Рэвалюцыя, якая пачалася ў 2020 годзе, зьмяніла мову беларусаў.
Даўнія словы набылі новыя значэньні, афарбаваліся новымі эмоцыямі. Беларускія выразы ўвайшлі ў лексыкон дагэтуль расейскамоўных; паступова, але няўхільна і маладыя, і сталыя пераходзяць на беларускую. Цытаты зь песень дапамагаюць распазнаць „сваіх“, яднаюць адроджаную беларускую палітычную нацыю.
Слоўнік рэвалюцыі — і пра сьветлае, і пра змрочнае, бо мова апісвае рэальнасьць. А вярнуцца ў атмасфэру тых дзён і месяцаў дапаможа цыкль падкастаў Радыё Свабода „Красаўцы“.
Дзе і як слухаць падкаст «Красаўцы»
Як падпісацца на «Красаўцаў», каб не прапусьціць ніводнага эпізоду
Наш падкаст дасяжны на ўсіх папулярных падкаст-плятформах і ня толькі. Для зручнасьці мы сабралі для вас наўпроставыя спасылкі. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
- Наш сайт (люстэрка)
- Youtube
- Apple Podcasts
- Google Podcasts
- Castbox
- Spotify
- Soundcloud
- Podcast Addict
- Яндекс Музыка
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў з нашым падкастам, якая адпавядае вашай прыладзе ў гэты момант.
Падкаст... Што гэта?
Падкаст — гэта аўдыёпраграма, якую можна спампаваць і слухаць у інтэрнэце. Як і радыёперадачы, падкасты часта дзеляцца на цыклі, сэзоны, асобныя часткі і могуць быць прысьвечаныя канкрэтнай тэме. Але гэта нашмат зручней за радыё, бо вы можаце слухаць іх у любы час і на любой зручнай для вас прыладзе і лічбавай плятформе.
Каб карыстацца мабільнымі падкаст-сэрвісамі, неабходна ўсталяваць іх на ваш смартфон. Калі вы падпісаліся на наш падкаст, аплікацыя сама паведаміць аб зьяўленьні новага выпуску.
Усе падкасты Свабоды тут
СЬВЕТЛАЕ
Спачатку пра словы на сьветлым баку гісторыі.
Жыве!
„Беларускім словам 2020 году“ інтэрнэт-галасаваньне зь вялікім адрывам вызначыла вокліч Жыве! І як сьцьверджаньне, і як частку воклічу „Жыве Беларусь!“, і як упэўнены адказ на яго.
Фінал верша маладога Янкі Купалы: „Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь!“ (1905–1907). Сьведчаньне самім сабе і папярэджаньне іншым: мы — ёсьць!
Наступныя зь першай пяцёркі „словаў году“: бел-чырвона-белы; #Явыходжу; салідарнасьць; Далучайся!
Яшчэ гучалі: абуджэньне; суседзі і партызаны; чацік і чаяваньне; „ланцуг“ і счэпка; муры і мурал; шпацыр, #Ягуляю і Пераможам!
Неймаверныя
Як назваць і натхніць людзей, якія адважна тварылі найноўшую гісторыю Беларусі?
Івонка Сурвіла, якая зьберагла міжваенную моўную традыцыю, кажа: „Надзвычайныя людзі!“. А ў слоўніку сынонімаў — непаўторныя, незраўнаныя…
Словам „невероятные“ па-расейску людзей пачалі называць параўнальна нядаўна, гэта калька з ангельскага „You are incredible!“
У беларускай мове расейскаму „невероятный“ адпавядае неймаверны. Беларускае неверагодны — па-расейску найперш „недостоверный“.
Вельмі станоўчае слова годныя — хто з пачуцьцём уласнай годнасьці. Аднакаранёвае слова верагодны — пра дакумэнт ці чалавека, якім можна давяраць. Веры годны.
Грамада
Прыкра было чытаць у навінах: „Натоўп ад стэлы рушыў у бок палацу Незалежнасьці“.
У слова натоўп два значэньні: 1) ‘Вялікае, звычайна хаатычнае, зборышча’. 2) ‘Звычайныя людзі ў процілегласьць героям’. Абодва крыўдныя. Па-расейску — „толпа“. Уладная прапаганда любіць гэтае слова: „Беснующаяся толпа“.
А беларускае слова грамадá — пра вялікую групу людзей, якіх нешта яднае. Усе ведаюць Купалава: А хто там ідзе / У агромністай такой грамадзе? — Беларусы. Грамадá — сьвядомы народ, суб’ект гісторыі.
„Шаноўны натоўп!“ — немагчыма сказаць. Натуральныя звароты — Шаноўная грамадá! Дарагія людзі! Беларускі народзе!
Паўстанка. І наагул фэмінітывы
12 жніўня 2020 году жанчыны ў белым сталі ў „жывы ланцуг“ каля менскай Камароўкі, а потым пайшлі шматтысячныя жаночыя маршы пратэсту супраць уладнага гвалту, якія натхнялі ўжо сотні тысяч беларусаў выходзіць на вуліцы і пляцы.
Воля і адвага беларускіх жанчын канчаткова зьнялі пытаньне пра тое, ці правамоцна ўжываць у беларускай мове фэмінітывы ад бальшыні назваў прафэсіяў, заняткаў, сацыяльных роляў.
Зрэшты, гэта ў Расеі спрачаюцца, ці магчымае слова „редакторка“. У нас такой праблемы няма гістарычна, жаночыя формы nomina agentis бытуюць здаўна: арандарка і пекарка, акторка і паэтка. У савецкі час яны былі выціснутыя пад уплывам расейскай мовы і савецкіх уніфікатарскіх стандартаў. Цяпер беларускія фэмінітывы вяртаюцца, сьпіс іх расьце: дэманстрантка, пратэстоўка, паўстанка, лідэрка. І — палітзьняволеная.
Страйк
Калі работнікі вымушаныя спыніць працу, бо інакш ня могуць адстаяць свае законныя правы, — як гэта па-беларуску?
„Стачка“ — слова расейскае, ад „стакнуться“ ‘таемна змовіцца’. І „стачачны“ (напр. камітэт) па-беларуску немілагучна.
Ад італьянскага карцёжнага выклічніка basta! у расейскай мове пайшло слова забастовка.
Да русыфікацыі 1930-х гадоў у беларускай мове панавала слова штрайк/страйк. Ангельскае strike ‘удар’ з XVIII стагодзьдзя азначае і спыненую працу.
У канцы 1980-х на беларускіх заводах паўсталі страйкамы; страйкавалі страйкоўцы.
Адной з найбольш значных падзеяў 2020 году быў страйк салігорскіх шахтароў, абвешчаны 18 жніўня. А 9 верасьня студэнты правялі акцыю, якую назвалі па-беларуску: Страйк-2020.
Працоўны кодэкс Беларусі толькі па-расейску, там пра „забастовку“. „Страйку“ ў заканадаўстве няма, значыць, ён і не забараняецца ;-) Хоць якая карысьць з адсутнасьці законаў па-беларуску.
Да-лу-чай-ся!
17 жніўня 2020 г. тысячы рабочых менскіх заводаў рушылі да будынку Белтэлерадыёкампаніі на вуліцы Макаёнка падтрымаць страйк тэлевізійнікаў. Шэсьце пачалося ад Менскага трактарнага і рушыла ў бок заводу колавых цягачоў, дзе мелабыць сустрэча тамтэйшых работнікаў з А. Лукашэнкам.
Праходзячы паўз МЗКЦ, МАЗ, заводы шасьцерняў і падвалкаў, Менскі маторны завод, рабочыя гукалі: „Да-лу-чай-ся!“ — па-беларуску (расейскае „присоединяйся“ няма як выгукнуць). Потым гэтае „Да-лу-чай-ся!“ чулі жыхары практычна ўсіх раней ціхіх менскіх і ня толькі менскіх мікрараёнаў. І далучаліся — да агульнагарадзкіх і дваровых шэсьцяў і акцыяў.
Бурыць муры
Бурыць турэмны мур — зусім ня тое самае, што „бурить тюремную стену“, каб правесьці інтэрнэт у пакой аховы.
Беларускае бурыць азначае ‘ламаць, руйнаваць’. Слова сваё, таго ж кораня бýра. А расейскае „бурить“ ад „бур“ ‘сьвідар’ — пазычаньне зь нідэрляндзкай.
Дзеяслоў бурыць і сынонімы — галоўныя ў песьні змагароў за свабоду, якая апошнія 50 гадоў ходзіць па Эўропе.
Каталёнец Люіс Ляк (Lluís Llach) у 1968 годзе напісаў баляду L’Estaca, яна стала гімнам барацьбы яго народу супраць рэжыму Франсыска Франка. „Слуп“ ці „кол“ (на які навязваюць жывёлу) — сымбаль няволі.
Натхніўшыся гэтай балядай, у 1978 годзе паляк Яцэк Качмарскі напісаў знакамітыя „Муры“ — памяняўшы сымбаль несвабоды на муры з зубамі кратаў. На беларускую гімн „Салідарнасьці“ пераклаў Андрэй Хадановіч:
Разбуры турмы муры!
Прагнеш свабоды — то бяры!
Так песьня стала гімнам трэцяй — беларускай — рэвалюцыі.
Сьцяг нашага раёну
Мясцовыя грамады адраджаліся пад уласнымі сьцягамі. Іх мова пераважна беларуская і несавецкая. Самы часты спокліч на сьцягах — Жыве Беларусь! Эпітэт — „вольны“, „свабодны“: Вольная Лошыца.
Зьявіліся новыя імёны гарадзкіх аб’ектаў: Уруцкі Цмок, або „Змагарыч“; Квартал Праўды; Плошча Пераменаў.
На сьцягах адраджаецца моўная і тапанімічная традыцыя. Жыхары „Дзяржынску“ выходзяць пад сьцягамі з гістарычнаю назваю Койданаў, „Нарачы“ — Кабыльнік.Пазбаўляюцца скажоных назваў: Берасьце, Бярэзань („Беразіно“). Ажываюць даўнія менскія Пярэспа, Кашары і Ляхаўка, Цівалі, Сакалянка, прадмесьце Гелянова ў Маладэчне.
Характэрныя беларускія літары — у цэнтры кампазыцыі. Менская РаманаЎская Слабада і баранавіцкі ПаЎднёвы абазначаюць Ў двума пальцамі, як знак перамогі — замест V.
Вяртаюць беларускую лацінку: Niamiha і Magistar, Barysaŭ, Čavusy, Pružana, Vaŭkavysk. Сталіца лацінкі — Babrujsk: там сем раённых сьцягоў лацінкаю.
Чабор
У адкрытым галасаваньні за „Беларускае слова 2021 году“ — другога году рэвалюцыі — перамагло слова чабор. І як назва кветкі і зёлкі адпаведнага колеру, і ў складзе паэтычнае цытаты.
Слова чабор унікальна беларускае. Яно — адзін з кодаў беларускай ідэнтычнасьці, тэст пазнаваньня „сваіх“.
А выраз „пахне чабор“ ня толькі рамантычны, як у цэлым верш Броўкі. Ён і пра непераможнасьць і вечнасьць беларушчыны — як і выраз „Жыве Беларусь!“
На наступных месцах словы годнасьць і палітвязень — знакавыя ў Беларусі нашых дзён. Сярод іншых словаў, якія пазначылі год: экстрэміст, уцякач, ліст салідарнасьці, надзея.
ЦЁМНАЕ
Чытачы Свабоды вызначылі былі і змрочныя словы. Сярод іх — аліўкі, балаклава, губазік, дваццаць-тры-трыццаць-чатыры, сьвятлашумавы, хапун, ябацькі... Пачнем з ключавога слова.
„Беспредел“. Сваволя
„Беспредел“ — слова расейскага крымінальнага арго, азначае невыкананьне ніякіх правілаў, нават злачыннага сьвету — „паняцьцяў“. Слова пранікла ў расейскую літаратурную мову, стала знакам эпохі.
Таму беларускае ўзьнёслае і паэтычнае слова бязьмежжа — не „беспредел“, а сіняе бязьмежжа — гэта не „беспредел синих“.
Патрэбнае слова знаходзім у дакумэнтах Вялікага Княства Літоўскага: сваволя. За сваволю— дэманстратыўную непавагу да закону — жорстка каралі нават вяльможаў.
Іншыя словы для крайняга беззаконьня — бясчынства, бяспраўе, самаволя.
Дручок
Афіцыйна гэта „изделие ПР“ („палка резиновая“). Халодная зброя, здольная забіць чалавека.
У апошнія гады камунізму гэта быў „дэмакратызатар“. А гістарычна ў Беларусі „праваахоўнымі інструмэнтамі“ былі дручок і кій. Дубінка ж азначала дрэва або драўніну; у значэньні ‘гумавая палка’ гэта русізм.
Кій — даўняя прылада самаабароны і пакараньня. Дунін-Марцінкевіч хваліў менскіх праваахоўнікаў XIX стагодзьдзя: Кiём ня б’юць, у часьць не цягаюць! Але кій надта шматзначнае слова.
Друк, дручок яшчэ ў ВКЛ быў інструмэнтам ураднікаў і мясцовай самаабароны: Ураднікі дзьверы друкамі выламалі. Слова дручок — найбольш адпаведнае, але некаторыя лічаць, што назвы інструмэнтаў рэпрэсіяў не павінны быць надта беларускімі, і таму выбіраюць слова дубінка (як і амон).
Аліўкі
Людзі ня бачаць твараў і ня ведаюць ведамаснай прыналежнасьці гэтых пэрсанажаў. Таму называюць безасабова, ад колеру формы. Па-расейску пра „брудна-зялёных“ кажуць „оливки“, пра „чорных“ — „маслины“.
Але плады аліўнага дрэва па-беларуску традыцыйна толькі аліўкі (сьпелыя — чорныя аліўкі).
У беларускай літаратурнай традыцыі аліўкавы колер цёплы і рамантычны. У Караткевіча:
У гэты вечар над вежамі сьвяціў месяц — такі пяшчотны, аліўкавы, ружовы, — так бы і зьеў яго. („Сівая легенда“)
Але ёсьць іншыя назвы для блізкіх колераў, напр. брудна-зялёны, мутна-зялёны. Статутныя колеры ўніформы набываюць адмоўна-вобразную назву, калі носьбітаў формы ня любяць. Так, нямецкую форму колеру feldgrau ‘палявы шэры’ ў акупаванай Беларусі звалі „мышастай“.
А як назваць „чорных“? Тая ж „Сівая легенда“ Караткевіча:
Зьляцелася груганьнё, — хрыпеў Кізгайла, гледзячы на іх і зь нянавісьцю адбіваючыся ад тых, што нападалі.
Колер гругана чорны. З галавы да ног.
Балаклава
Слова балаклава ў значэньні ‘вязаны каўпак з адтулінамі’ зьявілася ў ангельскай мове.Пазычана з крымскататарскай назвы гораду Balıqlava ‘рыбнае месца’. У Балаклаўскай бітве Крымскай вайны камандзеры хацелі бараніць брытанскіх вайскоўцаў ад холаду вязанымі каўпакамі, якія і назвалі балаклавамі.
А Балаклаву як курорт стварыў беларускі інжынэр і прадпрымальнік Казімер Скірмунт — з тых самых Скірмунтаў, што і Раман, прэм’ер БНР. Казімер пражыў у Балаклаве да канца жыцьця як вельмі паважаны чалавек. Ці пражывуць у балаклаве да канца жыцьця некаторыя нашыя сучасьнікі?
Ябацька
Палітычныя тэхнолягі, якія запусьцілі ў нашу візуальную прастору слова-спокліч ябатька— па-расейску, не арыентаваліся ані ў беларускай мове, ані ў мэнтальнасьці. Яны ня чулі пра беларускае „яканьне“ (Е пераходзіць у Я перад націскам, а таму слова выклікае сьмешную асацыяцыю).
І само слова „бацька“ для беларусаў толькі сямейнае. У нас не называлі „бацькам“ ані манарха, ані камандзіра. Гэта ў расейскай традыцыі „отец-правитель суров, требователен, даже жесток, если жесткость и требовательность полезны детям“. А. Лукашэнка навязвае беларусам сябе як „батьку“, называючы сам сябе так з канца 1990-х гадоў.
Прадольны. Баландзёр. Шмон
Прадольны — ахоўнік, чый пост у калідоры = у прадоле („продол“ — расейскае дыялектнае слова, азначае даліну, рэчышча ракі).
Баландзёр — вязень, які гатуе і разносіць па камэрах баланду (і іншую, але таксама ня дужа здаровую і якасную, турэмную ежу).
Шмон — ператрус, але беларускі выраз „і не шманае“ — ‘не зьвяртае ўвагі, захоўвае спакой’ — не пра шмон.
Гэтыя словы з расейскага крымінальнага арго, ім ня месца ў беларускай літаратурнай мове, але яны застануцца ў моўнай памяці беларусаў як знак бяды. Дарэчы, і абразьлівае слова „бульбаш“ пра беларуса — расейскі турэмна-лягерны аргатызм, адтуль яно і прыйшло. /a/siudoj-tudoj-viacorka/26711562.html
Зрэшты, старое і сучаснае расейскае крымінальнае арго зьдзіўляе непасьвячонага і беларусізмамі: хата ‘камэра’, конать ‘зьнікаць, уцякаць’, куток, малява, шибеница (тое, што і ў беларускай літаратурнай мове), цвик, халява, мастак 'спрытны шулер', кишеня, тарбахват, газ 'ґаза, „керосин“’, зашквар...
Рэч у тым, што пасьля захопу Беларусі і Ўкраіны ў расейскія вязьніцы траплялі жыхары былога ВКЛ, адсюль беларусізмы, украінізмы, гэбраізмы ў арго расейскага злачыннага сьвету XIX–XX ст.
Рэвалюцыя не закончылася, слоўнік будзе папаўняцца. А каб успомніць, з чаго ўсё пачалося, — слухайма падкаст „Красаўцы“ (гэты змрочны барбарызм таксама заняў месца ў нашай моўнай памяці).