Адзіную ў Магілёве беларускамоўную групу пры дзіцячым садку № 81 пагражаюць закрыць, калі ў ёй ня будзе прынамсі васьмі дзетак. Цяпер туды ходзяць чацьвёра малых. У аддзеле адукацыі Ленінскага раёну кажуць, што зацікаўленыя ў існаваньні групы, аднак колькасьць дзяцей у ёй не павялічваецца. Ініцыятары стварэньня групы вінавацяць чыноўнікаў, што тыя не рэклямуюць яе як сьлед і не даюць рабіць гэта іншым.
Пра магчымае закрыцьцё адзінай у Магілёве беларускамоўнай групы заявіў начальнік аддзелу адукацыі Ленінскага раёну Аляксандар Гапееў. Ён заклапочаны тым, што група недаўкамплектаваная:
“Мне хацелася б хутчэй, каб мы да канца году ўкамплектавалі гэтую групу. Калі мы яе не ўкамплектуем да першага верасьня, я вымушаны буду вынесьці пытаньне пра яе закрыцьцё. У групе павінна быць восем — дзесяць чалавек мінімум”.
Паводле спадара Гапеева, аддзел адукацыі робіць усё, каб група папаўнялася дзецьмі:
“Рэклямную кампанію правялі ў садках, у газэце далі аб’яву. Але неахвотна неяк дзеці ідуць. Хаця садок добры. Умовы для дзяцей створаныя добрыя”.
Бацькі ж не пагаджаюцца з чыноўнікамі й кажуць, што для рэклямаваньня групы нічога ня зроблена.
“Мы спрабавалі ім давесьці, што трэба супрацоўнічаць у тым, каб рэклямаваць групу. Нам сказалі: “Гэта наша справа, нам трэба ўсё ж такі пад сваёй маркай выпускаць гэтыя рэклямныя праекты”. Што, уласна кажучы, нам не дазволіла падключацца самастойна. Разам з тым працы зь іх боку практычна ніякай не праведзена. Як было на пачатку году чацьвёра дзетак, так і засталося”, — зазначыў адзін з ініцыятараў стварэньня групы Аляксей Бацюкоў.
Чакалася, што сёньня ў гарадзкіх газэтах зьявяцца рэклямныя абвесткі пра беларускамоўную групу. Гэтага, аднак, не адбылося. Рэкляму ў газэтах бацькам абяцалі ў раённым аддзеле адукацыі. Тэкст аб’явы падрыхтаваў і перадаў у аддзел адукацыі Аляксей Бацюкоў.
Яшчэ адзін стваральнік групы, Зьміцер Салаўёў, кажа пра недавер чыноўнікаў да ініцыятыўнасьці бацькоў:
“Тое, што зьвязана з рэклямаваньнем. Гэта адчуваецца падчас гутарак з кіраўніцтвам, з Гапеевым. Быў такі цікавы выраз яго: “Я павінен быць упэўнены, што ня будзе бел-чырвона-белых сьцягоў, калі будуць здымаць”. Я думаю, што ўсё ідзе да таго, каб ціхенька гэтую групу прычыніць. Маўляў, не ўдалося, і ўсё”.
І Зьміцер Салаўёў, і Аляксей Бацюкоў перакананыя, што зачыніць групу яны не дадуць. Што да рэклямы, то ёю бацькі цяпер зоймуцца самі.
У беларускамоўную групу “Вясёлка” дзяцей пачалі вадзіць ад трэцяга сьнежня. Спачатку ў ёй было трое дзетак: Ялінка Салаўёва, Міколка Бацюкоў ды Паўлік Мохаў, неўзабаве да іх далучыўся Януш Сярэдзін.
Першыя два тыдні дзяцей беларускамоўнай групы аб’ядноўвалі зь дзецьмі іншай групы. Бацькоў такая сытуацыя не задаволіла, і пасьля гутаркі з загадчыцай дзеці “Вясёлкі” пачалі заставацца на цэлы дзень у сваёй групе. Цяпер жыцьцё групы нармалізавалася.
Беларускамоўная група зьявілася ў Магілёве пасьля амаль пятнаццацігадовага перапынку.