Што для беларусаў значыць Дзень абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі? Як варта адзначаць Дзень Волі 25 сакавіка і 90-я угодкі БНР? Паэт Леанід Дранько-Майсюк распавядае, як ён адзначае гэта сьвята.
Дранько-Майсюк: “25 сакавіка я заўсёды прыношу кветкі да помніка Максіму Гарэцкаму, а таксама ўскладаю кветкі ў Менску на тое месца, дзе будзе абавязкова ўзьведзены помнік братам Луцкевічам, Івану і Антону. Дзе гэта месца знаходзіцца, пакідаю пакуль у сакрэце.
Людзям недасьведчаным, далёкім ад сваёй гісторыі, трэба памяркоўна, інтэлігентна, цярпліва, шляхетна даводзіць вядомы тэзіс, што без абвяшчэньня БНР не была б абвешчана пазьней і БССР, што без духоўнага і палітычнага подзьвігу братоў Луцкевічаў і іхніх паплечнікаў мы сёньня ня мелі б незалежную сваю дзяржаву – Рэспубліку Беларусь.
А яшчэ ў гэты дзень я заўсёды перачытваю паэзію Ўладзімера Жылкі, віншую сваіх сяброў і веру, што гэта сьвята будзе абавязкова дзяржаўным”.
Карэспандэнтка: “А для вас як для асобы, чым ёсьць гэтае сьвята?”
Дранько-Майсюк: “Яно і рамантычнае, яно і гістарычнае, у пэўным сэнсе яно і казачнае. Для мяне асабіста 25 сакавіка – сямейнае сьвята, і я думаю, шмат для каго і зь беларусаў. Сьвяткуючы гэта сьвята, трэба паказаць сваю вытрымку і свой гонар, гэтым самым засьведчыць, што сапраўднае адраджэньне тады пачнецца, калі ў аснову яго будзе пакладзена сямейная энэргетыка”.