Сваю першую выбарчую кампанію ў 1994 годзе Аляксандар Лукашэнка будаваў на барацьбе з карупцыяй. Рэгулярна агучвалася такая мэта і ў пазьнейшыя часы, ня толькі перад чарговымі выбарамі, але і паміж імі. Не абышлі барацьбу з карупцыяй ідэолягі і сёлета. Публікацыі пра Лукашэнку — барацьбіта з хабарніцтвам выходзяць у дзяржаўных СМІ розных узроўняў.
Разам з тым нават дзяржаўная статыстыка сьведчыць пра тое, што карупцыя ў Беларусі як мінімум не зьмяншаецца. Паводле Генэральнай пракуратуры, у 2021 годзе такіх злачынстваў было 1048, у 2022-м — 1328, у 2023-м — 1593.
Паводле гэтай жа статыстыкі, у 2023 годзе колькасьць карупцыйных злачынстваў у прамысловасьці вырасла амаль на чвэрць.
Пры гэтым ёсьць падставы меркаваць, што далёка ня ўсе карупцыйныя скандалы трапляюць у дзяржаўныя СМІ.
Грошы на дарогу
Аб’яднаньне былых беларускіх сілавікоў BelPol падзялілася са Свабодай «Інфармацыйнай запіскай», якую цяпер ужо былы (зь верасьня 2024-га. — РС) пракурор Гомельскай вобласьці Віктар Марозаў, як мяркуецца, накіраваў старшыні Гомельскага аблвыканкаму Івану Крупко. Зь меркаваньняў бясьпекі для крыніц інфармацыі былыя сілавікі не раскрываюць, якім шляхам да іх трапіў гэты дакумэнт. У адкрытым доступе «Інфармацыйнай запіскі» няма, яна датаваная канцом ліпеня 2024 году і ахоплівае зьвесткі аб стане барацьбы з карупцыяй у рэгіёне за першыя паўгода 2024-га.
На шасьці старонках дакумэнта апісваецца шэраг злачынстваў і злоўжываньняў, якія нібыта мелі месца ў Гомельскай вобласьці. Таксама там можна знайсьці прапановы, якія маглі б палепшыць сытуацыю. Паводле «Інфармацыйнай запіскі», за 6 месяцаў сьледчыя органы Гомельшчыны зафіксавалі ў рэгіёне 72 карупцыйныя злачынствы. Лідэрам у колькасьці карупцыйных злачынстваў там называецца сельская гаспадарка.
Як мінімум адзін згаданы ў дакладзе выпадак шырока асьвятляўся і ў дзяржаўных СМІ. Гаворка пра рэзанансную справу са злоўжываньнямі ў сфэры будаўніцтва дарог. Справа тычылася намесьніка генэральнага дырэктара РУП «Гомельаўтадар» Сяргея Канакова і дырэктара філіялу дарожна-будаўнічага трэсту Дзьмітрыя Лазарэнкі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, яны незаконна атрымалі зь бюджэту суму 2,5 мільёна рублёў. 24 верасьня ў Гомлі прайшоў адпаведны судовы працэс. Прадстаўнік дзяржаўнага прадпрыемства «Гомельаўтадар» атрымаў 5 гадоў калёніі. Прадстаўнік філіялу трэсту — 3 гады і 6 месяцаў, але да яго суд прымяніў адтэрміноўку выкананьня пакараньня на тры гады.
«Пазьбяганьне санкцый» для БМЗ
Зьмяшчае дакумэнт і зьвесткі аб магчымых злоўжываньнях на Беларускім мэталюргічным заводзе. Як гаворыцца ў «інфармацыйнай запісцы», вясной 2024 году пракурор Жлобінскага раёну распачаў крымінальную справу за махлярства ў асабліва буйным памеры ў дачыненьні грамадзяніна Рамана Семянені. Той, паводле пракуратуры, на падставе закупкі мэталапрадукцыі ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу БМК» пераканаў службовых асоб БМЗ ажыцьцявіць у межах кантракту адгрузку арматуры на адрас закрытага акцыянэрнага таварыства «Мілка Балтыя» (Milca Baltija, Вільнюс, Літоўская Рэспубліка). Аднак Раман Семяненя прынятыя на сябе абавязаньні нібыта ня выканаў, чым прычыніў шкоду БМЗ на суму 2 232 648,21 рубля.
З 2022 году БМЗ знаходзіцца пад эўрапейскімі санкцыямі. А прадпрыемства «Мілка Балтыя» фігуравала ў расьсьледаваньнях журналістаў як кампанія, якая дапамагае «Гродна Азот» і БМЗ абыходзіць эўрапейскія санкцыі. Дырэктарам «Мілка Балтыя» (UAB Milca Baltija) вясной 2024 году быў згаданы ў атрыманай аб’яднаньнем BelPol «інфармацыйнай запісцы» Раман Семяненя.
Расьсьледаваньне журналістаў выйшла ў сакавіку 2024 году.
Кампанія UAB Milca Baltija трапляла ў поле зроку журналістаў і раней. У траўні 2022 году яна заключыла дамовы на пастаўку мэталу вытворчасьці БМЗ, гэта адбылося ўжо пасьля ўвядзеньня санкцый. Паводле балтыйскага парталу Delfi, пасьля выхаду журналісцкіх расьсьледаваньняў кампанія «Мілка Балтыя» спыніла дзейнасьць, а Раман Семяненя зарэгістраваў яшчэ дзьве кампаніі ў эўрапейскіх краінах.
Цяпер на Рамана Семяненю ў Беларусі завялі крымінальную справу. Сам ён знаходзіцца ў вышуку, у тым ліку і ў Расеі.
400 мёртвых кароваў
Паводле «Інфармацыйнай запіскі», найбольш схільнай да карупцыі ў Гомельскай вобласьці зьяўляецца сфэра сельскай гаспадаркі. У дакумэнце прыводзяцца некалькі прыкладаў. У адным з выпадкаў дэпутатка аднаго з раённых саветаў дэпутатаў, дырэктарка сельскагаспадарчага прадпрыемства Тацяна Б. нібыта ўтаіла гібель 384 кароваў. Зрабіла яна гэта, як сьцьвярджаецца ў дакумэнце, «жадаючы прыхаваць сваю некампэтэнтнасьць у кіраўніцтве суб’ектам гаспадараньня». Гібель скаціны хавалі шляхам стварэньня фіктыўнай дакумэнтацыі, паводле якой на фэрмах гаспадаркі было нашмат больш кароваў, чым у рэальнасьці, што прывяло да завядзеньня крымінальнай справы ў дачыненьні да кіраўніцы.
Свабода паспрабавала праверыць апісаную ў «Інфармацыйнай запісцы» інфармацыю. На сайце адпаведнага райвыканкаму сапраўды можна знайсьці імя і прозьвішча згаданай дэпутаткі. А вось кіраўніком названага сяльгаспрадпрыемства працуе ўжо іншы чалавек. Пры гэтым у дзяржаўных СМІ даволі шмат згадак пра Тацяну Б. у сувязі зь дзейнасьцю агракамбінату да лета 2024 году. Яе называюць пераможцай абласнога конкурсу ў намінацыі «Кіраўнік году», а гаспадарку, якой жанчына раней кіравала, адной з найлепшых у рэгіёне.
«Прамысловая перапрацоўка клінічна нездаровага быдла»
Яшчэ адна бяда сельскай гаспадаркі, пра якую згадваецца ў «Інфармацыйнай запісцы» — незаконнае афармленьне вэтэрынарных сьведчаньняў. Паводле дакумэнту, у такіх злачынствах заўважаны шэраг раённых чыноўнікаў, якія кіравалі вэтэрынарнымі станцыямі. У атрыманым BelPol дакумэнце расказваецца, што жывёлы на забой пэрыядычна не правяраліся на хвароы або не лячыліся перад ім. Такім чынам, як сьцьвярджаецца ў «Інфармацыйнай запісцы», за першыя шэсьць месяцаў 2024 году ў Гомельскай вобласьці на забой было накіравана ня менш за 807 галоў буйной рагатай жывёлы без абавязковага агляду.
«Фактычна ў прамысловую перапрацоўку зроблены допуск клінічна нездаровага быдла. Крымінальная справа накіраваная для разгляду ў суд», — гаворыцца ў дакумэнце. Зьвестак пра вынікі разгляду такіх справаў у адкрытым доступе пакуль няма.
Дырэктар, які «завалодаў мэталічным плотам»
Апісвае «Інфармацыйная запіска» і сытуацыю ў сфэры прамысловасьці. Як вынікае з дакумэнту, у Гомельскай абласной пракуратуры выклікае заклапочанасьць сытуацыя, калі ў карупцыйныя схемы аказваліся ўцягнутымі адразу некалькі кіраўнікоў прадпрыемстваў. У якасьці прыкладу прыводзіцца гісторыя кіраўнікоў некалькіх вядомых у рэгіёне прадпрыемстваў, зьвязаных з вытворчасьцю мэталаканструкцый.
«Яны завалодалі маёмасьцю прадпрыемства ў выглядзе мэталічнага плоту агульным коштам 5 929,14 рубля, чым зьдзейсьнілі крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі (ч. 2 арт. 210 Крымінальнага кодэксу). Праводзіцца сьледзтва», — гаворыцца ў «Інфармацыйнай запісцы».
На афіцыйным сайце аднаго з згаданых у дакумэнце заводаў дырэктарам цяпер пазначаны іншы чалавек, а вось ягоным намесьнікам — па-ранейшаму адзін са згаданых у «запісцы». Апошні раз папярэдні дырэктар заводу выступаў у дзяржаўнай прэсе ў ліпені 2024 году, калі віншаваў работнікаў сфэры з Днём ліцейшчыка. Зьвестак пра згаданую ў «Інфармацыйнай запісцы» карупцыйную справу ў адкрытых крыніцах знайсьці не ўдалося.
Форум