Пасол ЗША ў Беларусі Карэн Ст'юарт пакідае тэрыторыю Беларусі на патрабаваньне беларускага боку. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на МЗС.
Сама спадарыня пасол сёньня на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай грамадзкасьці паведаміла, што напярэдадні беларускі МЗС “паўтарыў настойлівую рэкамэндацыю кіраўніку дыпляматычнай місіі ЗША выехаць на кансультацыі, як гэта зрабіў беларускі пасол у ЗША Міхаіл Хвастоў”.
У заявах прадстаўнікоў беларускага МЗС 7 і 11 сакавіка гаварылася, што спадарыні Сьцюарт “рэкамэндавана” і “прапанавана” пакінуць краіну.
У сёньняшнім паведамленьні МЗС гаворыцца ўжо пра “патрабаваньне”.
Аднак з гэтага тлумачэньня незразумела, ці абвешчаная пасол persona non grata.
Венская канвэнцыя аб дыпляматычных зносінах
Артыкул 9
1. Дзяржава знаходжаньня можа ў любы момант, ня маючы абавязку матываваць сваё рашэньне, паставіць у вядомасьць акрэдытуючую дзяржаву, што кіраўнік прадстаўніцтва ці які-небудзь іншы з чальцоў дыпляматычнага пэрсаналу прадстаўніцтва зьяўляецца persona non grata ці што любы іншы чалец пэрсаналу прадстаўніцтва зьяўляецца непрымальным. У такім выпадку акрэдытуючая дзяржава павінна адпаведна адклікаць гэтую асобу ці спыніць ягоныя функцыі ў прадстаўніцтве...
2. Калі акрэдытуючая дзяржава адмовіцца выканаць ці ня выканае на працягу разумнага тэрміну свае абавязкі, прадугледжаныя ў пункце 1 гэтага артыкулу, дзяржава знаходжаньня можа адмовіцца прызнаваць гэтую асобу супрацоўнікам прадстаўніцтва.