Ярмошына выказала думку, што да 2020-га насельніцтва Беларусі і апазыцыя выконвалі «правілы гульні» і прывяла ў гэты кантэсьце прэзыдэнцкія выбары 2010 году.
«Я вельмі люблю выбары 2010 году. Яны былі вельмі сонечныя, лёгкія і простыя. Яны былі вельмі дэмакратычнымі. Мы зарэгістравалі 10 кандыдатаў ад апазыцыі. Мы дазвалялі практычна ўсё. Назіральнікаў было вельмі шмат. Я думаю, што гэтыя выбары былі б празнаныя міжнароднай супольнасьцю як эўрапейскія. Але ўсе разумелі, што пераможа Лукашэнка. Таму за тры дні, каб сарваць прызнаньне, была арганізаваная тая самая „Плошча“, калі сагналі людзей да будынка парлямэнту, дзе разьмяшчаецца ЦВК», — сказала была кіраўніца ЦВК.
Пасьля выбараў 2010 году ў Беларусі арыштавалі амаль 700 чалавек, а пяцёх кандыдатаў асудзілі ў крымінальных справах. Нягледзячы на гэта, Ярмошына заявіла, што людзі ў Беларусі заўсёды з ухвалай ставіліся да выбараў і членаў выбарчых камісій, пакуль іх «не абалванілі» ў 2020 годзе.
«Мне было ня цяжка працаваць, я атрымлівала задавальненьне. Так, 2020 год мяне надламіў. Шмат у чым ён падарваў упэўненасьць у сабе. Задаволеная я толькі тым, што, магчыма, я ўратавала краіну ад грамадзянскай вайны. Прынамсі, я гэтаму спрыяла». — сказала Лідзія Ярмошына.
ЦВК Беларусі Ярмошына ўзначальвала 25 гадоў. Ніводная з выбарчых кампаній, якія яна арганізоўвала, не былі прызнанаыя міжнароднай супольнасьцю свабоднымі і дэмакратычнымі. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі адбыліся самыя буйныя пратэсты ў гісторыі. Сотні тысяч людзей пратэставалі супраць фальсыфікацыі выбараў. Дзясяткі тысяч пасьля гэтага сталі ахвярамі рэпрэсіяў.
Форум