Міністар фінансаў ЗША 31 сакавіка абнародаваў плян кардынальнай рэформы, якая зьменіць мэханізм рэгуляваньня фінансавых рынкаў краіны. Цяпер кантроль ураду мае стаць больш жорсткім і дакладным. Ці могуць гэтыя крокі спыніць падзеньне даляра? Як выбраць балянс паміж вольным рынкам і дзяржаўным рэгуляваньнем эканомікі? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Аляксандар Чубрык
Цыганкоў: “Рэформы, якую мае правесьці міністэрства фінансаў ЗША, называюць самай радыкальнай ад часоў Грамадзянскай вайны. Найперш пашыраюцца магчымасьці і кантрольныя функцыі Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы – гэта накшталт Нацыянальнага Банку. Ці могуць гэтыя крокі спыніць магчымую рэцэсію эканомікі ЗША і ці могуць яны спыніць падзеньне курсу даляру?”
Чубрык: “Наконт рэцэсіі -- гэта пытаньне хутчэй больш доўгатэрміновае, зьвязанае з усёй структурай амэрыканскай эканомікі. А тут гэта пытаньне грашовага рынку і даверу да банкаўскай сыстэмы ЗША. З гэтага пункту гледжаньня гэтыя крокі Міністэрства фінансаў падаюцца мне даволі правільнымі, у тым сэнсе, што гэта можа быць успрынята патэнцыйнымі інвэстарамі як станоўчы крок, які будзе спрыяць пэўнага падвышэньню даверу да фінансавага рынку ЗША. Але ж трэба, каб прайшоў пэўны час, каб людзі пачалі бачыць, што гэтыя захады маюць нейкія вынікі.
Цыганкоў: "Такім чынам, калі падвышэньне даверу, калі можа замежныя інвэстыцыі больш рашуча пойдуць у ЗША, можа гэта умацуе курс даляру?"
Чубрык: "Мяркую, што такія заявы і пачатак такой рэформы могуць паспрыяць умацаваньню даляру ў кароткатэрміновай пэрспэктыве. Проста як рэакцыя рынкаў, як водгук на гэтыя рашэньні. Але гэта будзе дастаткова спэкуляцыйны чыньнік. А фундамэнтальна ўсё будзе залежыць ад таго, як пакажа сябе эканоміка ЗША ў першым квартале. Гэта будзе нейкім чынам уплываць на даляр. Зноў жа, працэнтныя стаўкі пакуль што нізкія – і гэта не спрыяе ўмацаваньню даляру".
Цыганкоў: "ЗША справядліва лічыцца адной з самых лібэральных краінах у эканамічных пытаньнях. І вось зараз яна ўводзіць крокі, якія ўзмацняюць кантроль дзяржаўных органаў над фінансавымі рынкамі. Як выбраць балянс паміж вольным рынкам і дзяржаўным рэгуляваньнем эканомікі?"
Чубрык: “Пытаньне ў тым, ці гэта будзе кантроль, ці гэта проста замацаваньне нейкіх умоваў дзейнасьці. Калі былі пэўныя хібы ў тых інстытутах, якія існавалі, гэта азначае, што нешта трэба мяняць у тых інстытутах. Калі дзяржава проста не падвышае кантроль, ня ўмешваецца ў дзейнасьць гэтых фінансавых структураў (як, напрыклад, у Беларусі), а проста ставіць пэўныя “умовы гульні” -- я лічу, гэта даволі апраўданы крок".