Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ачмурэнны», «Вандроўка», «Родны край». Сьпіс календароў на беларускай мове на 2025 год


Адрыўныя і квартальныя, настольныя і насьценныя, пра вандроўкі і замкі. Свабода сабрала 10 календароў на 2025 год на беларускай мове. 

1. «Вандроўка»

Гэта адрыўны каляндар, які дапаможа «падарожнічаць» па Беларусі і старонках беларускай гісторыі. З вокладкі вітаюць Янка Купала і Францішак Скарына. Усярэдзіне можна знайсьці 50 архітэктурных і прыродных славутасьцяў Беларусі зь цікавымі фактамі пра іх, біяграфіі і выказваньні вядомых беларусаў. На некаторых старонках можна будзе разгадаць крыжаванку і скласьці зь літар беларускія словы. Аўтары таксама прапануюць адзначыць мясьціны, якія чалавек наведаў, кнігі, якія чытаў, і людзей, чыю біяграфію ведае.

Цана календара 65 рублёў. Яго можна замовіць у Беларусі праз інтэрнэт.

2. «Лёгкая мова»

Гэта адрыўны каляндар-слоўнік у падарункавай скрынцы. Кожны дзень ён прапануе новае беларускае слова. На кожнай старонцы — каляровая карцінка, слова на беларускай мове, яго пераклад на расейскую мову і прыклад з мастацкай літаратуры. Каляндар можна прымацаваць да стала або да сьцяны. У камплект уваходзяць два магніты, каб замацаваць абраныя старонкі на лядоўню. Цана 65 рублёў.

3. «АчМурэнны»

Гэта настольны адрыўны каляндар. У ім карыстальнік знойдзе 365 цікавостак: вершы, жарты, прымаўкі, матывацыйныя цытаты і афарызмы на беларускай мове. Каляндар укладзены ў кардонную падарункавую скрынку. Ён выйшаў у выдавецтве «Папуры». Цана 52 рублі.

4. «Францішак Скарына ў Вільні»

Гэта насьценны каляндар на спружыне. Яго выдалі да 500-годзьдзя выданьня скарынаўскага «Апостала» ў выдавецтве «Тэхналогія».

«Апостал» — гэта першая дакладна датаваная кніга, якую выдалі ў Вільні. На старонках календара карыстальнікі знойдуць калекцыю выяваў, зьвязаных зь першадрукаром, ад жывапісу і скульптуры да марак і манэт. Цана 21 рубель.

5. «Беларускія народныя строі»

Гэта насьценны каляндар на спружыне. На кожнай старонцы — фота сучасных беларусак у традыцыйных строях. Усяго 12 каляровых выяваў. Каляндар выйшаў у выдавецтве «Тэхналогія». Набыць яго можна толькі па перадзамове. Цана 15 рублёў.

6. «Мая нябачная Беларусь»

Гэта насьценны каляндар на спружыне. На кожнай старонцы карыстальнікі знойдуць малюнкі архітэктурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Сярод іх палац Сапегаў, касьцёл і кляштар дамініканцаў у Дзярэчыне, высокая сынагога ў Дуброўне, касьцёл Унебаўзяцьця Дзевы Марыі і кляштар кармэлітаў у Бялынічах, кальвінскі збор у Койданаве, Траецкая царква на Пескаваціку ў Віцебску, касьцёл Сьвятога Францыска Ксавера і калегіюм езуітаў у Магілёве, касьцёл Сьвятой Тарэсы ў Астрыне, палац Абуховічаў у Сваятычах, вялікая сынагога ў Ваўкавыску, мячэт у Даўбучках, касьцёл Сьвятога Станіслава ў Маляцічах, палац Сьлізьняў у Новадзявяткавічах.

Каляндар выйшаў у выдавецтве «ПрофПрэс». Цана 18 рублёў.

7. «Родны край»

Гэта адрыўны каляндар. У ім можна знайсьці юбілейныя даты, зьвязаныя зь вядомымі беларусамі, старажытныя беларускія міты, парады па ўмацаваньні здароўя, правільным харчаваньні, гігіене, спорце, інфармацыю ад псыхолягаў, вірусолягаў, пэдагогаў, садаводаў, жыцьцёвыя і побытавыя парады, рэцэпты народнай мэдыцыны і беларускай кухні.

На старонках календара ёсьць таксама вершы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Валянціна Таўлая, Уладзімера Дубоўкі, Цішкі Гартнага, Янкі Журбы, Пятра Глебкі, Язэпа Пушчы.

Ён выйшаў у выдавецтве «Беларусь». Цана 10,50 рубля.

8. «Мяккая архітэктура»

Гэта насьценны каляндар на спружыне. У ім карыстальнік знойдзе малюнкі мастака Міхаіла Дайлідава. Каляндар прызначаны для людзей, старэйшых за 18 гадоў. Ён выйшаў у выдавецтве «Тэхналёгія». Цана 19,90 рубля.

9. «Беларускі каляндар»

Гэта насьценны каляндар. Яго ўжо трэці год рыхтуе беларуска-нямецкая культурная асацыяцыя KuB. У ім — цытаты дванаццаці беларускіх аўтараў, у тым ліку Юліі Цімафеевай, Евы Вежнавец, Андрэя Хадановіча, Веры Бурлак, Аляксандра Чарнухі. Ёсьць варыянты на беларускай і нямецкай мовах.

«Кожны месяц, кожная старонка — гэта сустрэча з адным з нашых сучасных беларускіх літаратараў. Каляндар аздоблены аўтарскімі фатаздымкамі, і ў ім пазначаныя ўсе важныя і юбілейныя даты беларускай гісторыі, культуры і літаратуры», — прадстаўляюць свой твор аўтары.

Цана календара 10 эўра.

10. «Каляндар адаптацыі ў новай краіне»

Гэта каляндар-параднік з 24 старонак. У ім няма дат. Замест месячнай сеткі — прабелы, каб самастойна ўпісаць чыслы і месяцы. Таму пачынаць яго можна ў любы момант.

«Дапаможнік пра малыя, прадуманыя крокі да адаптацыі і камфорту ў новым асяродзьдзі. Падыдзе як для тых, хто плянуе пераезд, так і для эмігрантаў, дапамагаючы ўсталяваць звычкі і сыстэму самападтрымкі», — так аўтары прадстаўляюць свой прадукт.

Адметнасьць гэтага календара — 12 практыкаваньняў, якія маюць дапамагчы адаптавацца да новага жыцьця. Паводле аўтараў, практыкаваньні ўлічваюць базавыя патрэбы чалавека, абапіраюцца на прынцыпы піраміды Маслава. Аўтарка календара — эмігрантка, выкладчыца і дызайнэрка Ханна Мурайда.

Каляндар-дапаможнік выйшаў у выдавецтве Gutenberg. Яго можна набыць па перадзамове. Цана 50 злотых.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG