Улады Беларусі патрабуюць скараціць колькасьць супрацоўнікаў амбасады ЗША ў Менску.
Як стала вядома Радыё Свабода, гэтае патрабаваньне было агучана пасьля ад’езду зь Беларусі амбасадаркі ЗША Карэн Ст’юарт, якая цяпер знаходзіцца ў Брусэлі.
Колькасьць пэрсаналу амбасады, які беларускія ўлады прапануюць скараціць, і асабовы склад пакуль невядомы.
У міністэрстве замежных справаў Беларусі пакуль гэтую інфармацыю не камэнтуюць.
Намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША Дэйвід Крэймэр сказаў у інтэрвію Радыё Свабода, што амэрыканскі бок высьвятляе, якія яшчэ крокі зьбіраюцца зрабіць беларускія ўлады. Спадар Крэймэр выказаў спадзяваньне, што “ўрад Беларусі не зацікаўлены ў эскаляцыі напружаньня са Злучанымі Штатамі, бо гэта было б вялікай памылкай”.
Нагадаем, напрыканцы мінулага года кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прыгразіў вышпурнуць амбасадара ЗША, калі санкцыі адносна афіцыйнага Менску будуць пашыраныя. Ён заявіў, што будзе рэагаваць “жорсткім чынам па ўсіх накірунках: і ў палітыцы, і ў эканоміцы, і па іншых напрамках”.
А.Лукашэнка сказаў: “Першы, хто будзе вышпурнуты, гэта будзе амбасадар ЗША”.
Пасьля ўвядзеньня новых санкцыяў адносна канцэрну “Белнафтахім” беларускі ўрад адклікаў для кансультацыяў амбасадара Беларусі ў ЗША Міхаіла Хвастова. У зьвязку з гэтым афіцыйны Менск запатрабаваў ад’езду зь Беларусі амбасадаркі ЗША Карэн Ст’юарт.
Аднак прадстаўнік дзярждэпартамэнту Том Кейсі заявіў, што Карэн Ст’юарт застанецца ў Менску, пакуль Дзярждэпартамэнт будзе аналізаваць сытуацыю.
12 сакавіка амбасадарка ЗША Карэн Ст’юарт накіравалася ў Вашынгтон для кансультацый. Як паведамілі ў беларускім МЗС, ад’езд К.Ст’юарт адбыўся пасьля таго, як амбасадарка была запрошаная ў МЗС Беларусі, дзе ёй паўторна прапанавалі выканаць адмысловую рэкамэндацыю ўраду Беларусі.
У камэнтары адносна гэтай сытуацыі амбасада ЗША падкрэсьлівае:
“Толькі пасьля вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных без папярэдніх умоваў Злучаныя Штаты будуць гатовыя разглядаць наступныя крокі па паляпшэньні двухбаковых адносінаў”.