Такое рашэньне прынятае сёньня на экстраным паседжаньні Палітычнай рады партыі.
Зьезд пройдзе ў два этапы. Першы, на якім абяруць новае партыйнае кіраўніцтва, адбудзецца на сядзібе Партыі БНФ. Месца правядзеньня другога, неафіцыйнага, этапу пакуль ня вызначана. Прадстаўнікі АГП кажуць, што ён можа адбыцца на Кастрычніцкай плошчы або ля будынку Менгарвыканкаму.
Толькі двое зь сяброў палітрады выказаліся за перанос партыйнага форуму на іншы тэрмін. Усе астатнія прагаласавалі за тое, каб праводзіць зьезд 20 красавіка, паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі лідэр АГП Анатоль Лябедзька:
“Мы палічылі, што перанос — гэта праява нашай слабасьці. Гэта азначала б, што мы ідзем па той канве, якая падрыхтаваная для нас зьверху. Да таго ж перанос азначаў бы новыя праблемы зь Міністэрствам юстыцыі. І самае галоўнае — няма ніякіх гарантыяў, што пазьней мы зможам правесьці зьезд у новых умовах”.
Праблема зь месцам правядзеньня зьезду ўзьнікла пасьля таго, як Менгарвыканкам даслаў на адрас партыі афіцыйны адказ, у якім напісана: “Інфармуем, што вызначэньне месца правядзеньня мерапрыемства зьяўляецца абавязкам асобаў, якія адказныя за арганізацыю і правядзеньне гэтага мерапрыемства”.
Спадар Лябедзька кажа: звароту па дапамогу ў сталічны гарвыканкам папярэднічалі аж 23 адмоўныя адказы з розных установаў, дзе партыйнае кіраўніцтва хацела арандаваць залю:
“Тое, што адбываецца, гэта беспрэцэдэнтна. У гісторыі дачыненьняў апазыцыйных партыяў з рэжымам такога яшчэ не было. Былі праблемы, дазвол часам давалі літаральна за некалькі дзён да пачатку, але яго давалі.
Я думаю, тое, што адбываецца, — гэта зьвёны аднаго ланцуга. Спачатку падзеі 25 сакавіка, потым пагромы ў месцах, дзе працавалі незалежныя журналісты. Гэта ўсё — адно”.
Палітоляг Юрась Чавусаў згадвае, што нешта падобнае ў сучаснай беларускай гісторыі ўжо было. Прынамсі, улады некалькі разоў не давалі магчымасьці правесьці зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), калі яе старшынём абіралі Аляксандра Казуліна:
“Таму казаць, што адбываецца зусім беспрэцэдэнтнае, я б ня стаў. А ў пляне таго, што партыі не далі памяшканьня? Усе ведаюць, што нерухомасьць у сталіцы Беларусі знаходзіцца пад дзяржаўным кантролем. І таму ўладарам гэтых заляў нават не патрэбна даваць адмысловы загад, каб яны не давалі памяшканьня апазыцыі. Яны самі гэтага баяцца. А досьвед зьезду Партыі БНФ паказвае, што патрэбны адмысловы загад з адміністрацыі, каб далі залю”.