Міністэрства замежных справаў Беларусі прапануе ЗША ўсталяваць “узровень парытэтнай дыпляматычнай прысутнасьці“.
Пра гэта сёньня заявіў прэсавы сакратар МЗС Андрэй Папоў на брыфінгу, адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, чаму беларускі бок прапануе амбасадзе ЗША скараціць прысутнасьць у Беларусі. Афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі заявіў, што Беларусь ніколі не была зацікаўленая ў стварэньні той напружанасьці са Злучанымі Штатамі, якая існуе цяпер. І, маўляў, усе дзеяньні беларускага боку — гэта толькі дзеяньні ў адказ:
“Гаворка на дадзеным этапе не ідзе пра скарачэньне дыпляматычнай прысутнасьці Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Менску. Беларускі бок кажа пра тое, што неабходна на парытэтных асновах выраўняць узроўні дыпляматычнай прысутнасьці з мэтай прывядзеньня яго ў адпаведнасьць з узроўнем дыпляматычнай прысутнасьці Беларусі ў ЗША. І такія магчымасьці Венская канвэнцыя аб дыпляматычных зносінах (артыкул 11) дае нам у поўным аб'ёме.
Мы лічым, што гэты крок беларускага боку мае відавочную ўнутраную лёгіку. Візытаў на вышэйшым і высокім узроўні паміж нашымі краінамі няма. У сувязі зь нядаўнімі дзеяньнямі амэрыканскай адміністрацыі, відавочна, будуць скарочаныя кантакты і ў эканамічнай галіне. У гэтых умовах прапанаваны ўзровень парытэтнай дыпляматычнай прысутнасьці, на якім настойвае беларускі бок, цалкам дастатковы”.
Палітоляг Алесь Лагвінец лічыць гэтыя сьцьвярджэньні перабольшаньнем:
“Паколькі якраз Венская канвэнцыя аб дыпляматычных стасунках пакідае дзяржавам права вызначаць колькасьць супрацоўнікаў амбасады, якую яны маюць. Штосьці новае ўводзіцца МЗС Беларусі, калі размова ідзе пра нейкую парытэтнасьць прысутнасьці”.
Артыкул 11 Венскай канвэнцыі гучыць так:
1. Пры адсутнасьці канкрэтнага пагадненьня пра колькасьць пэрсаналу прадстаўніцтва дзяржава знаходжаньня можа прапанаваць, каб колькасьць пэрсаналу прадстаўніцтва захоўвалася ў межах, якія яна лічыць разумнымі і нармальнымі, улічваючы акалічнасьці і ўмовы, якія існуюць у дзяржаве знаходжаньня, і патрэбы дадзенага прадстаўніцтва.