Расьсьледаваньне Радыё Свабода паказала, што адзін з самых уплывовых акаўнтаў у сацыяльнай сетцы X, які распаўсюджвае дэзынфармацыю пра імігрантаў у Эўропе, выдумаў фальшывыя асобы і кампаніі, каб замаскаваць сваю дзейнасьць, якая прынамсі часткова абумоўленая фінансавай выгадай.
Матэрыял падрыхтавала група журналістаў-расьсьледнікаў Радыё Свабода, у якую ўвайшлі Карл Шрэк, Марк Крутаў, Сяргей Дабрынін, Рыін Альяс, Нушабэ Фатулаева, Мая Жыванавіч, Майк Экель, Мір’яна Еўтавіч і Мілаш Каціч.
Ананімны акаўнт пад назвай «Уварваньне ў Эўропу» (Europe Invasion) у сацыяльнай сетцы Х сабраў мільярды праглядаў, выкарыстоўваючы альгарытм, які прадугледжвае, што калі вы ўзаемадзейнічаеце з кантэнтам, вы хочаце бачыць больш гэтага кантэнту, асабліва калі вы перасылаеце пасты сябрам. Акаўнт зьмяніў назву празь некалькі тыдняў пасьля таго, як зь ім зьвязаліся журналісты Радыё Свабода. Рост акаўнта Europe Invasion разам зь іншымі падобнымі акаўнтамі ў сацсетцы X супаў з ростам посьпеху на выбарах скрайне правых натывісцкіх партыяў у Эўропе.
Расьсьледаваньне Радыё Свабода, у якім упершыню называюцца асобы, непасрэдна зьвязаныя з ананімным акаўнтам Europe Invasion, падкрэсьлівае часта цьмянае паходжаньне і матывы дэзынфармацыі ў Інтэрнэце, якая, на думку экспэртаў, выкарыстоўваецца для маніпуляваньня грамадзкай думкай, распальваньня сацыяльных падзелаў і зрыву дэмакратычных працэсаў.
Дзякуючы пастаяннай плыні кантэнту, які паказвае мусульманскіх і афрыканскіх мігрантаў як небясьпеку для грамадзтва, акаўнт сабраў больш за 600 000 падпісантаў, перш чым у канцы лістапада зьмяніў сваю назву на на «Абнаўленьне НАВІНАЎ» (Update NEWS). У кастрычніку акаўнт Europe Invasion хваліўся, што за папярэднія тры месяцы сабраў 1,1 мільярда паказаў.
Расьсьледаваньне Радыё Свабода выявіла, што з акаўнтам Europe Invasion наўпрост зьвязаная турэцкая пара, якая жыве ў Дубаі, — Мэрт і Бельгін Кок, хоць самі яны адмаўляюць сваю датычнасьць да акаўнта.
У верасьні швэдзкі грамадзкі вяшчальнік SVT зьвязаў акаўнт Europe Invasion з парай, якая сьцьвярджала, што за акаўнтам стаіць іншае рэклямнае агенцтва. SVT не апублікавала іх імёны. Неўзабаве пасьля гэтага акаўнт Europe Invasion публічна заявіў, што яго «ўладальнік» — «чарнагорец сэрбскага паходжаньня» па імені «Стэфан», які хоча «зноў зрабіць Эўропу вялікай».
Пазьней, на пачатку кастрычніка, акаўнт Europe Invasion апублікаваў (цяпер выдалены) пост з фатаздымкам чалавека, якога, як меркавалася, завуць «Стэфан». Радыё Свабода, скарыстаўшы праграмнае забесьпячэньне з адкрытым зыходным кодам для распазнаньня асобаў, ідэнтыфікавала чалавека на фатаздымку як грамадзяніна Турэччыны, які ведае Мэрта Кока. Мужчына заявіў, што ягоны фатаздымак быў выкарыстаны безь ягонага ведама, і адмаўляў якое-небудзь дачыненьне да акаўнта Europe Invasion.
Як адзначаюць журналісты ў расьсьледаваньні, мноства доказаў зьвязваюць Мэрта і Бельгін Кок з акаўнтам Europe Invasion, уключаючы створанае пры дапамозе штучнага інтэлекту відэа, агучанае Бельгін Кок, у якім афганскія мігранты паказаныя як небясьпека для Эўропы. Акаўнт Europe Invasion прасоўваў гэтае відэа ў сакавіку.
У адказ на пытаньні Радыё Свабода Мэрт Кок заявіў, што ён і ягоная жонка «не зьяўляюцца ўладальнікамі» акаўнта Europe Invasion, які, як ён сьцьвярджаў, яны прадалі «камандзе», якая жыве ў Чарнагорыі і ў якую ўваходзяць іншыя грамадзяне Турэччыны. Ён, аднак, не адказаў на просьбу паведаміць імёны або кантакты чальцоў гэтай меркаванай каманды.
Незразумела, ці было стварэньне ананімнага акаўнта Europe Invasion, які выкарыстоўвае магчымасьці манэтызацыі сацыяльнай сеткі X, матываванае толькі прыбыткам, ці таксама ідэалёгіяй.
У акаўнта прадугледжаныя як платная падпіска, так і опцыя «адправіць чаявыя», а таксама спасылка для збору сродкаў на тое, што Europe Invasion называе заплянаваным каналам на YouTube і пашырэньнем свайго брэнду.
«Існуюць арганізаваныя сеткі, якія распаўсюджваюць дэзынфармацыю. Некаторыя з гэтых арганізацый маюць фінансавыя стымулы, паколькі яны зарабляюць грошы на распаўсюджваньні ілжывых гісторый», — кажа ў інтэрвію Радыё Свабода Дарэл Уэст, старшы навуковы супрацоўнік па дасьледаваньнях у галіне кіраваньня ў Інстытуце Брукінгса ў Вашынгтоне.
Акаўнт Europe Invasion неаднойчы публікаваў ілжывыя заявы пра меркаваную датычнасьць мігрантаў да гвалтоўных злачынстваў. Так, напрыклад, у кастрычніку ў акаўнце сьцьвярджалася, што сьмяротны напад на жанчыну ў Вялікай Брытаніі ў ліпені быў зьдзейсьнены «двума самалійскімі мігрантамі». Гэтае сьцьвярджэньне ўжо афіцыйна абверглі два месяцы раней, пасьля таго як яго распаўсюдзілі іншыя «антымігранцкія акаўнты», якія, паводле брытанскай паліцыі, распаўсюджвалі «небясьпечную дэзынфармацыю». У гэтым забойстве абвінавацілі 55-гадовага мужчыну з ангельскага гораду Іпсвіч.
Адзін з самых гучных пастоў у акаўнце Europe Invasion зьявіўся ў канцы ліпеня, прыкладна празь дзьве гадзіны пасьля таго, як нападнік у ангельскім горадзе Саўтпарт зладзіў разьню, у выніку якой загінулі трое дзяцей. Ананімны акаўнт Europe Invasion ілжыва сьцьвярджаў, што падазраваны «меркавана зьяўляецца мусульманскім імігрантам». На працягу двух дзён гэты пост, набраўшы папулярнасьць ва ўльтраправых сацыяльных сетках, сабраў больш за 6 мільёнаў праглядаў. Тады па ўсёй Вялікай Брытаніі ўспыхнулі жорсткія антыіміграцыйныя пратэсты і беспарадкі.
Нападнік, якога пазьней абвінавацілі ў гэтых забойствах, на самой справе быў грамадзянінам Вялікай Брытаніі, які нарадзіўся ва Ўэльсе, у бацькоў з Руанды. Начальнік паліцыі Лёндана заявіў, што беспарадкі ў Вялікай Брытаніі пасьля разьні былі «абумоўленыя дэзынфармацыяй».
Хітрасьць «Алісы»
Як акаўнт Europe Invasion, так і зьвязаны зь ім акаўнт Daily Reports існавалі ў сацыяльнай сетцы X (раней яна мела назву Twitter) больш за дзесяць гадоў і зазналі мноства зьменаў назваў за гэтыя гады, вынікае са зьвестак, якія атрымала і прааналізавала Радыё Свабода.
Абодва акаўнты раней публікавалі паведамленьні пераважна на турэцкай мове. Але на пачатку 2024 году яны цалкам выдалілі гісторыю сваіх публікацыяў і пачалі публікаваць пераважна антыімігранцкі кантэнт на ангельскай мове.
Яшчэ ў сакавіку 2024 году акаўнт X, які пазьней атрымае назву Europe Invasion, апублікаваў відэа з выяваў, створаных штучным інтэлектам, на якіх ён апісвае нібыта небясьпеку допуску афганскіх мігрантаў у Эўропу. «Калі мы хочам абараніць нашу будучыню, нашу цывілізацыю і нашых дзяцей, мы павінны сказаць „стоп“ гэтаму ўварваньню», — кажа закадравы голас у відэа па-ангельску з моцным акцэнтам.
У наступным пасьце акаўнт падзяліўся спасылкай на няісны цяпер канал на YouTube пад назвай West To Dubai, які быў прысьвечаны досьведу жыцьця ў гэтай дзяржаве Пэрсыдзкага заліву. Акаўнт Europe Invasion паведаміў сваім падпісчыкам, што на канале былі разьмешчаныя відэаролікі, нібыта зьнятыя «студэнткай унівэрсытэту» па імені Аліса пра «ўварваньне імігрантаў у Эўропу».
Youtube-канал West To Dubai спыніў існаваньне пасьля расьсьледаваньня швэдзкага грамадзкага вяшчальніка SVT. Да яго выдаленьня на канале было відэа пра жыцьцё ў Дубаі, якое агучвала жанчына, што называла сябе «Алісай», і гэтым разам яна прысутнічала на відэа.
Аналіз профіляў у сацыяльных сетках, праведзены Радыё Свабода, пацьвердзіў, што жанчыну ў другім відэа завуць не Аліса, а Бельгін Кок. Ейны профіль у LinkedIn паказвае яе як уладальніцу дубайскай кампаніі, што прадае традыцыйны турэцкі кандытарскі выраб лукум. Радыё Свабода таксама выкарыстоўвала два розныя альгарытмы распазнаваньня голасу, каб параўнаць голас апавядальніцы ў відэа, якое публікавалася ў акаўнце Х пад назвай Europe Invasion, і ў некалькіх відэа Youtube-каналу West To Dubai, у якіх Бельгін Кок відаць на відэа (уключна зь відэа пра жыцьцё ў Дубаі, якое яна агучвала па-ангельску пад псэўданімам Аліса).
Урывак з антыміграцыйнага відэароліка, агучанага «Алісай», які быў апублікаваны ў акаўнце Europe Invasion у сакавіку:
Урывак зь відэа, разьмешчанага на выдаленым цяпер YouTube-канале West To Dubai. У відэа прысутнічае Бельгін Кок, якая называе сябе «Аліса»:
Абодва выкарыстаныя альгарытмы ўказалі, што голас Бельгін Кок супадае з голасам «Алісы» ў згенэраваным штучным інтэлектам відэа, якое папярэджвае пра афганскіх мігрантаў у Эўропе.
На канале «Алісы» на YouTube таксама быў выдалены цяпер акаўнт X @alissatells, які часта рэпосьціў з акаўнта Europe Invasion і ўзаемадзейнічаў зь ім. Інтэрнэт-архівы раскрываюць прамую сувязь паміж акаўнтам Europe Invasion, Кок і выдуманай асобай «Алісай».
«Стэфан з Чарнагорыі»
Турэцкая пара з Дубая, зь якой зьвязаліся журналісты SVT, адмаўляла сваё дачыненьне да акаўнта Europe Invasion, за якім, па іх словах, стаяла чарнагорскае рэклямнае агенцтва, якім кіраваў чалавек па імені Стэфан.
Пасьля расьсьледаваньня SVT акаўнт Europe Invasion апублікаваў пост, у якім «уладальнікам акаўнта Europe Invasion» быў названы «чарнагорац сэрбскага паходжаньня» па імені Стэфан, які імкнецца «абараніць эўрапейскую культуру і хрысьціянства». Пазьней у акаўнце апублікавалі фатаздымак барадатага мужчыны ў акулярах, які пацягвае капучына, і выказалі здагадку, што гэта Стэфан, а таксама публікуецца спасылка на акаўнт X меркаванай асобы, @IamStefanK.
Радыё Свабода зьвязалася з мужчынам на фатаздымку, які, як і Мэрт і Бельгін Кок, мае карані ў Ізьміры, трэцім па велічыні горадзе Турэччыны. Ён адмаўляў якое-небудзь дачыненьне да акаўнта Europe Invasion, але пацьвердзіў, што ведае Мэрта Кока і што фатаздымак, выкарыстаны ў пасьце акаўнта Europe Invasion, належыць яму.
«Так, гэта мой фатаздымак. Гэта вельмі стары фатаздымак. Ён быў зроблены чатыры ці пяць гадоў таму. Але пра Europe Invasion я ад вас упершыню чую. Я ня маю ніякага дачыненьня да гэтага акаўнта», — сказаў мужчына, дадаўшы, што быў шакаваны тым, што ягоны фатаздымак быў выкарыстаны ў акаўнце Europe Invasion.
Мужчына, імя якога Радыё Свабода не называе, сказаў, што вучыўся ў тым жа ўнівэрсытэце, што і Мэрт Кок, і апошні раз сустракаўся зь ім тыдняў шэсьць таму.
Мэрт Кок на пытаньне пра чалавека на фатаздымку заявіў, што ня ведае «чалавека, пра якога вы кажаце». Ён настойліва сьцьвярджаў, што «мы не зьяўляемся ўладальнікамі» Europe Invasion і афіліяванага зь ім акаўнта Algorithm Coach.
«Мы мусульмане і жывем у мусульманскай краіне. Мы ня можам быць уладальнікамі антымусульманскага акаўнта», — напісаў ён.
У сваім пісьмовым адказе Мэрт Кок сьцьвярджаў, што ён і ягоная жонка прадалі акаўнт X пад назвай Dubaideyiz («Мы ў Дубаі» на турэцкай мове), які належаў ім, меркаванай камандзе ў Чарнагорыі.
Журналісты Радыё Свабода не знайшлі ніякіх доказаў, што меркаваны чарнагорскі «ўладальнік» па імені Стэфан сапраўды існуе.
Эксплюатацыя эмоцыяў
Рост папулярнасьці акаўнта Europe Invasion і іншых акаўнтаў, якія прасоўваюць часта ілжывыя і расісцкія гісторыі пра мігрантаў, таксама падкрэсьлівае, як сацыяльная сетка X уплывае на публічныя абмеркаваньні іміграцыі, фармуе іх і мадэруе.
У адказ на электронны ліст, адпраўлены ў службу падтрымкі X, журналістаў Радыё Свабода накіравалі ў агульны Цэнтар падтрымкі кампаніі, які не дае мэдыйным арганізацыям магчымасьці адпраўляць запыты на камэнтары.
Дасьледаваньне, апублікаванае ў верасьні, паказала, што антыіміграцыйны кантэнт на X распаўсюджваецца на 66% хутчэй, чым праіміграцыйны кантэнт.
«Хуткасьць, зь якой ён распаўсюджваецца, надзвычай важная. Нават калі вы выяўляеце і ліквідуеце мову варожасьці, пра якую б мову варожасьці вы ні казалі, праз тыдзень гэта ня мае асаблівага значэньня, таму што, магчыма, праз тыдзень гэтая інфармацыя ўжо мёртвая, але людзі ўжо адрэагавалі на яе», — патлумачыў Радыё Свабода італьянскі дасьледчык Андрэа Насута, суаўтар дасьледаваньня.
Ілан Маск, які набыў X у 2022 годзе і пазыцыянаваў сябе як прыхільнік свабоды слова, таксама зазнаў хвалю крытыкі за тое, што распусьціў каманду мадэратараў кантэнту X.
Дасьледаваньне нью-ёрскай кампаніі NewsGuard, якая адсочвае онлайн-дэзынфармацыю, паказала, што пасьля таго, як Маск купіў Twitter (які ён перайменаваў у X), усплёск актыўнасьці паказалі акаўнты, якія распаўсюджваюць дэзынфармацыю.
Антыіміграцыйныя пасты акаўнта Europe Invasion часта выклікаюць лявіну ксэнафобных і расісцкіх камэнтароў. Такі кантэнт шырока распаўсюджваецца збольшага таму, што ён распальвае эмацыйнае абурэньне, якое стымулюе актыўнасьць, кажа Наталі Ван Рэмдонк, бэльгійская экспэртка ў кіраваньні лічбавымі плятформамі і перадухіленьні дэзынфармацыі.
«Калі ў пасьце ёсьць элемэнт эмацыйнай і маральнай мовы, ён стане больш прыкметным», — кажа Наталі Ван Рэмдонк.
Эпілёг
У канцы лістапада, тыдні праз тры пасьля таго, як Радыё Свабода зьвязалася з Мэртам Кокам і публічнымі адрасамі электроннай пошты, зьвязанымі з акаўнтам Europe Invasion, гэты ўліковы запіс X зноў зьмяніў назву. На момант публікацыі гэтага тэксту ён меў назву «Абнаўленьне навінаў» (Update News) і выкарыстоўваў маркер X @UpdateNews724.
На новым банэры ўліковага запісу ёсьць фота Маска.
Функцыя пошуку па гісторыі на X паказвае, што першае згадваньне новага імя акаўнта зьявілася не раней за 28 лістапада. (У той жа дзень быў запушчаны іншы акаўнт, які працуе пад лягатыпам Europe Invasion і ягоным папярэднім імем, абяцаючы «новы старт». Цяпер у яго менш за 300 падпісчыкаў).
У якасьці свайго кантакту Update News цяпер указвае акаўнт, нібыта зьвязаны зь лічбавай кансалтынгавай фірмай, якая базуецца ў Бостане. Радыё Свабода зьвярнулася ў кампанію пад назвай X Agency, якая адказала, што яна «ня мае абсалютна ніякага дачыненьня да акаўнта Update News».
Запыт Радыё Свабода ў акаўнт Update News праз асабістае паведамленьне ў сацыяльнай сетцы X на момант публікацыі застаўся без адказу.
Пасьля зьмены назвы акаўнт, падобна, засяродзіў сваю ўвагу на больш агульных сусьветных навінах, але і ён хутка нарабіў шуму, заявіўшы — без спасылкі на доказы — што «45% выпадкаў сэксуальнага гвалту» ў Італіі летась зьдзейсьнілі мігранты.
Акаўнт Ілана Маска адказаў на гэты пост двума клічнікамі, якія Update News пасьля перадрукаваў з подпісам: «Мы цяпер СМІ!»