Напярэдадні Міжнароднага дня тэатру, які адзначаўся 27 сакавіка, госьцем “Вольнай студыі” быў актор і рэжысэр Павал Харланчук.
У 2006 годзе ён быў звольнены з Расейскага драматычнага тэатру імя Горкага – за ўдзел у пратэстнай акцыі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.
“У дзяржаўныя тэатры я нават не спрабаваў уладкавацца”
Міхась Скобла: “Павал, мінула амаль два гады з таго часу, як вас звольнілі з Расейскага драматычнага тэатру імя Горкага. Ці знайшлі вы сабе працу?”
Павал Харланчук: “Не, не знайшоў. Мая працоўная кніжка ляжыць дома. Натуральна, я хацеў бы працаваць па спэцыялізацыі. Але ў дзяржаўныя тэатры я нават не спрабаваў уладкавацца. Таму што ведаю, сытуацыя са мной такая, што наўрад ці мяне туды ўзялі б. Я нават хадзіў наймацца ў “McDonald’s”.
Скобла: “Вы былі згодныя разносіць гамбургеры?”
Харланчук: “А што рабіць? Трэба ж, каб працоўная кніжка недзе ляжала, трэба, каб стаж ішоў. Але і ў “McDonald’s” мяне не ўзялі. Можа быць, з-за ўзросту, ня ведаю”.
“Магчыма, я й вярнуўся б у Расейскі драматычны тэатар. Там засталося шмат людзей, зь якімі я хацеў бы працаваць”
Скобла: “Вы – адносна малады актор і рэжысэр, падчас вашага скандальнага звальненьня вам было толькі дваццаць восем гадоў. І вось карыфэй тэатру, народны артыст Савецкага Саюзу Расьціслаў Янкоўскі гаворыць вам у вочы: “Я не хачу зьяўляцца з вамі на адной сцэне!” Вас гэта ня выбіла з творчай каляіны? Ня змусіла зьняверыцца ў сваіх сілах?”
Харланчук: “З творчай каляіны ня выбіла, а з чалавечай – то так. Бо Янкоўскі адмаўляўся выходзіць разам са мной на сцэну з-за маёй грамадзянскай пазыцыі, а не з-за таго, што я кепскі актор. Быццам бы я паставіў сваю грамадзянскую пазыцыю над усім: над тэатрам, над працай – так мне гаварылі ў тэатры. Але мне здаецца, што яны былі вымушаныя звольніць мяне. Вымушаныя. А гэта – першая прыкмета таго, што яны несвабодныя людзі.
Але я не трымаю на іх крыўды. І актора Янкоўскага я па-ранейшаму паважаю, ён таленавіты, хоць некаму ён можа не падабацца. Але як чалавека я яго не разумею. Мне шкада, што ва ўсім сказаным мне кіраўнікамі тэатру было менш за ўсё іхніх уласных думак. А былі думкі, навязаныя зьверху, ці збоку. Так мне здаецца”.
Скобла: “Звальняў вас мастацкі кіраўнік Расейскага драмтэатру Барыс Луцэнка. Але вось і самога Луцэнку звольнілі, ці ён сам сышоў (я ня ведаю падрабязнасьцяў). Калі новы мастацкі кіраўнік пакліча вас вярнуцца ў тэатар, як вы паступіце?”
Харланчук: “Ох, я нават ня думаў пра гэта. У тэатры засталося шмат людзей, якіх я вельмі люблю і зь якімі мне хацелася б працаваць далей. Магчыма, я й вярнуўся б”.
Скобла: “Сьцены гэтага тэатру для вас па-ранейшаму прытульныя?”
Харланчук: “Ня сьцены, а людзі, зь якімі я пачынаў. Ведаеце, справа ж была ня толькі ў Луцэнку. Ён проста выконваў загад. Хоць я ня ўпэўнены на сто адсоткаў, хто там аддаваў загады, а хто быў выканаўцам. Пэўную ролю ў маім звальненьні адыграў дырэктар тэатру, а ён там па-ранейшаму працуе. І вось дырэктар ніколі не дапусьціць, каб я вярнуўся”.
“Адзін расейскі рэжысэр сказаў: ды я любога беларускага актора здыму за адзін пачак цыгарэт!”
Скобла: “За час вашага афіцыйнага беспрацоўя ў вас нарадзілася дачка. Сям’я вымагае немалых выдаткаў. Дзе вы зарабляеце на хлеб надзённы?”
Харланчук: “Стараюся падпрацаваць дзе толькі магчыма. Раблю агучку на радыё, ёсьць у мяне дзіцячая перадача, я там за кадрам гучу. Потым ёсьць такое акторскае слова “халтура”… Летась мне пашанцавала – шмат здымаўся ў кіно. Зьняўся ў пяці ці нават шасьці карцінах. Ролі пераважна эпізадычныя, але і галоўная адна была. Здымаўся пераважна тут, у Беларусі. Толькі на здымкі аднаго фільму езьдзіў у Расею, у горад Серпухаў”.
Скобла: “Прабачце за нетактоўнае пытаньне. Расейскія рэжысэры здымаюць беларускіх актораў за тое, што яны таленавітыя, ці за тое, што яны танныя – у параўнаньні са сваімі расейскімі калегамі?”
Харланчук: “Ведаеце, ёсьць розныя рэжысэры. Ёсьць такія, якія паважаюць таленты, а ёсьць гэткія, што не паважаюць. Аднойчы па расейскім тэлебачаньні я глядзеў інтэрвію з адным расейскім рэжысэрам, які так нахвальваў Беларусь, беларускіх актораў і ўсіх беларусаў! А прыехаў сюды і заявіў звысоку (я сам чуў): “Ды я любога беларускага актора здыму за адзін пачак цыгарэт!” Паколькі ў нас цяпер паўсюль рынкавыя адносіны, то праца на “Беларусьфільме” для іх – гэта цана якасьці. І танна, і няблага”.
“Ня будзе гэтага палітычнага рэжыму, ня будзе й “Свабоднага тэатру”
Скобла: “На сёньня ці ня самы знакаміты беларускі тэатральны калектыў – “Свабодны тэатар”. Ён гастралюе ў Нью-Ёрку, у Лёндане, у іншых культурных сталіцах сьвету. Як вы ацэньваеце яго пастаноўкі?”
Харланчук: “Свабодны тэатар” рэдка выступае ў Менску, таму я бачыў усяго адну пастаноўку – “Пакаленьне джынс”. Мне вельмі складана гэты тэатар ацэньваць. Ягоныя кіраўнікі кажуць, што яны не займаюцца палітыкай, а мне здаецца, што “Свабодны тэатар” – цалкам палітычны. І самае галоўнае, як мне падаецца, ня будзе гэтага рэжыму, ня будзе й гэтага тэатру”.
Скобла: “А тэатар не павінен быць палітычным?”
Харланчук: “Не, чаму ж. У свой час Таўстаногаў прымушаў сваіх актораў цікавіцца палітыкай. Акторы павінны мець сваю грамадзянскую пазыцыю, іначай гэта будзе не тэатар, а балет. Ну як гэта, ня мець уласнай грамадзянскай пазыцыі? Ці мець такую пазыцыю, што я ня маю ніякай пазыцыі? Гэта будзе сумны, несучасны тэатар. Заўсёды тэатар адпавядаў таму часу, у якім ён існуе. Тэатар заўсёды адказвае на пытаньні таго пакаленьня, пры якім ён быў створаны”.
“Існуе негалосная забарона на некаторыя беларускія спэктаклі”
Скобла: “А чаму сёньня ў Беларусі няма гучных прэм’ераў? Чаму няма спэктакляў, пра якія гавораць, на якія хацелася б схадзіць і двойчы, і тройчы, як у свой час хадзілі на пінігінскіх “Тутэйшых”?”
Харланчук: “У беларускага тэатру, на вялікі жаль, няма свайго твару. Мы ведаем, што такое расейскі, польскі, літоўскі, украінскі тэатры. А мы ўвесь час пад некага падладжваемся – крыху пад расейцаў, крыху пад літоўцаў. Наш тэатар ня мае свайго стрыжня. Як, дарэчы, і тэлебачаньне. Вы заўважылі, у нас на тэлебачаньні амаль няма сваіх праграмаў. На расейскім – “Наша раша”, у нас – “Наша белараша”, там “Comedy Club”, і ў нас – тое самае. Калі няма свайго, то бярэш аднекуль звонку. А гэта не стварае творчага асяродзьдзя тут, у Беларусі”.
Скобла: “Мая трынаццацігадовая дачка просіць схадзіць зь ёю ў тэатар, але не ў ТэЮГ, а абавязкова на нейкую дарослую пастаноўку. Я паглядзеў афішу Купалаўскага. Схадзілі б на “Князя Вітаўта” – няма яго на афішы. Схадзілі б на “Ідылію” – таксама няма. Пайшлі б на “Тутэйшых” – і яны зьнятыя з рэпэртуару. Чаму гэтыя запатрабаваныя ў грамадзтве спэктаклі не ідуць на сцэне?”
Харланчук: “З “Тутэйшымі” ня ўсё ясна. Яны ня зьнятыя з рэпэртуару, а проста рэдка ідуць. Што да астатніх – ня ведаю. Вось кажуць: тэатар не павінен займацца палітыкай. А вось жа палітыка займаецца тэатрам! Існуе ж нейкая негалосная забарона на згаданыя вамі спэктаклі. Чаму сапраўды не ідзе “Князь Вітаўт”? Спэктакль актуальны, на яго ішлі гледачы. І гісторыя там не прыдуманая, не чужая. І драматург наш – Аляксей Дудараў. А чаму не ідзе “Ідылія”? Выдатная ж пінігінская пастаноўка! На жаль, мы ня ведаем, што там, “наверсе”, адбываецца”.
Скобла: “Каго вы лічыце самым яркім тэатральным рэжысэрам у Беларусі?”
Харланчук: “На мой погляд, гэта Мікалай Пінігін. Калі, вядома, яго сёньня можна лічыць беларускім рэжысэрам. Я ведаю, што ў яго там у Пецярбургу ня вельмі салодкае жыцьцё. Свае лепшыя пастаноўкі ён ажыцьцявіў усё ж у Купалаўскім тэатры. Мне падабаецца тое, што робіць рэжысэр Аляксандар Гарцуеў. Але сапраўдны, відавочны лідэр – усё ж Мікалай Пінігін”.
“Пазыцыя прыстасаванца Мікіты Зноска сёньня паноўная ў Беларусі”
Скобла: “Адна зь нядаўніх вашых працаў у кіно – гэта роля Мікіты Зноска ў “Тутэйшых” Купалы, іх экранізаваў Валеры Мазынскі. Чым адрозьніваецца ваш Зносак ад Зноска Віктара Манаева – вобраза ўсё ж яркага і запамінальнага?”
Харланчук: “Пастаноўшчык “Тутэйшых” у Купалаўскім тэатры Мікалай Пінігін рабіў акцэнт на гратэскавасьці сытуацыі. Нездарма жанр свайго твору Купала вызначыў як трагікамэдыю. Там цягам усяго спэктаклю сьмех скрозь сьлёзы. А Зносак у фільме Мазынскага больш упэўнены ў сабе, у сваіх справах і думках. Ён такі ж прыстасаванец, але дзейнічае больш напорыста. Ён усё робіць асэнсавана, ён іначай ня ўмее жыць.
У Манаева Зносак кідаецца і туды, і сюды, і нічога ў яго не атрымліваецца. Там ён проста варты жалю. А ў фільме Зносак адстойвае сваю прыстасавальніцкую пазыцыю. І мне здаецца, што ў Беларусі сёньня – гэта паноўная пазыцыя. “А што мне рабіць? Я хачу жыць. Нічога ня зробіш, трэба часам ісьці наперакор сваёй праўдзе”. Такі мой Мікіта Зносак.
У адным з эпізодаў ён гаворыць: “Ад няма чаго рабіць міжнародная інтэлігенцыя выдумала гэты беларускі язык. А вы хочаце, каб мы ламалі над ім свае апошнія мазгі? Я вам хачу сказаць, пане настаўнік, што мне ваша беларуская мова не патрэбна, бо ў мяне ёсьць мой родны матчын рускі язык!” І гэта Зносак прамаўляе пераканана, нават агрэсіўна. Ён у фільме – не маленькі, не затурканы чалавек”.
“Калі гістарычным падзеям будзе дадзеная адпаведная ацэнка, вось тады ў нас зьявіцца і сваё нацыянальнае кіно, і свой нацыянальны тэатар!”
Скобла: “Вы сёньня актыўна здымаецеся на “Беларусьфільме”. Як на мой погляд, не выпадае называць тое, што там сёньня здымаецца, беларускім кінамастацтвам. Калі ж у Беларусі зьявіцца добрае нацыянальнаве кіно?”
Харланчук: “У нашай краіне павінна запанаваць праўда. Праўду нельга перамагчы, яе можна часова адсунуць у куток. Усё роўна беларуская ўлада разумеее, што праўду перамагчы немагчыма. І мне здаецца, першыя крокі уладай да пераасэнсаваньня беларускай гісторыі робяцца. Я маю на ўвазе публікацыі ў дзяржаўных СМІ пра Беларускую Народную Рэспубліку. Шкада, што пераасэнсаваньне гэтае завершылася пабоішчам на менскіх вуліцах.
Але мне здаецца, што беларуская ўлада дзесьці глыбока ў душы разумее, што без праўдзівага спасьціжэньня свайго мінулага ня будзе ў нас незалежнай дзяржавы, за якую яна так агітуе. Ці мы будзем прыдаткам Расеі, ці – гаспадарамі ў сваёй сапраўды незалежнай краіне. Калі ўсім гістарычным падзеям будзе дадзеная адпаведная ацэнка, вось тады ў нас зьявіцца і сваё нацыянальнае кіно, і свой нацыянальны тэатар!”