Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьсьледнікі Свабоды сталі ляўратамі прэміі ўраду Літвы «За садзейнічаньне разьвіцьцю міжкультурнага дыялёгу»


Журналісты Свабоды Юлія Аляксеева і Андрэй Шаўлюга пасьля атрыманьня прэміі
Журналісты Свабоды Юлія Аляксеева і Андрэй Шаўлюга пасьля атрыманьня прэміі

Узнагародай Дэпартамэнту справаў нацыянальных меншасьцяў пры ўрадзе Літвы адзначылі расьсьледаваньне «„Літвінізм“. Хто спрабуе пасварыць беларусаў і літоўцаў», якое зрабілі журналісты Свабоды Андрэй Шаўлюга і Юлія Аляксеева ў траўні 2024 году.

Цырымонія ўзнагароджаньня прайшла 11 сьнежня ў Палацы Сапегаў у Вільні.

Як адзначаюць арганізатары, прэмія «За садзейнічаньне разьвіцьцю міжкультурнага дыялёгу» прысуджаецца з мэтай заахвочваньня міжкультурнага дыялёгу жыхароў Літвы розных нацыянальнасьцяў, абмену досьведам і культурнай спадчынай. Яе прысуджаюць журналістам, якія ў сваіх публікацыях зьвяртаюць увагу на тэму талерантнасьці і полікультурнасьці ў дачыненьні да нацыянальных супольнасьцяў Літвы.

Прэмію прысуджаюць з 2007 году. З таго часу яе атрымалі шэраг журналістаў і рэдактараў літоўскіх мэдыя, сярод якіх — тэлерадыёкампанія LRT, радыёстанцыі FM99 і Radio R і навінавыя інтэрнэт-выданьні Delfi.lt і 15min.lt.

Расьсьледаваньне «„Літвінізм“. Хто спрабуе пасварыць беларусаў і літоўцаў», праведзенае журналістамі Свабоды, аналізуе ўсе публічныя правакацыі пад шыльдай так званага «літвінізму» ад моманту іх зьяўленьня у Літве ў жніўні 2023 году і да траўня 2024 году. Па выніках расьсьледаваньня журналісты прыйшлі да высновы, што большасьць правакацыяў былі зьдзейсьненыя з ананімных акаўнтаў. Некаторыя прапаноўвалі намаляваць правакатыўныя графіці ў Вільні і за гэта плацілі 15 эўра, некаторыя дасылалі літоўскім дэпутатам і актывістам пагрозы ад імя беларусаў.

«Гэта важная праца для разуменьня таго, наколькі з прычыны агрэсіўных паводзінаў Расеі і рэжыму Беларусі ўсё цяпер хістка ў рэгіёне, дзе мы жывём. У расьсьледаваньні мы паказалі, як штучна асобы, якія ня маюць дачыненьня да беларусаў і не ўяўляюць рэальнай палітычнай сілы, намагаюцца распаліць канфлікт на псэўдагістарычнай глебе. Я пабачыў, што мэтай гэтых асобаў зьяўляецца старэньне атмасфэры страху і недаверу паміж беларусамі і літоўцамі, стварэньне нязручнасьці для тых беларусаў, якія жывуць у Літве і якім давялося ўцячы ад палітычнага перасьледу на радзіме», — адзначыў журналіст Андрэй Шаўлюга падчас атрыманьня прэміі.

У межах расьсьледаваньня журналісты правялі 12 інтэрвію з ахвярамі правакацыяў у Літве, палітыкамі, гісторыкамі як зь літоўскага боку, так і зь беларускага.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG