Лукашэнка пра Чарнобыль, будаўніцтва АЭС і Расею

Аляксандар Лукашэнка ў часе наведваньня Хойніцкага раёну зрабіў шэраг заяваў пра вырашэньне чарнобыльскіх праблемаў, стасункі з Расеяй і наконт будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі.

Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва БелТА, сёньня, наведваючы Хойніцкі раён, Аляксандар Лукашэнка згадаў, што, як толькі стаў прэзыдэнтам, наведаў забруджаныя раёны і гаварыў тады пра тое, што прыйдзе час, і “мы вернемся на гэтыя землі і будзем жыць годна”.
90% малака з пацярпелых раёнаў прыдатныя для дзіцячага харчаваньня.
А.Лукашэнка


Паводле кіраўніка дзяржавы Лукашэнкі, цяпер “мы бачым абноўленыя гарады. У гэтых раёнах на 20 працэнтаў зьменшылася сьмяротнасьць, павысілася нараджальнасьць”. Паводле Лукашэнкі,
90% малака, якое вырабляюць на прадпрыемствах у пацярпелых раёнах, паводле самых жорсткіх стандартаў Эўразьвязу прыдатныя быць кампанэнтамі для дзіцячага харчаваньня.

Аляксандар Лукашэнка выказаўся і наконт будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі. Ён перакананы, што выступы асобных навукоўцаў супраць будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі маюць палітычны складнік. “Гэта другая чарнобыльская палітычная хваля. Некаторыя сёньня спрабуюць эксплюатаваць гэтую тэму, але я гэтага не дазволю”, сказаў кіраўнік Беларусі.

У часе наведваньня Хойніцкага раёну Аляксандар Лукашэнка таксама заявіў, што Беларусь ня можа стаць часткаю іншай дзяржавы. “Той шлях, які прапанавала Расея, для нас непрымальны”, сказаў ён.

Пры гэтым, “Расейскай Фэдэрацыі трэба пагадзіцца, што ў яе на Захадзе ёсьць адзінае апірышча. Сяброўская дзяржава, якая ніколі не падводзіла і не падвядзе. Але яна павінна быць сувэрэннай дзяржавай”.

Як сказаў Аляксандар Лукашэнка, сёньня эканоміку Беларусі можна ацаніць ў суму каля трыльёна даляраў, а не 10 мільярдаў, як гэты было раней.

“Усе хочуць гэты смачны кавалак у цэнтры Эўропы прыхваціць. Я сказаў: не. Я гэты сумленна і шчыра сказаў сваім партнэрам”.