Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць дзясятка ўдзельнікаў палка Каліноўскага завялі крымінальныя справы, заявілі ў МУС. Вядомыя імёны пяцярых зь іх


Полк Каліноўскага, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Полк Каліноўскага, архіўнае ілюстрацыйнае фота

10 сьнежня МУС Беларусі заявіла пра завядзеньне «шэрагу крымінальных спраў» супраць удзельнікаў палка Каліноўскага, якія знаходзяцца ва Ўкраіне.

Як сьцьвярджаецца ў паведамленьні прэс-службы МУС, супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС устанавілі «ня менш за 10 чалавек», якія, знаходзячыся ў Польшчы і Ўкраіне, стварылі полк імя Кастуся Каліноўскага. СК завёў супраць іх шэраг крымінальных спраў, гаворыцца ў паведамленьні.

МУС сьцьвярджае, што яны нібыта ставілі сабе за мэту «ўчыненьне тэрактаў у Беларусі, захоп дзяржаўнай улады». Таксама гаворыцца, што супраць «названых і іншых асобаў» завялі крымінальныя справы за злачынствы, «зьвязаныя з падрыхтоўкай, навучаньнем і вэрбаваньнем для ўдзелу ў ваенным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы, распаўсюджваньнем заведама ілжывых зьвестак аб эканамічным, палітычным, ваенным і міжнародным становішчы нашай краіны».

З тэлеграм-канала Сьледчага камітэту «Специальное производство. Официально» стала вядома, што крымінальныя справы ў парадку спэцвядзеньня завялі на пяцёх удзельнікаў палка Каліноўскага, заўважылі праваабаронцы «Вясны». Гаворка пра Арцёма Бігеля, Вячаслава Граноўскага, Ігнація Кірэева, Анастасію Махамет і Яна Мельнікава.

Ім інкрымінуюць шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх «акт тэрарызму» і «арганізацыя дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі».

  • Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 году. 26 сакавіка таго ж году ён увайшоў у склад Узброеных сілаў Украіны, а 21 траўня ён быў трансфармаваны ў полк імя Кастуся Каліноўскага.
  • У Беларусі па факце стварэньня палка Каліноўскага раней завялі крымінальную справу, яго прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Любая дапамога палку ці нават намер дапамагчы, а таксама жаданьне ўступіць у полк жорстка перасьледуюцца ўладамі.
  • 25 верасьня 2024 году Вярхоўны суд Беларусі прызнаў полк Каліноўскага «тэрарыстычнай арганізацыяй».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG