Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу: менчука будуць судзіць за «абразу Лукашэнкі» падчас збору подпісаў


Ілюстрацыйнае фота. Падчас збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку ў Менску
Ілюстрацыйнае фота. Падчас збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку ў Менску

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў.

Як сьцьвярджаюць прапагандысты, увечары 36-гадовы мужчына падышоў да ініцыятыўнай групы, якая на скрыжаваньні вуліц Маякоўскага і Барадзінскай у Менску зьбірала подпісы за вылучэньне Лукашэнкі кандыдатам на пост прэзыдэнта і выказаў усё, што пра яго думае. Сьцьвярджаецца, што мужчына быў нападпітку.

Да месца збору подпісаў прыехала міліцыя. Менчука затрымалі.

На мужчыну завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу (абраза Лукашэнкі).

Справу будуць разглядаць у судзе Ленінскага раёну Менску, менчуку пагражае да 4 гадоў зьняволеньня.

За «распаўсюд экстрэмізму» асудзілі жыхарку Лепеля, пра якую год таму пісала мясцовая «раёнка»

У Лепелі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 артыкула 19.11 КаАП) і «несанкцыянаванае пікетаваньне» (ч. 1 арт. 24.23 КаАП) 13 сьнежня судзілі супрацоўніцу Лепельскага малочна-кансэрвавага камбіната Жанну Валевіч, паведамляе «Вясна» са спасылкай на віцебскіх праваабаронцаў. Працэс вяла судзьдзя Алеся Новік.

Акалічнасьці адміністрацыйнай справы супраць Валевіч, як і прысуд ёй, праваабаронцам невядомыя.

У 2023 годзе сям’я Валевічаў адзначала «срэбнае вясельле», на сьвяткаваньне якога прыйшлі журналісты зь мясцовай раённай газэты. Пазьней у газэце выйшаў артыкул, дзе ўшаноўваньне юбілею прымеркавалі да «Дня народнага адзінства».

Прызначылі дату завочнага суда над блогерам Матолькам

Справу Антона Матолькі пачнуць разглядаць 27 сьнежня ў Горадзенскім абласным судзе. Працэс будзе весьці судзьдзя Ігар Собалеў, паведамляе «Вясна».

Блогеру інкрымінавалі 13 артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі:

  • ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады),
  • ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў),
  • ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак),
  • ч. 3 арт. 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці),
  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў),
  • ч. 2 арт. 366 (гвалт або пагроза ў дачыненьні да службовай асобы),
  • ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку),
  • ч. 1 і 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі),
  • арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі),
  • ч. 1 і 2 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня),
  • ч. 2 арт. 361-2 (фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці),
  • ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці),
  • ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве).

Справу Антона Матолькі будуць разглядаць у рамках спэцвядзеньня (яго будуць судзіць завочна). Цяпер блогер знаходзіцца за мяжой.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG