Вяршыня Сабаленкі
Беларуска Арына Сабаленка ўпершыню ў кар’еры атрымала ўзнагароду найлепшага гульца году Ўсясьветнай тэніснай асацыяцыі (WTA Player of the Year). Прызнаньне не выглядае дзіўным: яна заваявала два тытулы «Вялікага шлему», самых прэстыжных турніраў. Арына таксама завяршыла 2024 год на першым месцы ў рэйтынгу. Можна з поўным правам казаць, што Сабаленка сёньня ня толькі ў тэнісе, а ва ўсім беларускім спорце — асоба № 1. Настолькі ж безапэляцыйна першая, як раней біятляністка Дар’я Домрачава.
Але, як часам здараецца з папулярнымі і амбітнымі асобамі, трыюмфы Сабаленкі на міжнароднай арэне зусім не зьяўляюцца «клеем» для нацыі. Нехта нагадвае, што яна ўсё сьвядомае жыцьцё жыве і трэнуецца не ў Беларусі, дзе не было б такіх умоў, а ў Злучаных Штатах. Нехта абураецца вялікай колькасьцю мацюкоў, якія Арына ўжывае на корце. А хтосьці не забыў падзеяў 2020 году, калі пасьля здушэньня пратэстаў сілавікамі Сабаленка прыляцела на радзіму на сьвяточны баль з Лукашэнкам.
Раней першай ракеткай сьвету была іншая беларуска — Вікторыя Азаранка. Да яе таксама было рознае стаўленьне, але супярэчлівасьць яе постаці зусім не была такой, як цяпер у Сабаленкі.
Гібель Кальцова
У сакавіку сьвет засмуціла трагедыя — у штаце Флорыда з гаўбца гатэльнага нумару ўпаў і разьбіўся вядомы ў мінулым беларускі хакеіст Канстанцін Кальцоў. Дзеля Арыны Сабаленкі ён кінуў сваю сям’ю, але неўзабаве пасьля гібелі Кальцова тэнісістка заявіла, што ўжо не сустракалася з Кальцовым. Амэрыканская паліцыя некалькі месяцаў расьсьледавала справу і прыйшла да высновы, што Кальцоў выпаў з гаўбца сам і ягоная гібель — вынік самагубства. Але былая жонка Канстанціна Юлія Міхайлава ўсё адно лічыць здарэньне няшчасным выпадкам.
Кальцоў правёў некалькі яскравых сэзонаў у наймацнейшай лізе сьвету — НХЛ. У складзе Pittsburgh Penguins ён быў прыкметнай асобай. У выніку правёў у НХЛ каля паўтары сотні паядынкаў і стаў адным з найлепшых беларусаў у гісторыі заакіянскага хакею.
Алімпіяда ў Парыжы
Алімпійскія гульні ў Францыі пачаліся са скандалу — кансэрватыўнай публіцы па ўсім сьвеце вельмі не спадабалася алюзія на «Тайную вячэру» ад арганізатараў цырымоніі адкрыцьця. Іншыя затое адзначалі, што парыскія Гульні сталі першымі з гендэрнай роўнасьцю, і наагул яны мелі ў сабе шмат адметнасьцяў. Напрыклад, Алімпіяда стала самай эканомнай у ХХІ стагодзьдзі. Свабода асобна разьбірала фэномэн гэтых спаборніцтваў з сацыялягіняй.
Беларусы выступалі на Алімпіядзе ў нэўтральным статусе праз санкцыі Міжнароднага алімпійскага камітэту, зьвязаныя з падтрымкай рэжымам Аляксандра Лукашэнкі расейскай агрэсіі супраць Украіны. Беручы пад увагу ўсе акалічнасьці, а найперш — допуск на Гульні, вынік беларусаў можна нават назваць здавальняючым. На іх рахунку чатыры мэдалі. Золата заваяваў батутыст Іван Літвіновіч, для якога гэта ўжо другая залатая алімпійская ўзнагарода. Срэбра здабылі вясьляр Яўген Залаты і батутыстка Віялета Бардзілоўская. Бронзавы мэдаль — у штангіста Яўгена Ціханцова. Калі б Беларусь выступала ня ў якасьці каманды «нэўтральных атлетаў», а як самастойная дэлегацыя, яна б падзяліла з Партугаліяй 50-е месца ў мэдалёвым заліку.
Дзяржаўныя СМІ Беларусі спрабавалі спачатку ачарніць Алімпіяду, у тым ліку выкарыстоўваючы расейскія прапагандысцкія наратывы. Аднак калі пайшлі мэдалі, прапаганда нібыта забыла пра «несправядлівасьць і ганеньні» і пачала хваліць атлетаў. А заплыў з удзелам Аліны Змушкі нават выкралі з афіцыйнай трансьляцыі, парушыўшы міжнародны закон.
Бокі — рэкардсмэн
Галоўны беларускі спартовы герой выступаў не на Алімпіядзе, а на Паралімпіядзе. Плывец Ігар Бокі, які стартуе ў спаборніцтвах атлетаў з парушэньнямі зроку, у Парыжы здабыў 7 залатых мэдалёў. Агулам жа на чатырох Паралімпіядах ён сабраў ураджай з 21 залатога мэдаля. Нездарма Бокага даўно называюць «бабруйскім Фэлпсам», параўноўваючы паралімпійца са знакамітым амэрыканскім чэмпіёнам.
Завяршэньне кар’ераў Сныцінай і Гуркова
Размовы пра «нэўтральны статус» нарадзілі яшчэ больш спрэчак і зусім ня вырашылі дылемы аб «справядлівасьці» допуску. Напрыклад, колішняя капітан жаночай баскетбольнай зборнай Беларусі Кацярына Сныціна настойвала, што беларускіх спартоўцаў ні ў якім статусе нельга пускаць на Алімпіяду, хаця б таму, што рэжым Лукашэнкі спрабуе скарыстаць любую нагоду для заплямліваньня спартоўцаў. Калі для пэрсанальных відаў спорту яшчэ можна выбіць асобны дазвол, дык для гуртавых відаў фэдэрацыі адназначна закрылі дарогу. Сныціна завяршыла кар’еру ў Вялікай Брытаніі, дзе з клюбам «Лёндан Лаянз» заваявала спачатку Эўракубак, а затым золата першынства краіны.
Тайбаксэр Віталь Гуркоў, які таксама пакінуў Беларусь праз рэзкае разыходжаньне ў поглядах зь дзейнай уладай, апошнім часам выступаў за Ўкраіну, дзе пасяліўся. Апошнім ягоным турнірам стаў чэмпіянат сьвету ў тайскім боксе ў нямецкім Франкфурце-на-Майне, дзе ён здабыў золата. Агулам жа 39-гадовы атлет больш за 10 разоў браў золата пяршынстваў сьвету. У старыя часы на радзіме Гуркоў пасьля перамог уздымаў нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг і мог вяртацца ў Беларусь.
Працяг ізаляцыі
Ня толькі Алімпіяда паказала адчужэньне беларускага спорту. Свае міжнародныя гульні футбалісты вымушаныя праводзіць у Вугоршчыне, Сэрбіі і Азэрбайджане, а дабіраюцца на матчы аўтобусамі, нярэдка праз палову Эўропы. Валейбол і гандбол увогуле патанулі ў сэрыях турніраў з расейскімі камандамі, як у дарослых, так і ў юніёраў. Падобная ізаляцыя адбіваецца на цэлым пакаленьні, вымушаным расьці ў неспрыяльных умовах. Няма ніякіх перадумоў, каб беларускія каманды сталі канкурэнтаздольнымі адразу пасьля выхаду Беларусі з ізаляцыі.
У шахматах, дужаньні, плаваньні, біятлёне і іншых відах захоўваюцца абмежаваньні, часта жорсткія, на ўдзел беларускіх спартоўцаў. Яны карэктуюцца, робяцца больш строгімі ці больш мяккімі, але пакуль ідзе вайна Расеі супраць Украіны, дзе рэжым Лукашэнкі выступае саўдзельнікам агрэсіі, не выпадае чакаць зьняцьця ізаляцыі.
Пачасьціліся й выпадкі адмовы супернікаў ад паядынку. Напрыклад, зборныя Літвы ў жаночым футболе і Эстоніі ў пляжным мужчынскім футболе сёлета адмовіліся ад гульняў супраць прадстаўнікоў Беларусі. Іх не напалохала нават тэхнічная параза. Як адзначылі ў футбольным зьвязе Літвы, «каштоўнасьці важнейшыя за пункты». Эстонцы ж на поле выйшлі, але, прасьпяваўшы свой гімн, пакінулі пясок. Пазьней адмовіліся ад гульні зь беларусамі і літоўскія «пляжнікі».
Першая афіцыйная спартоўка-ўцякачка
Старт зімовага сэзону прынёс прыемную навіну — беларуска Дар’я Далідовіч выступіла на этапе юніёрскага Кубку сьвету ў біятлёне як удзельніца «каманды ўцекачоў». Беларусам ня так проста прабіцца ў такую. Дзяўчына ж — дачка славутага лыжніка Сяргея Далідовіча, які прадстаўляў Беларусь на сямі зімовых Алімпіядах. Доўгае бюракратычнае змаганьне дало плён, і цяпер Дар’я можа браць удзел у міжнародных стартах.
Іншым жа беларусам, якія ня могуць вярнуцца на радзіму празь небясьпеку рэпрэсій, застаецца толькі спадзявацца на атрыманьне замежнага пашпарта. Лёгкаатлеткі Крысьціна Ціманоўская і Марыя Жодзік на Алімпіяду ў Парыжы паехалі ў складзе польскай дэлегацыі, але выступілі няўдала. А коньніца Вольга Сафронава на Гульні ня трапіла праз канфлікт у польскай камандзе.
Драма Буяльскага
Улады Беларусі толькі цыкаюць у бок міжнародных фэдэрацый, вінавацячы іх у «падвойных стандартах», але самі ані на градус не зьмяншаюць напружаньня, якое нагнятаюць на адрас праціўнікаў. Прычым праціўнікам можна стаць цяпер і за няпоўную ляяльнасьць.
У 2023 годзе не падпускалі да працы аднаго з найвялікшых трэнэраў фрыстайлу ў сьвеце Мікалая Казеку, які падрыхтаваў некалькіх алімпійскіх чэмпіёнаў. Сёлета ж накінуліся на баскетбольнага настаўніка Анатоля Буяльскага. Той раней пасьпяхова працаваў у нацыянальнай зборнай з той жа Сныцінай, вывеў каманду на высокі міжнародны ўзровень, меў посьпехі і ў сталічным «Гарызонце».
Цяпер жа, як даведалася спартовае выданьне «Трыбуна», Буяльскі адхілены ад трэнэрства нават у другой камандзе «Гарызонту». Займаецца з адной аматарскай дружынай у Менску, але агулам адсунуты ад любога ўплыву на беларускі баскетбол.
Салавей і суд
У сьнежні стала вядома пра прысуд футбалісту Андрэю Салаўю. Высьветлілася, што гульцу мазырскай «Славіі» і найлепшаму футбалісту краіны 2021 году прысудзілі «хатнюю хімію» за ўдзел у пратэстах з патрабаваньнем новых прэзыдэнцкіх выбараў.
Пазьней стала вядома, што «Славія» прапанавала Салаўю новы кантракт.
«Дынама» ў эўракубках
Менскае «Дынама» стала першым за некалькі гадоў прадстаўніком Беларусі ў футбольных эўракубках, які здолеў прайсьці кваліфікацыю і прабіцца ў асноўны этап турніру. Каманда на групавым этапе Лігі Канфэрэнцый выйграла толькі адзін паядынак — у паўночнаірляндзкага «Ларнэ». Але выступ клюбу запомніўся ня гэтым, а сустрэчай у Варшаве.
Там дынамаўцы ганебна саступілі польскай «Легіі» 0:4, а на стадыёне заўзятары разгарнулі дзясяткі нацыянальных беларускіх сьцягоў. Афіцыйны, чырвона-зялёны, быў, бадай, адзін, затое ў палкай прыхільніцы Лукашэнкі, якая жыве ў Варшаве. Яна імгненна стала гераіняй прапагандысцкіх выпускаў, і нават гульцы разам з трэнэрам зьняліся ў відэа з падзякай заўзятарцы. Прозьвішча Лукашэнкі паўтаралі на стадыёне найчасьцей, супраць беларускага дыктатара выказваліся і фанаты «Легіі», і беларускія эмігранты на трыбунах.
Не паказалі матчаў зборнай Украіны
Улетку на стадыёнах Нямеччыны адбыўся чэмпіянат Эўропы ў футболе. «Белтэлерадыёкампанія» ў апошні момант закупіла правы на паказ гульняў, але адмовілася пускаць у этэр матчы з удзелам зборнай Украіны.
Яўна прарасейскі ход абурыў беларускіх заўзятараў — паводле шэрагу апытаньняў, зборная Ўкраіны была адной з найбольшых сымпатыяў беларусаў.
А якія спартовыя падзеі 2024 году з тых, што мы не пералічылі, успомніце вы? Напішыце нам праз форму сувязі з рэдакцыяй!
Форум