Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Сергіенка: “Палітычных пераводзілі з камэры ў камэру”


Выйшаў на волю грамадзкі актывіст Мікалай Сергіенка, арыштаваны на 10 сутак пасьля мітынгу прадпрымальнікаў у Менску.


Мікалай Сергіенка лічыць, што адміністрацыя турмы пачала ўжываць у дачыненьні да арыштаваных “за палітыку” новую тактыку.
Увесь час пераводзяць з камэры ў камэру, штодзённа праводзяць ператрусы

“Увесь час пераводзяць з камэры ў камэру, штодзённа праводзяць ператрусы. Мяркую, гэта робіцца дзеля таго, каб вязьні паміж сабой не наладзілі добрых стасункаў ды не адчувалі сябе добра, бо чалавек да аднаго месца прызвычайваецца. Увогуле рэжым узмацніўся. Не прымаюць харчовыя перадачы, не дазваляюць браць з сабой соль і цукар”.

Мікалая Сергіенку затрымалі ў офісе Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў напярэдадні мітынгу прадпрымальнікаў 10 сьнежня. Разам зь ім затрымалі і лідэра прадпрымальніцкага руху Аляксандра Макаева. Мікалая Сергіенку абвінавацілі ў “нецэнзурнай лаянцы” на адрас міліцыянтаў і арыштавалі на 10 сутак.

Увесну 2006 году Мікалай ужо адбываў арышт у турме на Акрэсьціна за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце ў падтрымку Аляксандра Казуліна. Цяпер адседка супала з першымі маразамі. Ці было холадна ў ізалятары?

“У некаторых камэрах увогуле няма шкла на фортках. Або шкло пабітае і заклеенае скотчам. У такіх пакоях вельмі холадна, хоць там трымаюць болей за 10 чалавек. Мы спалі ў вопратцы і ўсё роўна мерзьлі. Але ёсьць і нармальныя камэры”.
У некаторых камэрах увогуле няма шкла на фортках

Паводле Мікалая Сергіенкі, у некаторых памяшканьнях было вельмі брудна, а начамі скрэбліся пацукі.

У перадсьвяточныя дні арыштантаў у ізалятары на Акрэсьціна паболела — цяпер тут каля 60 чалавек. “Кожную ноч прыяжджаюць аўтазакі і прывозяць новых вязьняў. Гэтая публіка палітыкай амаль не цікавіцца. Кажуць, калі даможацеся для нас паляпшэньня ўмоваў утрыманьня, тады мы апазыцыі паверым”, — распавёў грамадзкі актывіст Мікалай Сергіенка, які сёньня выйшаў з менскай турмы на Акрэсьціна.

У канцы 2005 года ў ізалятары на вуліцы Акрэсьціна ўвялі новы корпус. У абодвух корпусах пасьля разгону намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы ў канцы сакавіка 2006 году ўтрымлівалі каля 500 вязьняў. Паводле арыштантаў, якія пабывалі ў турме на Акрэсьціна сёлета, новы корпус цяпер выкарыстоўваецца вельмі рэдка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG