Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт правоў чалавека ААН вынес рашэньне па справах 18 заяўнікаў, пакараных у Беларусі за пратэсты


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Камітэт ААН лічыць, што пакараньне аўтараў зваротаў за ўдзел у мірных пратэстах парушыла іх правы.

Камітэт правоў чалавека ААН вынес станоўчае рашэньне па заявах 18 грамадзян, затрыманых і абвінавачаных у парушэньні артыкула 23.34 КаАП («удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах»), паведамляе «Вясна».

Камітэт ААН прыйшоў да высновы, што прыцягненьне гэтых людзей да адказнасьці за ўдзел у мірных пратэстах парушыла іх правы, гарантаваныя артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Сярод аўтараў заяў — Віталь Амяльковіч, Рыгор Кастусёў, Алег Мяцеліца, Леанід Кулакоў, Анатоль Паплаўны, Станіслаў Паўлінковіч, Крысціна Кашыцкая, Ларыса Яўневіч, Марына Самусева, Тацяна Севярынец, Аляксандар Дуброўскіх, Натальля Стрэльчанка, Алег Паўлаў, Сяргей Стрыбульскі, Сяргей Ціханоўскі, Натальля Трашчанка, Ірына Грышчук і Кацярына Цімашэнка.

Усе яны ўдзельнічалі ў мірных пратэстах або заклікалі да іх у пэрыяд з 2016 па 2020 гады ў розных гарадах Беларусі. Суды прызналі іх вінаватымі ў адміністрацыйных правапарушэньнях і вынесьлі рашэньні аб штрафах ці адміністрацыйным арышце тэрмінам ад 5 да 15 сутак. Апэляцыі былі адхіленыя.

Як адзначыла юрыстка «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва, Камітэт ААН аб’яднаў скаргі, пададзеныя асобнымі заяўнікамі, у адно рашэньне. Паводле слоў Галаўнёвай, яно мае значнасьць, бо пацьвярджае сыстэматычнасьць парушэньня правоў з боку ўладаў Беларусі.

Рашэньне Камітэту патрабуе ад Беларусі:

  • Кампэнсацыі аўтарам зваротаў штрафаў і выдаткаў на юрыдычную дапамогу;
  • Кампэнсацыі за адміністрацыйныя арышты, прапарцыйнай тэрміну зьняволеньня;
  • Перагляду Закону аб масавых акцыях для гарантаваньня свабоды выказваньня і сходаў.

Беларусь абавязалі на працягу 180 дзён падаць інфармацыю аб выкананьні гэтых рэкамэндацый, а таксама апублікаваць і распаўсюдзіць рашэньне Камітэту на афіцыйных мовах.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG