Сёньня беларускія рыма- і грэка-каталікі, а таксама пратэстанты сьвяткуюць Уваскрэсеньне Хрыстова.
У храмах прайшлі сьвяточныя набажэнствы, а ў кожным касьцёле ранкам адбыліся ўрачыстыя працэсіі.
Гукамі званоў і ўрачыстымі ранішнімі працэсіямі Ўваскрэсеньне Хрыстова абвясьцілі каталіцкія храмы Беларусі. У галоўным, архікатэдральным касьцёле Панны Марыі ў Менску сьвятароў ды вернікаў вітаў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч:
“Усім вам жадаю шчасьця, радасьці і шчодрых ласкаў ад уваскрослага збаўцы. Хрыстос Уваскрос! Хрыстос Уваскрос! Хрыстос Уваскрос!”
Гутару зь людзьмі, якія прыйшлі на працэсію і першую ранішнюю імшу:
Карэспандэнтка: “Чаму вы гэтак рана прыйшлі ў касьцёл?”
Спадарыня: “Мы штогод прыходзім – такая ў нас традыцыя. Бацькі нашыя хадзілі, і мы ходзім”.
Карэспандэнтка: “Што для вас гэтае сьвята?”
Спадарыня: “Найвялікшае сьвята”, найважнейшае”.
Юнак: “Вельмі вялікая ўзьнёсласьць душы, калі ідзём, калі звоняць званы. Гэта вельмі рана, многія, асабліва ня веруючыя людзі сьпяць. А таму няхай яны ведаюць, што Хрыстос Уваскрос”.
Велікодныя ўрачыстасьці ў беларускіх каталікоў сёлета аздобленыя многімі новымі імпрэзамі. Так, упершыню на тэлеканалах Беларусі трансьляваўся Крыжовы шлях у Рыме з удзелам Папы Бэнэдыкта XVІ. Новае ёсьць і ў каталіцкіх храмах. Напрыклад, у менскім касьцёле Яна Хрысьціцеля напярэдадні адбыўся паказ кінастужкі рэжысэра Мэла Гібсана “Пасія”. Адметнай была Велікодная імша і ў парафіі Маці Божай Ружанцовай, хоць адбывалася яна ў арэндаванай актавай залі ЖЭСу, бо свайго будынка тут яшчэ няма. Гавораць найбольш сталыя парафіянкі, пані Каміла і Станіслава:
“Ніколі ня бачыла такога шчасьлівага дня, як сёньня, колькі жыву. Ксёндз Генадзь кожнага павіншаваў, з кожным разьвітаўся асабіста. Першы раз такое на маім жыцьці, а маю ўжо 81 год. Няхай Божанька дасьць яму здароўя – такому харошаму ксяндзу”.
Сям’я Марчанкаў прыйшла на першую ранішнюю імшу ўсёй сям’ёй:
Карэспандэнтка: “Што для вас сёньняшні дзень і сьвята ў гэтай парафіі?”
Тэрэза: “Мы заўжды стараемся прыходзіць усёй сям’ёй. Гэтае сьвята ўвогуле важнае, а для нашай парафіі асабліва. Бо парафія нашая маладая, толькі паўстае. У нас тут амаль усе адзін аднаго ведаюць і атрымоўваецца вельмі ўтульная, сардэчная атмасфэра. Мы па-праўдзе ўсе – нібы адна сям’я. І ксёндз наш Генадзь, ён вельмі старанны, ён да кожнага падыдзе, пагутарыць, для кожнага знойдзе цёплыя словы. Таму людзі прыходзяць сюды і тут застаюцца. Думаю, што нашая парафія будзе пашырацца і надалей, а таксама спадзяюся, што будзе ў нас і свой касьцёл”.
Са сьвятам Уваскрашэньня Хрыстова настаяцель парафіі Маці Божай Ружанцовай Генадзь Кухарэвіч павіншаваў і нашых слухачоў:
“Усім радыёслухачам хачу скласьці самыя сардэчныя пажаданьні, здароўя, Божага благаслаўленьня. Няхай Хрыстос уваскрослы ўвойдзе ў жыцьцё кожнага з нас, няхай дастукаецца да нашых сэрцаў. Няхай Хрыстос, які зь мёртых паўстаў, дасьць нам сілу паўстваць са сьмерці граху да жыцьця сапраўднага. Жадаю таксама, каб зь мёртвых паўсталых Хрыстос адарыў супакоем, радасьцю, каб яна давала сілы да змаганьня. Бо ўсё нашае жыцьцё – гэта змаганьне: за веру, за любоў, за праўду. Яшчэ раз усім самага найлепшага”.