Трансплянталёгія ў Беларусі перажывае ўздым. Такога меркаваньня трымаюцца мэдыкі і тыя, каму ўдалося атрымаць дапамогу ў выглядзе донарскай ныркі, коснага мозгу ці печані.
Праўда, у чарзе па ўнутраныя органы стаяць дзясяткі людзей. Часткова праблему павінен вырашыць Цэнтар трансплянталёгіі, які на загад Аляксандра Лукашэнкі зьявіцца на базе 9-га клінічнага шпіталю ўжо самым бліжэйшым часам.
Да апэрацыяў па перасадцы нырак і коснага мозгу, якія ў Беларусі пастаўленыя нядаўна, дадалася трансплянтацыя печані. Цягам некалькіх тыдняў былі зробленыя дзьве перасадкі (апошняя – 15 красавіка), пацыенты адчуваюць сябе добра. Ці будуць надалей такія апэрацыі рабіцца, як то кажуць, канвэерам? На гэтае пытаньне адказвае дырэктар Цэнтру трансплянтацыі і клеткавых тэхналёгій Анатоль Ус:
“Ну, гэта ўжо вам ацэньваць. Калі дзьве апэрацыі выканалі, то як лічыць? Канечне, на паток гэта яшчэ не пастаўлена, але дзьве апэрацыі ў клініцы – гэта ж не ў экспэрымэнце на жывёлах, так? Таму, бясспрэчна, што тэхналёгіяй спэцыялісты валодаюць дасканала. Калі зрабілі, то, па-мойму, гэта відавочна. Але тут вельмі шмат яшчэ пытаньняў. Дзеля таго, каб ставіць на паток, патрэбны пэўныя рэсурсы, структуры. Але гэта ўжо асобная размова. Мы, безумоўна, удзячныя прэзыдэнту, што ён паабяцаў дапамогу. Цяпер апарату кіраваньня неабходна рэалізаваць указаньні ці пажаданьні прэзыдэнта”.
На апэрацыі за мяжой грошай у дзяржавы няма
На гэтым і мінулым тыдні каманда намесьніка галоўнага лекара 9-га менскага клінічнага шпіталю Алега Румо зрабіла дзьве апэрацыі па перасадцы печані. Сам спадар Румо стажыраваўся ў Нямеччыне, дзе ўдзельнічаў у больш чым 30-ці апэрацыяў па трансплянтацыі гэтага органу.
Аднак ацэньваць вынікі апэрацыі, якая цягнулася 10 гадзінаў, лекар пакуль не сьпяшаецца:
“Калі гэта будзе сотая апэрацыя, тады вы зможаце сказаць, што тэхналёгія адпрацаваная. Пакуль гэтая апэрацыя толькі другая”.
Як кажа Алег Румо, адным з галоўных складнікаў пасьпяховай апэрацыі і далейшай рэабілітацыі ёсьць якасьць донарскіх органаў. Але гэтая тэма нават для яго ў плоскасьці маральна-этычных нормаў:
“Хто донар – гэта ўвогуле з катэгорыі этычных паняцьцяў. Я падборам донараў не займаюся, гэтым займаецца спэцыяльнае аддзяленьне 4-га шпіталю. Нас да донараў увогуле не дапускаюць. Нам кажуць, што ёсьць нейкі орган якойсьці групы. Калі мы атрымліваем інфармацыю, то прыяжджаем, і калі гэты орган добрай якасьці. Мы яго забіраем. Так адбываецца пошук. То бок, тут такі маральна-этычны момант, каб мы да гэтай справы ня мелі ніякіх адносінаў. І мы ня маем. Што да хворай, то яна, канечне, нашая, з нашага ліста чаканьня. Жанчыне 51 год, амаль 52”.
У 1993 годзе спэцыялістамі Цэнтра трансплянтацыі была ўпершыню зробленая перасадка коснага мозгу. У сярэднім, паводле кіраўніка ўстановы Анатоля Уса, колькасьць апэрацый з косным мозгам і камлёвымі клеткамі вагаецца ад 40 да 70 штогод.
А ці гатовыя спэцыялісты да трансплянтацыі донарскага сэрца і лёгкіх? Прынамсі, пра гэта на мінулым тыдні вялася гаворка на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі.
Анатоль Ус кажа, што на навуковым узроўні мэдыкі да гэтага гатовыя, затрымка – у матэрыяльнай базе.
Так, сёньня кансыліюм Міністэрства аховы здароўя адмовіў 13-гадоваму Антону Дабрасельскаму ў накіраваньні на перасадку сэрца за мяжой. Ведамства не знайшло 500 тысяч эўра, каб дапамагчы хлопчыку:
“Сёньня няма той галіны мэдыцыны, у якой не ўжывалася б трансплянталёгія. У абдамінальнай хірургіі (ад лацінскага слова “абдомэн” – жывот) гэта нырка, печань, падстраўнікавая залоза. Кардыятаракальная хірургія – гэта ўжо іншы аспэкт, іншая спэцыяльнасьць спэцыялістаў – кардыяхірург і таракальны хірург. То бок, іншая брыгада. Калі гаворка пра косны мозг, то гэта гематолягі – спэцыялісты, якія займаюцца паталёгіяй крыві. І гэтак далей. Таму таракальная і кардыяхірургія – перасадкі лёгкага і сэрца – гэта іншая брыгада, лекары іншай спэцыяльнасьці”.
Усе апэрацыі ў трансплянталёгіі нырак, печані, коснага мозгу для пацыентаў зь ліста чаканьня бясплатныя.
Дзень перасадкі – другі дзень нараджэньня
Як кажа жыхарка Менска Сьвятлана Тамашова, сыну якой пасьля пяцігадовага чаканьня лекары перасадзілі донарскую нырку, у бальшыні беларускіх хворых папросту няма іншай альтэрнатывы, як чакаць дапамогі на радзіме. Вялізных сумаў, неабходных для апэрацыі за мяжой, сабраць практычна нерэальна. А на прыкладзе са сваім сынам Андрэем спадарыня Сьвятлана не сумняецца, што адпаведным прафэсіяналізмам беларускія лекары валодаюць:
“Увогуле, гэта людзі цудоўныя, людзі ведаюць сваю справу. І тое, што яны дапамагаюць нам, вось такім бездапаможным, якія ня могуць сабе дапамагчы практычна ніяк, то я лічу гэта на ўзроўні гераізму. І людзі там цудоўныя: і мэдсёстры, і лекары. Ткачоў Леанід Пятровіч – увогуле чалавек-казка. Да яго можна зьвярнуцца па любым пытаньні. І тое, што робяць нашы лекары – перадусім Ткачоў і ягоная каманда, – яны робяць незаменную для людзей справу. Была днямі ў 4-й клініцы, трэба было ўзяць выпіску, зноў была апэрацыя. Нават былі дзьве апэрацыі ў той дзень. Таму заплянаванае адкрыцьцё новага цэнтра – гэта ўвогуле цудоўна будзе. Зараз пайшло вельмі шмат перасадак. І ўжо практычна не хапае той апэрацыйнай палаты, і колькасьць мэдпэрсаналу трэба павялічваць”.
Якраз сёньня ў сям’і Ярмаковых адзначаюць фактычна другі дзень нараджэньня Надзеі – другой з чатырох дачок. Роўна два гады таму Надзеі перасадзілі нырку.
“Гэта было 18 красавіка 2006 году. Цяпер можам сказаць, што ў пэўным сэнсе нам проста пашанцавала, бо звычайна чаканьне цягнецца нашмат больш. Два гады – вельмі маленькі тэрмін. Дагэтуль Надзя на дыялізе была два гады, а ўвогуле ў яе такі дыягназ з 2001 году (сама яна 1990 году нараджэньня). І вось як яна на дыяліз пайшла, яе адразу ж паставілі на ўлік у 4-м клінічным шпіталі. Там кампутарызаваны ўлік кожныя тры месяцы бралі кроў, кантроль не спыняўся, і вось урэшце так атрымалася, што затэлефанавалі і паведамілі, што ёсьць донар. І апошні год яна практычна ўвесь час знаходзілася ў Менску, у 2-м клінічным шпіталі”.
Жыцьцё амаль паўтары тысячы чалавек у Беларусі наўпрост залежыць да гемадыялізу, працэдуры ачысткі крыві. Для абсалютнай бальшыні выратавальнай стала бы перасадкі донарскай ныркі. Гэта тычыцца і вялікай колькасьці дзяцей, жыцьцё якіх азмрочанае цяжкой хваробай ныркавай недастатковасьці. Сваёй чаргі многія чакаюць па 5-7 гадоў.
У 2-м клінічным дзіцячым шпіталі ў Менску паведамілі, што тут лекуюцца больш за 20 дзяцей і падлеткаў, пераважна іншагародніх:
“У асноўным тут жывуць іншагароднія. Менчукі таксама, але калі ў іх стан больш-менш прымальны (а стаж у іх вымяраецца гадамі), то іх забіраюць бацькі і праз дзень прывозяць. То бок, празь дзень яны чатыры гадзіны ляжаць пад апаратамі гемадыялізу, цалкам кроў перапампоўваецца праз апараты і ачышчаецца. Гарадзкія езьдзяць дахаты, але іх, трэба сказаць, ня так шмат. Але ўсе яны праз дзень атрымліваюць сэансы гемадыялізу і спадзяюцца на перасадку”.