Сёньня Беларусь адклікала Міхаіла Хвастова – свайго амбасадара ў Злучаных Штатах Амэрыкі – і парэкамэндавала амбасадарцы ЗША Карэн Ст’юарт пакінуць Беларусь. У заяве Міністэрства замежных справаў Беларусі гаворыцца, што рашэньне адклікаць для кансультацыяў Міхаіла Хвастова прынятае ў сувязі з увядзеньнем санкцыяў супраць канцэрну “Белнафтахім”. Наш карэспандэнт згадвае пра ранейшыя дыпляматычныя канфлікты ў часе кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі.
Першы скандал – з “турэцкімі шпіёнамі” – здарыўся ў першы год прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Двух беларускіх журналістаў – Юр’я Бехцерава і Аляксандра Люшкевіча абвінавацілі ў перадачы канфідэнцыйнай інфармацыі турэцкім дыпляматам. Напачатку шуму было многа, але хутка гэтую справу замялі.
Куды большы рэзананс меў дыпляматычны канфлікт летам 1998 году. Тады Аляксандар Лукашэнка літаральна “выселіў” з пасёлку Дразды, дзе знаходзілася ягоная рэзыдэнцыя, амбасадараў шэрагу краінаў.
Дыпляматы спрабавалі спаслацца на парушэньне Беларусьсю недатыкальных міжнародна-прававых актаў. А калі амбасадары паспрабавалі супраціўляцца, ім перакрылі доступ вады, газу, электрычнасьці... Праўда, пазьней яны вярнуліся ў Беларусь.
Цікавая сытуацыя ўзьнікла, калі амбасадарам ЗША ў Беларусі быў Майкл Козак. На пачатку 2001 году яго не запрасілі на традыцыйны прыём для дыпляматычнага корпусу, які штогод ладзіўся ад імя Аляксандра Лукашэнкі
Не абышлося і без скандалаў з Чэхіяй. Калі Прага адмовілася выдаць Аляксандру Лукашэнку ўязную візу на міжнародны форум, Менск адклікаў тагачаснага амбасадара Ўладзімера Бельскага на кансультацыі. Кансультацыі зацягнуліся, узровень беларускага прадстаўніцтва ў Чэхіі зьнізілі да часовага паверанага ў справах.
Празь некалькі гадоў чарговы скандал – кіраўніка чэскай дыпмісіі ў Менску Ўладзіміра Румла выклікалі ў беларускае МЗС, дзе ўручылі яму ноту з пратэстам. Напярэдадні беларускае тэлебачаньне ў сваім рэпартажы абвінаваціла чэскую амбасаду ў правядзеньні “падрыўной дзейнасьці” ў краіне.
І гэта быў не апошні скандал з Чэхіяй. Паўла Кржываглавага – дыплямата, які працаваў у Беларусі, – аб’явілі пэрсонай нон грата. У адказ Прага выслала беларускага дыплямата.
У 2005 годзе падчас беларуска польскага дыпляматычнага скандалу з Варшавы выслалі Максіма Рыжанкова: ён працаваў у амбасадзе дарадцам пасланьніка. А амбасадар Польшчы ў Беларусі Паўляк зьехаў у Варшаву для кансультацыяў. У Менск ён ужо не вярнуўся.
У 2006 годзе беларускаму дыплямату Дзьмітрыю Краюшкіну аб’явілі, што яму належыць цягам 24 гадзінаў пакінуць тэрыторыю Латвіі. Гэты крок стаў працягам дыпляматычнага скандалу між Беларусьсю і Латвіяй, зьвязанага зь ператрусам у кватэры другога сакратара амбасады Латвіі ў Менску Рэйма Шмітса, якога беларускія ўлады абвінавацілі ў распаўсюджваньні порнапрадукцыі.
Моцны рэзананс мела леташняя заява Аляксандра Лукашэнкі пра габрэяў: “Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад. Страшна было зайсьці, сьвінушнік быў. Гэта быў у асноўным габрэйскі горад, вы ведаеце, як габрэі ставяцца да месца, дзе жывуць”.
Амбасадар Ізраілю ў Беларусі Зэеў Бэн-Ар’е тады заявіў пра антысэміцкую накіраванасьць заявы Аляксандра Лукашэнкі. Выпадкова ці не, але 17 кастрычніка 2007 году амбасадар Ізраілю зь сям’ёй, а таксама першы сакратар амбасады гэтай дзяржавы выехалі на радзіму ў “адпачынак”.
На наступны дзень міністар замежных справаў Ізраілю Цыпі Ліўні рэзка скрытыкавала словы Лукашэнкі, заявіўшы, што сусьветныя лідэры павінны ўзяць на сябе адказнасьць за барацьбу супраць антысэмітызму, які падымае “пачварную галаву ў розных частках сьвету”.
Міхаіл Бацян, былы беларускі дыплямат, выкладчык факультэту міжнародных дачыненьняў БДУ, тлумачыць, калі амбасадара выклікаюць для кансультацыяў:
“Гэта адбываецца тады, калі ўзьнікае нейкая напружанасьць паміж дзяржавамі. Гэта сьведчаньне, што такая напружанасьць ёсьць. Гэта своеасаблівая форма выражэньня, можа, нават пратэсту”.
Спадар Бацян гаворыць, што выклік на кансультацыі не азначае разрыву дыпляматычных стасункаў. Звычайна амбасадар празь нейкі час вяртаецца да сваёй працы.