідэнцыйнай. Ён заявіў, што Расея перастала пампаваць нафту на Літву:

«Папярэдне, на 57 кіламэтры ў іх адбылася аварыя. Пасьля гэтага быў паменшаны ціск на выкідзе станцыі, якая знаходзіцца ў Расеі. У зьвязку з памяншэньнем ціску тыя аб'ёмы, якія раней пастаўляліся на Балтыю, іх немагчыма прапампоўваць.

Мы ж пастаўляем нафту на «Нафтан» у Наваполацку. А гэтыя трубаправоды ад Полацка на Балтыю прастойваюць. Бо маршрутных даручэньняў на перапампоўваньне нафты з Полацка на краіны Балтыі няма.

Нашы нафтаправоды гатовыя працаваць у тых аб'ёмах, якія былі да аварыі».


Да Беларусі Літва прэтэнзіяў ня мае

Кіраўніца дэпартамэнту інфармацыі Міністэрства замежных спарваў Літвы Віялета Гайжаўскайце паведаміла:

"Літва накіравала свае прапановы па мандату перамоваў Эўразьвязу з Расеяй. Так як перамовы ня мелі посьпеху, то не прынята рашэньне аб пачатку перамоваў ЭЗ-Расея. Аднаўленьне працы нафтаправоду «Дружба» - адно з пытаньняў, якое мы хацелі ўключыць у мандат перамоваў ЭЗ-Расея. Бо шўжо прыкладна цягам двух гадоў гэты нафтаправод не працуе. І расейскі бок не дае нават тлумачэньняў Літве чаму гэта адбываецца, ці будзе Расея рамантаваць трубаправод ці неяк інакш вырашаць гэтае пытаньне. Літва прапаноўвала і сваю тэхнічную дапамогу. Нашы спэцыялісты маглі б удзельнічаць у рамонце, але мы не маем ніякіх адказаў з Расеі, як гэта будзе далей?Але гэта толькі адно пытаньне з чатырох, якое мы хацелі б прапанаваць для ўключэньня ў мандат новага пагадненьня ЭЗ-Расея».

Таксама Віялета Гайжаўскайце паведаміла:

“Мы маем вялікі завод па перапрацоўцы нафты, саўладальніцай якога зьяўляецца польская фірма. Але Літва мае свой нафтатэрмінал у Балтыйскім моры, куды нафта дастаўляецца танкерамі. Але па трубаправодзе гэта абыходзіцца таньней. Але завод працуе. Але нам не ясна чаму Расея нібыта па тэхнічных прычынах нічога ня робіць, каб гэтыя пастаўкі былі гарантаваныя”.

Пастаўкі нафты нібыта спыненыя з-за аварыі на трубаправодзе ў раёне Ўнечы. Адтуль адна галіна ідзе ў Беларусь праз Мазыр, дзе нафта пастаўляецца. А другая галіна ідзе праз Полацк на Літву і па ёй ужо два гады нафта не пастаўляецца.

Таксама Віялета Гайжаўскайце заявіла, што Літва ня мае прэтэнзій да Беларусі, бо яна не зьяўляецца адказнай па нафтаправоду “Дружба”.

Трубаправод “Дружба” мае каля 6 тысяч кіламэтраў. Ён праходзіць праз Беларусь, Польшчу, Нямеччыну, Украіну, Чэхію, Славакію і Вэнгрыю. Пагадненьне пра будаўніцтва трубаправода было падпісана 18 сьнежня 1959 года. Ён цягнецца ад Самары (Расея) да Бранскай вобласьці. Тут ад яго пачынаецца галіна Ўнеча, Полацк, Мажэйкяй, Вентспілс. Асноўная труба з Бранску ідзе на захад у Беларусь. Адсюль пачыналіся дзьве галіны “Дружбы”. Адна ідзе праз Польшчу ў Нямеччыну, а другая праз Украіну ў Чэхію і Вэнгрыю. Апошнім часам па заходняй сыстэме “Дружбы” перапампоўвалася каля 80 мільёнаў тон нафты ў год. Гэтая нафта паступае й на перапрацоўчы завод у Мазыры.

Пад час энэргетычнага канфлікту 7 студзеня мінулага года Беларусь спыніла транзыт расейскайі нафты ў Эўропу па нафтаправодзе «Дружба». Яна запатрабавала ад расейскага боку выплаты мыта на транзыт нафты. Мыта (45 даляраў за тону) было ўстаноўлена заднім чыслом ад 1 студзеня 2007 года. Расея запатрабавала адмены гэтага мыта і аднаўленьня транзыту ў Эўропу. Увядзеньне мыта Расея ацаніла як “беспрэцэдэнтную меру, якая супярэчыць міжнародным нормам”.

Пастаўкі нафты аднавіліся толькі 11 студзеня 2007 года Беларусь аднавіла транзыт расейскай нафты ў накірунку Польшчы, Нямеччыны, Украіны, Славакіі, Чэхіі і Вэнгрыі.