Справа прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча перададзена з пракуратуры ў Маскоўскі суд. Як пачуваецца вязень у менскім ізалятары?
31 сакавіка адвакатка Вера Страмкоўская наведала ў менскім сьледчым ізалятары віцебскага прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча. Нагадаем, прадпрымальніку пагражае 6 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў гвалце супроць міліцыянта. Вера Страмкоўская:
“Сёньня стала вядома, што справу Сяргея Парсюкевіча перадалі ў Маскоўскі суд Менску, там будзе працэс.
Я мела спатканьне зь Сяргеем у ізалятары. Ён адчувае сябе не найлепшым чынам. У яго абвастрылася астма, ён цяжка дыхае. Лекі ў яго сканчаюцца, а новыя перададуць толькі ў сераду, дазваляюць лекі перадаваць раз на тыдзень. Там да яго прыходзяць лекары, менавіта ўчора да яго прыходзіў лекар”.
Адвакатка Вера Страмкоўская перадала ад Сяргея Парсюкевіча падзяку ўсім людзям, якія дасылаюць яму лісты са словамі падтрымкі.
Калі пачнецца суд і хто будзе судзіць Сяргея Парсюкевіча, яшчэ ня вызначана.
Нагадаю, Сяргей Парсюкевіч з 4 сакавіка знаходзіцца за кратамі. Яго падазраюць у зьбіваньні ахоўніка Аляксандра Дулуба ў ізалятары на вуліцы Акрэсьціна, дзе Парсюкевіч адбываў арышт пасьля мітынгу прадпрымальнікаў. Сяргей Парсюкевіч заяўляе, што насамрэч гэта ён стаў ахвярай міліцэйскага гвалту. “Яны сфальшавалі справу, каб самім пазьбегнуць адказнасьці”, — казаў прадпрымальнік пра ахоўнікаў турмы на Акрэсьціна.
Паводле Веры Страмкоўскай, пасьля азнаямленьня з матэрыяламі сваёй справы Сяргей Парсюкевіч падаў некалькі скаргаў, але яны не былі задаволеныя. Раней сьледзтва не задаволіла і ягонага патрабаваньня дапытаць пацярпелага міліцыянта Аляксандра Дулуба на дэтэктары хлусьні.