Некалькі тысяч чалавек сабраліся ў цэнтры Менску, каб адсьвяткаваць 90-годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі.
Сваімі ўражаньнямі ад акцыі дзеліцца пісьменьнік Уладзімер Арлоў:
“Добры вечар, па-першае, віншую ўсіх з Днём Волі. Я абсалютна ўпэўнены, што на 100-годзьдзе БНР тыя, хто гуляў з намі ў гэтыя жорсткія гульні, будзе ахоўваць нас ад якіх небудзь хуліганаў і маргіналаў...
Ёсьць такая дзіцячая гульня, памятаю, “клімбамбайна” ў нас называлася, калі бяруцца за рукі, і трэба прарывацца. І мне ўдалося якраз прарвацца цераз рукі гэтых хлопцаў у чорным. Але ўдалося гэта ня ўсім – дзясяткі затрыманых, у мяне на вачах дзясяткі людзей былі зьбітыя, найперш вырывалі з рук сьцягі, і я бачыў чалавека з расьсечанай дубінкай шыяй, людзей з акрываўленымі тварамі... Вось так сьвяткуем, але ўсё роўны сьвяткуем Дзень Волі”.